Генэральная пракуратура Беларусі чарговым разам адмовілася рэабілітаваць выдатную беларускую паэтку Ларысу Геніюш. Зварот у Генпракуратуру летась накіравалі актывісты «Моладзі БНФ». Ліст за подпісам пракурора аддзелу Клябанава дайшоў зь вялікай затрымкай. У ім ідзе спасылка на пастанову прэзыдыюму Вярхоўнага суду ад 24 лістапада 1999 году, якая была вынесеная на падставе заключэньня Генэральнай пракуратуры — «Геніюш Л.А. прызнана не падлягаючай рэабілітацыі».
— Чаму, на ваш погляд, Генпракуратура так настойвае на пастанове Вярхоўнага суду 1999 году і ня хоча яшчэ раз аб’ектыўна вярнуцца да разгляду пытаньня рэабілітацыі Ларысы Геніюш? Тым больш, быў не адзін зварот грамадзкасьці.
— Такіх зваротаў было чатыры. І на ўсе быў аднолькавы адмоўны адказ. Я прыватна размаўляў зь юрыстам з адной дзяржаўнай установы, дык ён вэрдыкт Генпракуратуры назваў недарэчнасьцю. Сапраўды, варта зірнуць на артыкулы 66 і 76 Крымінальнага кодэксу БССР, на падставе якіх у 1949 годзе Геніюш была асуджаная, каб пераканацца, што справа разглядаецца сёньня не ў юрыдычнай, а ў палітычнай плашчыні. Скажам, пад артыкул 66 падпадала «оказание каким бы то ни было способом помощи той части международной буржуазии, которая, не признавая равноправия коммунистической системы, стремится к её свержению». Ужо даўно «дапамога міжнароднай буржуазіі» перастала лічыцца ў Беларусі злачынствам. У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь і блізка няма падобных артыкулаў. Чаму ж Генпракуратура, як сьляпы плоту, трымаецца таго прысуду? Справу Геніюш, паводле маёй інфармацыі, браў на прагляд Аляксандар Лукашэнка. Ён аднойчы і па БТ выказаўся: «Я разобрался с трудной судьбой Ларисы Гениуш». Ну, відаць, супраць таго «разабраньня» і ня можа пайсьці Генпракуратура.
— Яшчэ за савецкім часам, у 1990-м, дзяржаўнае выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусьціла зборнік «Белы сон». То бок ускосна дзяржава прызнавала яе талент. Цяпер, атрымліваецца, толькі энтузіясты, грамадзкасьць папулярызуюць яе творчасьць, ушаноўваюць памяць?
— І ў незалежнай Беларусі ў дзяржаўных выдавецтвах выходзілі кнігі Геніюш, апошняя — «Гасьціна» — у 2000-м. На жаль — у моцна цэнзураваным выглядзе. Скажам, зь верша «Нішто так ня міла» выкрасьлена такое чатырохрадкоўе:
Нішто так ня міла, як родны наш сьцяг,
як нашы дзядоўскія гоні;
нішто так ня міла, як тое дзіця,
што сэрцам вітае Пагоню!
Скрозь у тых кнігах замест часта ўжыванага паэткай слова «крывіцкі» падстаўлена «бясстрашны», «магутны», «тутэйшы» і г.д.
Найбольш дакладныя тэксты Геніюш — у кнігазбораўскім томе і ў двухтомніку, які выйшаў на яе 100-я ўгодкі ў выдавецтве «Лімарыюс». Ужо сямнаццаць гадоў дзяржава не выдае Геніюш.
— Наколькі на радзіме ў Зэльве ведаюць, паважаюць, шануюць сваю славутую зямлячку?
— Ведаюць і шануюць. Каля зэльвенскай Сьвята-Троіцкай царквы ўсталяваны помнік паэтцы, дзе штогод адбываюцца Геніюшаўскія чытаньні, а ў самой царкве ўсталяваная мэмарыяльная шыльда і створаны невялічкі музэй паэткі.
Уладальнікі старой хаты Геніюш (яна прыватызаваная) дазволілі ўсталяваць памятную шыльду і на хаце. На жаль, правісела яна ўсяго чатыры дні. А потым прыйшоў галоўны зэльвенскі ідэоляг Кулікоў зь міліцыянтамі і зьняў яе. На маё пытаньне, чаму ён так зрабіў, адказаў: «Потому что Гениюш состояла в переписке с Гитлером». Вось такі ўзровень цяперашніх ідэолягаў...