«Супрацоўніка СБУ», які, паводле вэрсіі журналістаў, сачыў за Шараметам, звольнілі ў 2014-м

Месца гібелі Паўла Шарамета, Кіеў, 20 ліпеня 2016 году

У СБУ заяўляюць, што Ігар Усьціменка, які, паводле вэрсіі журналістаў «Слідство.Інфо», знаходзіўся каля дома журналіста Паўла Шарамета ў ноч перад яго забойствам, быў звольнены зь ведамства яшчэ ў красавіку 2014 году.

«Паведамляем, што Усьціменка Ігар Андрэевіч быў звольнены з СБ Украіны 29 красавіка 2014 году. Калі б журналісты зьвярнуліся да нас з запытам пра спадара Усьціменку не пасьля выхаду праграмы ў эфір, а да яе, магчыма, не было б пра што гаварыць ... » — напісала ў Facebook прэс-сакратар СБУ Алена Гітлянская.

Журналісты праекту «Слідство.Інфо» разам з прадстаўнікамі міжнароднай сеткі OCCRP 10 траўня прэзэнтавалі ў Кіеве дакумэнтальны фільм пра забойства журналіста Паўла Шарамета. Аўтары фільма-расьсьледаваньня «Забойства Паўла» заяўляюць, што ім удалося выкрыць дэталі, на якія афіцыйнае сьледзтва не зьвярнула ўвагі.

«Ці была гэта некампэтэнтнасьць, непрафэсіяналізм, або сьледчыя Нацыянальнай паліцыі, СБУ і Генпракуратуры банальна перагружаныя працай, справай Шарамета яны займаюцца „пастолькі-паколькі“, ці, магчыма, за гэтым стаіць пэўная палітычная воля, якая блякуе ход справы ў пэўным кірунку, — мы яшчэ ня ведаем», — заявіў Дзьмітро Гнап, адзін з аўтараў фільма.

Журналісты кажуць, што высьветлілі асобаў, якія ў ноч перад забойствам знаходзіліся каля дома, дзе пражываў Павал Шарамет. Паводле вэрсіі аўтараў фільма, гэтыя асобы могуць быць як сьведкамі, так і саўдзельнікамі падзеяў той ночы, аднак праваахоўнікі іх не дапытвалі.

У фільме называюцца імёны высьветленых асобаў, у прыватнасьці Ігара Усьціменкі. Са спасылкай на ўласныя крыніцы журналісты паказваюць на магчымае яго дачыненьне да Службы бясьпекі Ўкраіны.

«Як мы даведаліся, ён быў супрацоўнікам СБУ паводле стану на 2014 год. Як мы ведаем, у нас тады зьмянілася ўлада. Магчыма, гэта неяк зьвязана з ФСБ (Расеі — рэд.). Мы не змаглі далей дакапацца», — адзначыла Алена Логінава, суаўтарка фільма.

«Ён служыў у Крыме», — дадаў Дзьмітро Гнап.

Пацьверджаньня гэтай інфармацыі зь іншых крыніцаў няма.

Журналісты адзначаюць, што да выхаду фільма не раскрывалі выяўленых фактаў перад афіцыйным сьледзтвам, аднак зьвярталіся ў СБУ, Генпракуратуру і МУС з просьбай адказаць на пытаньне па справе Шарамета. Некаторыя звароты, па словах аўтараў фільма, засталіся без адказу, некаторыя — атрымалі адмову.

Аўтарамі фільма «Забойства Паўла» зьяўляюцца Ганна Бабінец, Алена Логінава, Дзьмітро Гнап, Улад Лаўроў. Рэжысэрам зьяўляецца амэрыканец Мэт Сарнэцкі.

Беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху аўтамабіля. Паліцыя кваліфікуе яго сьмерць як наўмыснае забойства, зьдзейсьненае спосабам, небясьпечным для жыцьця многіх людзей. Да расьсьледаваньня забойства па просьбе ўкраінскай улады далучылася Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША.