Менгарвыканкам дазволіў правядзеньне мітынгу 1 траўня на сцэнічнай пляцоўцы парку Дружбы народаў. Але адмовіў у правядзеньні шэсьця ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор.
Пра гэта паведаміў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.
Удзельнікам мітынгу дазволена сабрацца ў парку Дружбы народаў з 17.00 да 17.30. Мітынг на сцэнічнай пляцоўцы парку Дружбы народаў пройдзе з 17.30 да 19.30 пры агульнай колькасьці ўдзельнікаў да 2 тысяч.
«Мы зьбіраемся высьвятляць у Менгарвыканкаме абгрунтаванасьць адмовы БКДП у шэсьці. Гарадзкія ўлады павінны даць адказ, хто яшчэ, акрамя нас, 1 траўня мае намер праводзіць масавае мерапрыемства з 16.00 да 17.00 па маршруце Акадэмія навук — плошча Бангалор», — напісаў Ярашук у фэйсбуку.
28 красавіка аргкамітэт акцыі прыме канчатковае рашэньне наконт правядзеньня Марша салідарнасьці і ягонага фармату.
У аргкамітэт «Марша салідарнасьці» ўваходзяць прадстаўнікі БКДП, Абʼяднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», руху «За свабоду», арганізацыйных камітэтаў па стварэньні партыі БХД, Партыі працоўных і Беларускай жаночай партыі «Надзея».