18 красавіка судзьдзя Мазырскага раённага суду Сяргей Алёхін пакараў тутэйшага пэнсіянэра Мікалая Новіка адміністрацыйным 15-суткавым арыштам за наклейваньне адной улёткі пра акцыю пратэсту «недармаедаў».
Гэта найбольш жорсткае пакараньне, якое выносілі мясцовыя судзьдзі за сакавіцкія сходы грамадзян у Мазыры на цэнтральнай плошчы 18 і 26 сакавіка.
«На мяне данесла ў міліцыю, — кажа пэнсіянэр Новік, — дырэктарка СШ № 2 Алена Піліпончык, былая супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму. Яна бачыла, што на прыпынку грамадзкага транспарту каля чыгуначнага вакзалу я прыклеіў улётку пра сход недармаедаў 26 сакавіка. І паведаміла ў міліцыю. Як аказалася, міліцыянты прыяжджалі, фатаграфавалі гэтую абвестку, а пасьля склалі на мяне адміністрацыйны пратакол. І вось сёньня я атрымаў 15 сутак арышту — найстражэйшае пакараньне за сакавіцкія акцыі пратэсту».
Прысутны на судзе грамадзкі назіральнік Дзяніс Рабянок з Калінкавічаў кажа:
«Як настаўнік я проста абураны да глыбіні душы ўчынкам дырэктаркі. Яна паклікана сеяць добрае, вечнае, разумнае. І ў той жа час не дапускае, што і Мікалай Новік, і ўсе астатнія гараджане маюць права на распаўсюд інфармацыі, на адстойваньне сваіх правоў мірным шляхам. Гэта канстытуцыйнае права людзей, якое нахабным чынам у нас абмяжоўваецца».
Раней Мазырскі раённы суд за выхад на плошчу 18 сакавіка пакараў гараджанаў Алега Шаўко і Аляксандра Барысенку 10-суткавымі арыштамі, а інваліда Рыгора Крывіцкага за ўдзел у мірным сходзе 26 сакавіка — штрафам у памеры 460 рублёў.