Старыя словы ў новым часе

Прафэсар Андрэй Ільніцкі.

Гэты невялікі тэкст мяне, лекара, падштурхнула напісаць прачытанае апошнім часам у сацыяльных сетках і на нешматлікіх беларускіх асьветніцкіх сайтах пра «здаровы лад жыцьця».

Само гэтае словазлучэньне даўно набіла аскоміну, бо асацыюецца з банальнасьцямі кшталту «кропля нікатыну забівае каня». Пішучы тут раней пра станоўчыя і адмоўныя бакі беларускай сыстэмы аховы здароўя, я спрабаваў паказаць, што яна захавала ўсе асноўныя рысы савецкага часу. Гэта ня добра і ня дрэнна, гэта проста адпавядае настроям беларускага грамадзтва, якое пакуль знаходзіцца пераважна ў палоне старых савецкіх уяўленьняў. І гэта цалкам тычыцца кіраваньня сваім здароўем.

У «Фэйсбуку» многія пішуць: «Я ніколі ня вёў здаровы лад жыцьця і не лічу павінным пачынаць», «жыву як Бог дасьць і ня трэба ўмешвацца», «курыў і буду працягваць — мой дзед курыў усё жыцьцё, пражыў да 95 гадоў і памёр здаровым», «гімнастыку раніцай не рабіў і рабіць ня буду, бо лянота» і так далей. І ўсе маюць рацыю — кожны можа жыць так, як хоча.

Але само словазлучэньне «здаровы лад жыцьця» у сучаснай мэдыцыне не выкарыстоўваецца, бо пачаць яго весьці ў савецкім уяўленьні — раптам кінуць піць, курыць і пачаць бегаць штодня рэальна могуць — паводле навуковых дадзеных, могуць толькi 10% людзей, ня болей. Сёньня ў сьвеце кажуць пра health promotion, а мы ў нашым грамадзтве настолькі дрэнна гэтым займаемся, што няма добрага, акадэмічнага перакладу гэтага тэрміну на беларускую мову. Можна сказаць, што гэта «інфармаваньне і прасоўваньне здароўя для кожнага».

Маё тлумачэньне, што яна проста не зразумее сутнасьці, бо гэта для лекараў, якія маюць вельмi спэцыяльныя веды, да посьпеху не прывялі, і я быў зьвінавачаны ў адсутнасьці павагі да яе. Перапіска скончылася тым, што мая візаві мяне забаніла, перад гэтым паведаміўшы, што ... «і яна ўрач»

Каб быць зразуметым, прывяду два прыклады. У «Фэйсбуку» адна добрая і разумная студэнтка-філёляг спытала ў мяне наконт майго ўражаньня ад спэцыяльнага артыкулу ў галіне гінэкалёгіі, які яна знайшла ў англамоўным мэдыцынскім часопісе і даслала мне. Я, лекар, прафэсар, ёй зьмястоўна адказаў, але яна стала патрабаваць «навуковай» дыскусіі (студэнтка-філёляг мае намер дыскутаваць на мэдычныя тэмы на прафэсiйным узроўні зь лекарам-прафэсарам!) і спасылак на спэцыяльныя мэдычныя крыніцы. Маё тлумачэньне, што яна проста не зразумее сутнасьці, бо гэта для лекараў, якія маюць вельмi спэцыяльныя веды, да посьпеху не прывялі, і я быў зьвінавачаны ў адсутнасьці павагі да яе. Перапіска скончылася тым, што мая візаві мяне забаніла, перад гэтым паведаміўшы, што ... «і яна ўрач». Дарэчы, гэтага шмат у Сеціве — «я столькі хварэў, што напалову лекар», «я вырас у сям’і лекараў і па медычных пытаньнях цудоўна вас зразумею, бо такія размовы чуў зь дзяцінства, сам ужо як лекар», «я біёляг па адукацыі, таму лекар на траціну». Гэта зьява нашага часу — у Інтэрнэце кожны зьяўляецца знаўцам, кожны — «лекар», на першым пляне знаходзяцца эмоцыі, а не абгрунтаваная экспэртная думка. Але для такіх людзей, як гэтая студэнтка, сапраўды, патрэбны свой падыход — высокі, інтэлектуальны узровень размовы пра здароўе і як яго захаваць, але гэта размова ня можа быць з абодвух бакоў прафэсiйна мэдыцынскай.

Іншы прыклад. Я ня так даўно выступаў па радыё і мяне папрасілі распавесьці ў двух словах пра тое, як трэба правільна харчавацца, каб захаваць памяць. Два словы — гэта лёзунгі. Ну вось прышлося сказаць, што «тое, што добра для сэрца — добра для мозга», бо ў аснове хвароб і таго, і таго — атэрасклероз. А каб яго пазьбегнуць трэба «кожны дзень есьці тры яблыкі, калі іх ня зьеў — дзень з пункту гледжаньня захаваньня здароўя пражыты дарэмна». Каб вы ведалі, колькі было пытаньняў па wattsapp: «а калі яны нітратныя», «ці здымаць зь іх скурку», «есьці цёртымі або цалкам» і г.д. Гэта таксама свая мова зносiн — мова простага чалавека, напрыклад, пажылой жанчыны, якая ідзе ў краму і думае, што ёй купіць на яе маленькую пэнсію. І гэта яе ўзровень прасоўваньня здароўя. Ёй не патрэбныя папулярныя веды пра мэханізмы пашкоджаньня сасудзістай сьценкі і фармаваньня атэрасклерозу, што, канешне, захацелася б гераіні першага прыкладу. Гэта значыць — для кожнага павінен быць свой эфэктыўны падыход.

Фармаваньне здаровага жыцьця — гэта інфармаваньне і пэўнае выхаваньне ў сэнсе здароўя кожнага на яго мове

Што я хачу гэтым сказаць? Фармаваньне здаровага жыцьця — гэта інфармаваньне і пэўнае выхаваньне ў сэнсе здароўя кожнага на яго мове: для адных — што купляць на вячэру, ці дастатковы аб’ем руху падчас выгульваньня сабакі, колькі і якіх алькагольных напояў можна піць, каб было бясьпечна для мозгу, сэрца і пячонкі; для іншых — як правільна мяняць «судно» пад хворым; яшчэ для некага — якая гімнастыка павінна быць пры паралічы пасьля інсульту, што азначае пешая палюцыя, колькі разоў на год можна ўводзіць ботэкс у скуру твару, як аднавіцца ва ўмовах пастаяннай працы ў начны час — карацей, кожнаму сваё.

Ну а што мы маем? У паліклініках і шпіталях на сьценах вісяць плякаты, якія ніхто даўно не чытае; на адукацыйных сайтах часта вядомыя людзі, зусім не спэцыялісты, распавядаюць пра інсульт і іншыя хваробы і як іх прадухіліць; вельмі паважаныя лекары называюць свае папулярныя артыкулы кшталту «чыстка арганізму», а мова артыкулу — як лекцыя на курсах павышэньня кваліфікацыі лекараў зь вялікім вопытам, перасычаная тэрмінамі і вузкімі спэцыяльнымі ведамі. У нашых шпіталях і паліклініках амаль няма акаўнтаў у сацыяльных сетках з сучасным узроўнем інфармаваньня пра здароўе, у мэдыцынскіх навучальных установах вывучаюць групу дысцыплін «фармаваньне здаровага ладу жыцьця» на ўзроўні 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Гэта ўсё — мова прайшоўшага жыцьця. І гэта пры тым, што за мяжой існуюць шматлікія факультэты health promotion. Мабыць таму ідзеш у Эўропе ў краму і цішком, празь цікавасьць, як жывуць людзі, назіраеш хто што купляе — ва ўсіх на першым месцы садавіна, гародніна, тыя самыя «тры яблыкі», бо людзі на падсьвядомасьці праз health promotion ведаюць, што «чатырыста грамаў жоўтага, чырвонага, зялёнага, сіняга хрусткага» добра і для сэрца, і для мозга, і для сасудаў.

Канечне, зь цягам часу і ў Беларусі зьявяцца спэцыяльныя праграмы па прасоўваньню здароўя. Хоць ня хутка, празь некалькі пакаленьняў, але культура кіраваньня сваім здароўем укараніцца. Толькі жывем мы тут і цяпер, але нібыта сьпім і замест рэальнасьці бачым сны.

Хоць ня хутка, празь некалькі пакаленьняў, але культура кіраваньня сваім здароўем укараніцца. Толькі жывем мы тут і цяпер, але нібыта сьпім і замест рэальнасьці бачым сны

На ніводзін выклік сучаснай цывілізацыі ў нашым грамадзтве няма ніводнага цямнага адказу. Я маю на ўвазе здароўе. Уплыў чалавека на кволую прыроду (а чалавек яе частка) — не абмяркоўваем. Не абмяркоўваем як сьлед ні чарнобыльскую праблему, ні мэліярацыю 70-х гадоў, якая зьмяніла экасыстэму вялікай колькасьці рэгіёнаў. А чалавек у іх жыве, і зьменены стан прыроды адбіваецца на здароўі. Выклікі ўрбанізацыі: беларуская вёска пераехала ў горад, а гарады імкнуцца ў Менск, і гэты працэс працягваецца. А якасьць мэдычнай дапамогі пазасталым жыхарам вёскі — гэта вельмі вялікая праблема, якая патрабуе асобнай размовы.

І вось новы выклік — інфармацыйны, на галаву сучаснага чалавека абрынаюцца тоны інфармацыі, у тым ліку па здароўі. А як у ёй разабрацца, як зрабіць правільны выбар, каб не падманулі, проста каб фізычна захавацца ў сьвеце прапаноў лекаў, БАДаў, прыстасаваньняў, парад? Бо прапаноўваюць іх вельмі мудрагеліста, быццам бы экспэрты, новымі словамі і ў новых інфармацыйных умовах. І няма ў сучаснага беларускага чалавека сур’ёзнай абароны перад гэтым, ён сам-насам з адкрытым сьветам без належнай адукацыі пра захаваньне здароўя. Бо ... «здаровы лад жыцьця» ... «кропля нікатыну» ... «конь». Старыя словы застаюцца ў новым часе...

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.