Міністэрства спорту перанакіравала скаргу ў аблвыканкам, адкуль і прыйшоў адказ на імя кіраўніка БСДП(Г) у Берасьці Ігара Маслоўскага.
«З адказу аблвыканкаму вынікае, што ўлады ня ўбачылі на форме сьцяга чужой краіны, а спалучэньне колераў тлумачаць дызайнам формы. Улічваючы нашы пажаданьні, абласны выканаўчы камітэт рэкамэндаваў кіраўніцтву дзяржаўнай установы „Хакейны клюб „Брэст““ улічваць варыянты спалучэньня колераў з акцэнтам на дзяржаўную сымболіку Рэспублікі Беларусь у наступных распрацоўках дызайну хакейнай формы. Мы спадзяёмся, што такой ганьбы для краіны мы больш ня ўбачым», — расказаў Ігар Маслоўскі.
Берасьцейскія сацыял-дэмакраты скардзіліся на хакейны клюб «Брэст» пасьля таго, як пабачылі, што на Калядным турніры ў Чэхіі берасьцейскія хакеісты выступілі ў форме, на якой меліся колеры расейскага сьцягу. У скарзе ў Міністэрства спорту сацыял-дэмакраты назвалі гэта ганьбай для краіны і запатрабавалі прыняць адпаведныя захады, каб падобная сытуацыя не паўтарылася.