Міністар Шуневіч пра сытуацыю ў крычаўскай міліцыі: «Выяўлена парушэньне дысцыпліны»

Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч

Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч дапусьціў, што супрацоўнік Крычаўскага райаддзелу міліцыі, які паскардзіўся на сваё начальства, будзе звольнены з органаў унутраных спраў.

Паводле распаўсюджанай БелТА інфармацыі, прычына звальненьня міліцыянта, імя якога не называецца, — «дыскрэдытацыя міліцыі».

БелТА са спасылкай на Шуневіча паведамляе, што прызначылі службовую праверку факту распаўсюду інфармацыі ў СМІ з парушэньнямі патрабаваньняў унутраных нарматыўна-прававых актаў МУС. І калі праверка выявіць віну скаржніка, то ён будзе звольнены з улікам наяўнасьці ў яго дысцыплінарнага спагнаньня.

Ігар Шуневіч таксама адзначыў, што Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі завяршыла папярэднюю службовую праверку.

«У выніку намі ўстаноўлена парушэньне дысцыпліны і ведамасных нарматыўных актаў як з боку кіраўніцтва райаддзелу, так і з боку скаржніка, які зьяўляецца фігурантам праверкі. У выніку абодва прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці», — цытуе БелТА міністра ўнутраных спраў.

Паводле Шуневіча, «сытуацыя ўзятая пад кантроль, матэрыялы першай праверкі выдзеленыя ў асобную справу і накіраваныя ў падразьдзяленьне Сьледчага камітэту для дачы прававой ацэнкі».

Міністар настойвае, што агульны маральна-псыхалягічны клімат у Крычаўскім РАУС дастаткова спакойны, узважаны і працоўны. «Сытуацыя лякалізаваная», — сьцьвярджае Ігар Шуневіч.

Тым часам ініцыятар звароту да міністра падпалкоўнік Ігар Вусік кажа, што пачалася працэдура ягонага звальненьня.

«Ад сёньня (4 траўня. — РС) лічыцца, што не працую, і цягам некалькіх дзён фармальнасьці будуць завершаныя. Фактычна мне давялося напісаць заяву аб звальненьні, а намесьнік начальніка РУУС Ціханенка і начальнік Чупрын працягваюць працаваць, нібыта нічога не было. Вось пакуль такі вынік нашай скаргі», — паведаміў Свабодзе Ігар Вусік.

У лісьце 11 супрацоўнікаў Крычаўскага РАУС вінавацілі начальніка райаддзелу Станіслава Чупрына і яго намесьніка Васіля Ціханенку ў незаконных дзеяньнях. Скардзіліся, што кіраўніцтва патрабуе дзяліцца прэміямі, неабгрунтавана пераводзіць на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы, зьняважліва паводзіць сябе з падначаленымі.