Лукашэнка пахваліў Сі Цзіньпіна «не дзеля лісьлівасьці»

Аляксандар Лукашэнка (зьлева) і Сі Цзіньпін, архіўнае фота

У рамках форуму «Адзін пояс і адзін шлях», які завяршаецца ў Пэкіне, Аляксандар Лукашэнка сустрэўся са старшынём КНР Сі Цзіньпінам.

У часе размовы беларускі кіраўнік шмат хваліў кітайскага кіраўніка, а ягонае ўступнае слова перад пачаткам мерапрыемства назваў «самым яркім і самым магутным», якое ён пачуў за ўсе 20 гадоў зь лішкам гадоў свайго прэзыдэнцтва. «Самым яркім і самым магутным — я за 20 зь лішнім гадоў працы прэзыдэнтам такога ня бачыў — было ваша ўступнае слова. Мы ўзялі гэты выступ і прааналізуем яго дома. Гэта навука для любога кіраўніка дзяржавы. Гэта быў маштабны і вельмі канкрэтны выступ. Кажу не дзеля лісьлівасьці, бо гэта ня толькі мая думка», — цытуе Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

Лукашэнка адзначыў зьмястоўную форму форуму, ягоную маштабнасьць, яркую праграму для ўдзельнікаў, а таксама магчымасьць правядзеньня двухбаковых перамоваў. «Ніхто часу дарма не губляў», — падсумаваў ён.

«Тое маштабнае мерапрыемства, якое вы правялі, абмяркоўваецца ва ўсім сьвеце. Гэта вельмі магутны крок, а самае галоўнае, вы змаглі прыцягнуць да супрацы больш за 100 краінаў нашай плянэты. Мы ганарымся тым, што сталі першымі ў Эўропе і аднымі зь першых у сьвеце, хто ня проста падтрымаў ідэю „Аднаго поясу і аднаго шляху“, а распачаў рэалізацыю гэтага маштабнага праекту на тэрыторыі Беларусі».

«Вы сапраўды дарагі сябар нашай краіны. Напэўна, ужо няма ў Беларусі таго чалавека, які ня ведае пра нашы стасункі, пра нашы пэрспэктывы, пра вас як пра старшыню гэтай вялікай дзяржавы», — завяршыў сваю прамову Лукашэнка.

Прэсавая служба ўдакладняе, што ўпершыню Аляксандар Лукашэнка прыехаў у Кітай у якасьці кіраўніка дзяржавы ў 1995 годзе, а цяперашні яго візыт у КНР стаў дзясятым.

У паездцы на форум «Шаўковага шляху» яго суправаджаў малодшы сын Мікалай.