Андрэй Стрыжак — актывіст прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці. Яму завочна прысудзілі 10 сутак адміністратыўнага арышту за «несанкцыянаваны мітынг» — стыхійны сход на ганку суду Цэнтральнага раёну ў Гомлі 21 лютага.
Затрымалі Андрэя Стрыжака 14 красавіка пасьля перасячэньня літоўска-беларускай мяжы, калі ён вяртаўся з замежнай камандзіроўкі. Але неўзабаве вызвалілі.
Андрэй Стрыжак сам мусіў зьвяртацца ў суд, каб адправілі адбываць адміністратыўныя «суткі».
«У плянах на будучыню — далей працаваць у галіне абароны правоў чалавека, абароны правоў працоўных. Я яшчэ не да канца ў інфармацыйным кантэксьце, але, наколькі разумею, у парлямэнце нейкія ёсьць зрухі па дэкрэце № 3 („пра дармаедаў“. — РС). Буду вывучаць сытуацыю і працаваць далей», — сказаў Свабодзе Андрэй Стрыжак.