Папа Рымскі кананізуе дзяцей, якія «пабачылі Божую маці»

Папа Рымскі Францішак 13 траўня прылічыць да ліку сьвятых партугальскіх дзяцей Жасінту і Франсішку.

Як сьцьвярджае Каталіцкая царква, разам са старэйшай сястрой Люсіяй яны сталі сьведкамі зьяўленьня Багародзіцы ў партугальскім горадзе Фаціме роўна 100 гадоў таму. Цырымонія кананізацыі стане адной з цэнтральных падзей паездкі пантыфіка ў Партугалію.

Як сьцьвярджаецца, 13 траўня 1917 году блізу Фацімы дзецям зьявілася Багародзіца. Яна расказала ім пра будучую рэвалюцыю ў Расеі, пра заканчэньне Першай сусьветнай вайны, пра Другую сусьветную вайну, пра замах на Папу рымскага.

Каталіцкая царква афіцыйна прызнала гэтыя адкрыцьці цудам. Франсішку і Жасінта памерлі неўзабаве пасьля падзеі ад эпідэміі гішпанкі.

Бэатыфікацыя, якая папярэднічае кананізацыі, адбылася ў 2000 годзе пры Папе Яне Паўле II. Бэатыфікацыя Люсіі пачалася пасьля яе сьмерці ў 2005 годзе і пакуль што не завяршылася.

У гісторыі хрысьціянства зафіксавана больш за 20 тысяч сьведчаньняў зьяўленьня Багародзіцы людзям. Каталіцкая царква прызнала годнымі даверу 15 зь іх.