Увечары 5 траўня віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава затрымалі супрацоўнікі РАУС Сеньненскага раёну. Гэта адбылося каля 19-й гадзіны на лецішчы ў брата, апавёў Левінаў:
«Калі прыехала міліцыя, то высьветлілася, што мясцовыя супрацоўнікі маюць загад адвесьці мяне ў Багушэўск і перадаць супрацоўнікам віцебскай міліцыі. Каб ужо тыя пад вартай даставілі мяне ў Ізалятар часовага ўтрыманьня адбываць прысуджаны 15-суткавы арышт. Я маю накіраваньне ў шпіталь на 10 траўня, і 11-га мусіць адбыцца плянавае хірургічнае ўмяшальніцтва, якога вымагае стан майго здароўя. Але тлумачыць гэта супрацоўнікам- шарагоўцам было безвынікова. Давялося ехаць зь імі».
Адміністрацыйным арыштам працягласьцю 15 сутак судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Іна Грабоўская пакарала праваабаронцу нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях 25 і 26 сакавіка. Павал Левінаў спрабаваў давесьці, што ён ажыцьцяўляе маніторынг па накіраваньні Беларускага Хэльсынскага камітэту як праваабаронца. Аднак гэтыя аргумэнты прынятыя не былі: суд пастанавіў пакараць Паўла Левінава арыштам, гэтаксама як і праваабаронцаў, журналістаў Леаніда Сьвеціка і Канстанціна Мардзьвінцава. Абскардзіць рашэньне райсуду не ўдалося, адно што абласны суд скараціў праваабаронцу тэрмін знаходжаньня пад арыштам на 10 гадзін. У адбыўку арышту быў улічаны час пасьля затрыманьня ў 13:10 да 23:20, пакуль Левінава не забрала з ІЧУ хуткая дапамога.
Праваабаронца скардзіўся на здароўе, лекары дыягнаставалі ў яго гіпэртанічны крыз. Сталася так, што ўчора ў ізалятары дзяжурылі тыя самыя супрацоўнікі, што і 26 сакавіка, апавёў брат Паўла, Андрэй Левінаў:
«Брата прывезьлі ў ІЧУ, ён паказаў накіраваньне на шпіталізацыю, і дзяжурныя супрацоўнікі адмовіліся браць на сябе адказнасьць за ягонае здароўе. Выклікалі хуткую дапамогу, і каля 1-й ночы Паўла адвезьлі ў шпіталь — дарэчы, у той самы, куды ён трапіў паўтара месяца таму. Паклалі ў кардыялягічнае аддзяленьне».
Павал Левінаў даглядае 80-гадовую нямоглую маці. А таму прасіў судзьдзю Іну Грабоўскую, каб яна дазволіла растэрмінаваць адбыцьцё арышту на некалькі частак, каб не пакідаць яе больш як на два тыдні. Але растэрміноўкі яму не далі.
Паводле праваабаронцы, уночы яму паставілі кропельніцу, і цяпер ён пачуваецца лепей у параўнаньні з учорашнім. Ён не бярэцца прадказаць, ці ня будзе загаду забраць яго ў ІЧУ проста з палаты.