Два гады ня быў у Вільні і так трапіць! Сапраўды падзея. Зь Менску штодня прыходзіць поўны цягнік. Моладзь на шпацыр і на каву выбіраецца, як і ў нашы студэнцкія часы, калі хадзіла «Чайка» да Таліна. Некаторыя ідуць у музэй у адбудаваным палацы вялікіх князёў літоўскіх. І хоць старадрукі дастаўленыя менавіта зь беларускай сталіцы, тут зь іх зрабілі падзею. Прынамсі звонку досыць заўважную. Вялікі білборд з партрэтам Скарыны паведамляе аб ёй зьлева ад брамы. Другі — пад брамай. Такія ж ёсьць у самім палацы. Унутры чакае таксама добра аформлены буклет. Ня ведаю, ці былі, скажам, на ангельскай, мне трапіўся толькі на літоўскай. Што, урэшце, наогул добра. Няхай літоўцы самі болей даведаюцца аб тым, хто друкаваў кнігі ў Вільні. Тэкст, здаецца, падрабязны і цікавы.
Выданьні Францішка Скарыны выстаўленыя ў залі зь вялікім габэленам зь гістарычным сюжэтам. Ёсьць два сярэднявечныя абразы крыцка-вэнэцыянскай школы, абразы царкоўныя. У папярэдняй залі баявыя мячы і рыцарскія латы. А перад дзьвярыма славутая гравюра Горадні аўтарства Цюндта.
Самі кніжкі ў шкляным кубе. «Малая падарожная» сапраўды нечакана невялікая, менавіта кішэннага памеру. З супрацьлеглага боку «Кніга Іова», абедзьве разгорнутыя. Побач можна прагартаць электронную копію. Скарыну такога не магло й прысьніцца.
Выстава называецца «Шляхамі Скарыны зь «Белгазпрамбанкам». Ёсьць таксама іншыя арганізатары зь Беларусі плюс амбасада ў Вільні.
Музэй ня месца для мноства думак. Ня будзеш стаяць перад вітрынай і разважаць. Але перажываеш падзею ў наступны час. Разумееш, што варта было б наведаць Вільню толькі дзеля аднаго гэтага. Калі ты сябе залічваеш да людзей, для каго шмат значыць асоба Скарыны і паўтысячы год першай кнізе, якую ён надрукаваў для нашых продкаў, ты ставісься да яго вырабаў як да рэліквій.
Прыгадваецца свая рэцэнзія на спэктакль пра біблію Мікалая Радзівіла Чорнага. У спэктаклі прысутнічае і біблія скарынаўская. Я напісаў тады пад заслону, што сёньня зноў перавыдаецца спадчына Францішка Скарыны. І яна цяпер зусім ня тое, чым была пры Мікалаю Радзівілу Чорным, проста літаратурны помнік. Апошнія словы чамусьці закранулі кагосьці з зацікаўленых асобаў і ён пакінуў пакрыўджаны камэнтар. Што, біблія ўжо для беларусаў стала, значыць, ня больш за «помнік»?
Я ня ведаў, што адказаць. Што скарынаўская — літаратурны помнік — гэта відавочна. Хіба гэта можна аспрэчыць? Хто-небудзь карыстаецца ёю сёньня? Ці гэта магчыма? А тое, што яна літаратурны помнік, якому пяцьсот год — гэта выдатны факт. А што да бібліі ў нашы дні, ці трэба даказваць, што ў вернікаў — выданьне даволі запатрабаванае?
Падумалася яшчэ, што Скарына не сталічнік. Не хачу пакрыўдзіць сваіх сяброў, гарачых аматараў Полацку, паходзіў ён з правінцыі. У нас сёньня, калі грамадзкасьць (ня толькі афіцыйныя ўстановы) таксама адзначае «пяцісотгоднасьць», правінцыя пад увагу не бярэцца. «Будзьма» заплянавала дэсант сталічных літаратараў. У Горадню таксама. Хаця імёны некаторых мала што могуць гаварыць чытачам гарадзенскім. Галоўнае: няясна, чым кіраваліся арганізатары? І чаму няма адваротнага руху: чаму «Будзьма» не запрашае літаратараў з правінцыі ў сталіцу? Напрыклад, мы маем свой альманах «Новы Замак», выйшла пяць нумароў, пад тысячу дзьвесьце старонак. Хіба гэта ня важна, не цікава ў юбілейны год скарынаўскай кнігі?
Ня кажучы, цікавей было б сабраць тых аўтараў, хто так ці інакш закранаў адпаведную тэму. А такія ёсьць. Дый, між іншым, і мая апошняя кніга пачынаецца першадрукарскай аповесьцю. Што праўда, яна называецца «Гутэнбэрг». Год мінуў, ніхто не адгукнуўся. Выходзіць, трэба выйсьці з плякатам да Леніна, каб аштрафавалі, тады зьвернуць увагу, тая ж «Будзьма». Ну й часы, даражэнькі першадрукар!
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.