Адказваючы на пытаньні журналістаў у Палаце прадстаўнікоў, Юры Сянько сказаў, што не бярэ на сябе адказнасьці сьцьвярджаць, вінаватыя ягоныя падначаленыя ці не. «Спадзяюся, што суд ва ўсім разьбярэцца і вэрдыкт будзе справядлівым», — зазначыў чыноўнік.
У канцы мінулага году ў судзе Партызанскага раёну Менску пачаўся працэс у справе супрацоўнікаў пункту пропуску «Каменны Лог» блізу Ашмянаў. На лаве падсудных — 11 асобаў, якім выстаўленае абвінавачаньне ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу).
Пяцёра абвінавачваных знаходзяцца пад вартай, астатнія — пад хатнім арыштам. Сярод абвінавачваных — беларускамоўны мытнік-краязнаўца з Астравеччыны Алесь Юркойць.
Увесну 2015 году спэцслужбы затрымалі вялікую групу ашмянскіх мытнікаў. Іх абвінавацілі ў карупцыі і хабарніцтве, арганізацыі наладжанай схемы па нявыплаце мытных плацяжоў. Сумы хабару складалі ад 250 да 3 тысяч даляраў. КДБ паведаміў, што па месцы жыхарства ўдзельнікаў групы канфіскавалі больш за 2 мільёны даляраў гатоўкай.
Паводле арт. 430 ч. 3 Крымінальнага кодэксу абвінавачваным пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.