Калісьці і ў мяне было сьвята 9 траўня. Я памятаю, калі я была маленькай, абавязкова ў Менск прыяжджаў мой дзед з Кіраўску Магілёўскай вобласьці. Часам мы разам хадзілі на парад. Часам ён ішоў туды адзін, а потым мы гулялі ў парку альбо хадзілі на дзіцячую чыгунку.
Дзед быў да немагчымасьці прыгожа белы ад сівізны!
Памятаю, як я малая гарэзіла ў дзеда на каленях і даставала яго пытаньнем, чаму ў яго такія белыя валасы? Дзед быў да немагчымасьці прыгожа белы ад сівізны! А дзед, загадкава ўсьміхаючыся, адказваў: «Дык жбан сьмятаны неяк на галаву выліў! І з тых часоў такі белы і хаджу».
Сьмешна было мне. Добры быў дзед. Вельмі любіў атлясы разглядаць, мапы. Мог так гадзінамі бавіць свой час у нас.
Я памятаю апошні парад майго дзеда Мішы, на які ён прыйшоў. Ён чакаў запрашэньня ў паштовую скрыню, дзе сам прэзыдэнт запросіць яго, вэтэрана, наведаць Сьвята. У той год запрашэньня не было. Мы сьпісалі гэта на тое, што дзед час ад часу мяняў месца жыхарства — жыў у сваіх дзяцей у розных кутках Беларусі. Раптам запрашэньне згубілася паміж адрасамі. Мой тата ўсё ж неяк здабыў запрашэньне на сядзячыя месцы падчас параду, бо век і здароўе дзеда іншага не дазваляла. Але здарылася неспадзяванка — з-за перакрытых вуліц дзед з татам спазьніліся. Таму яны ўперліся ў кардон міліцыі непадалёк ад мерапрыемства. Тата паказваў і вэтэранскае дзедаўскае пасьведчаньне, і запрашэньне, і мэдалі. Але рашэньне патруля было адназначнае: не паложана.
Гэта быў дзедаў апошні парад.
Дзед тады ня трапіў на сьвята. Разгледзець нешта праз ачапленьне было немагчыма, і сэнсу стаяць ў тую сьпёку болей не было. Абураны тата і расстроены дзед вярнуліся дахаты. Гэта быў дзедаў апошні парад. Прыяжджаць у Менск на 9 траўня больш ён не пажадаў.
Мне тады было гадоў 15-16. І я дакладна памятаю, што пасьля таго параду я вырашыла канчаткова, што гэта сьвята не маё, а іхнае. Гэта ня дзедава сьвята. Гэта сьвята тых, хто стварыў на яго глебе сваю рэальнасьць, сваю ўладу, сваю ідэалёгію.
А дзеда ня стала тады, калі я, ягоная ўнучка, сядзела ў «Амэрыканцы». Унучка дзеда, за чыю перамогу п’юць яны сёньня з плястмасавых кубачкаў пад расейскую папсу.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.