У кіеўскім каворкінгу Media Hub увечары 10 траўня адбылася прэзэнтацыя фільму «Забойства Паўла», у якім прадстаўленыя вынікі журналісцкага расьсьледаваньня забойства журналіста Паўла Шарамета.
Як паведамілі аўтары фільму, гэта толькі папярэднія вынікі: расьсьледаваньне працягваецца, але матэрыялу назьбіралася ўжо столькі, што трэба падзяліцца ім з грамадзкасьцю.
У цалкам запоўненай залі было шмат людзей, якія асабіста ведалі Шарамета: яшчэ год таму ён праводзіў лекцыі ў гэтым самым памяшканьні. Пасьля паказу было шмат пытаньняў да аўтараў фільму.
Журналіст Дзьмітро Гнап падкрэсьліў: гэты фільм — «перадусім ацэнка працы праваахоўных органаў, і гэтая ацэнка нездавальняючая».
Шмат цікавага не ўвайшло ў фільм: напрыклад, тое, як журналісты зьбіралі інфармацыю зь відэакамэраў у раёне забойства. Паводле іх, інфармацыю зь некаторых камэраў на лічбавых носьбітах цалкам зьнішчылі прадстаўнікі СБУ, яна ня трапіла нават у рукі Нацыянальнай паліцыі.
Таксама цікавая інфармацыя пра аднаго зь ключавых пэрсанажаў фільму — Ігара Ўсьціменку — не ўвайшла ў фільм. Справа ў тым, што ягоныя сваякі засталіся ў акупаваным Крыме, дзе да 2014-га ён працаваў у СБУ, а дачка вучыцца ў Санкт-Пецярбурзе і ўдзельнічае ў акцыях «Русской весны».
Цалкам магчыма, паводле аўтараў фільму, што Ўсьціменка быў чалавекам ФСБ у СБУ. Але паколькі давесьці гэта немагчыма, у фільм такая вэрсія не ўвайшла.
У канцы Гнап прыгадаў словы Шарамета: «Ты як цёплы вецер». Удзельнікі прагляду ўшанавалі памяць Паўла хвілінай маўчаньня.