Давыда Гарадзенскага заказалі. ФОТЫ

Сяргей Астраўцоў

У Горадні паставяць помнік кашталяну замка, вядомаму з гісторыі як Давыд Гарадзенскі. Для ўвасабленьня абраная праца менскага аўтара Сяргея Аганава. Конкурс праводзіў гарвыканкам, цягам сакавіка паступілі трынаццаць узораў.

Большасьць работ мелі на ўвазе бронзу, гэты — камень. Але трэба абавязкова сказаць, што ён і звонку выглядаў адметна. Праект Аганава. Іншым, адрозным. Астатнія аўтары заняліся лепкай княскай постаці. Згодна ўмовам конкурсу. Хтосьці на пастамэнт паставіў, хтосьці так. У адным разе меч узьняты, у іншым апушчаны. Ёсьць і бронзавы вершнік. Бадай крыху нагадвае статую быліннага героя, але хутчэй канём нават, бо сам вершнік выкананы даволі цікава, запамінальна.

Праект помніка Давыду Гарадзенскаму ў Горадні, які перамог у конкурсе, аўтар — Сяргей Аганаў з Менску

Але адносна невялікая трохкутная пляцоўка, дзе будзе помнік, ня вытрымала б такой аб’ёмнай статуі. Ня кажучы, конная — рэч, як нам заўсёды кажуць, вельмі дарагая. Для нашай небагатай рэспублікі. Што кіравала аўтарам бронзавага вершніка? Магчыма, ён палічыў, што стыль канца ХІХ стагодзьдзя, які нагадвае праца, будзе спалучацца з пажарнай вежай насупраць, спраектаванай прыблізна ў той жа час. Але бадай конная статуя не ўпісалася б у гарадзкі ляндшафт. Хіба што ў зьменшаным выглядзе.

Аўтар іншага праекту паставіў побач з князем бронзавага аленя. Як намёк на герб. Выглядае, гэта не гарадзенскі чалавек. (Хаця выкарыстаньне гарадзкой сымболікі, вядома, ва ўмовах конкурсу было прапісана). Давыд не праславіўся такім аматарам паляваньня, як той жа кароль Стэфан Баторы. Ён застаўся ў гісторыі зусім іншым, ваяваньнем крыжакаў. Далей: алень трапіў у герб Горадні значна пазьней, Давыд аб гэтым нічога ня ведаў. Апошняе: у гербе алень сьвятога Губэрта, а Губэрт — сьвяты каталіцкі. Не зусім спалучаецца з «абаронцам праваслаўнай веры».

У пэўным сэнсе цікавейшай выглядала праца, у якой скульптар вельмі творча падышоў да адной умовы, прапанаванай удзельнікам: адлюстраваць «сымбалі веры», якія абараняў князь-герой. За сьпінай статуі ажурная канструкцыя, часткова з крыжоў, якая нагадвае гатычную арку, адсылае ў думках да храма. У руках — шчыт і меч, апушчаныя долу.

Пляншэты з выявай будучага помніка, падрыхтаваныя аўтарам

Вершнік, які перамог у конкурсе, гэта па сутнасьці ня конная статуя, выразаная з каменю, гэта хутчэй скульптура на мяжы барэльефу і гарэльефу. Хутчэй плоскі, чым аб’ёмны помнік. Так гэта выглядае для мяне, звычайнага гараджаніна. Пад чэравам каня пазначаныя брама, вежа, ня ведаю, ці гарадзенскія. Але цьвержа. Ну што ж, вобраз цалкам прыдатны. Кашталян па-над замкам, нібы той славуты Ўсяслаў Чарадзей, што гойсаў над гарадзкімі мурамі.

Чыста эмацыйна мне гэты праект нагадаў чымсьці вокладку папірос «Казьбек», што стаялі ў шапіках у савецкія часы.

Мне таксама здаецца, гэты каменны помнік будзе нагадваць шахматную фігуру. Што да таго, наколькі ён нагадвае іншыя аб’екты ў горадзе, то адказу знайсьці адразу не атрымліваецца. Хіба што ён будзе мець наступнае падабенства: у Калоскім парку ёсьць група выразаных з каменю работ, якія адсылаюць да часоў прыблізна Давыда Гарадзенскага. Паявіліся яны ня так даўно пасьля скульптурнага пленэру, што адбыўся ў горадзе. Ня выключана, што менавіта ў парку праца, што перамагла, таксама выглядала б найлепей.

Мне нават хацелася сказаць: на фоне самой Каложы. Але мае словы ў гарвыканкаме апярэдзілі, сказаўшы — а вось побач з Калоскай царквой, дзе ўжо ёсьць мэмарыяльны камень з прысьвячэньнем Гарадзенскаму, помнік ставіць было б не да месца, нейк некарэктна нават. І я адчуў, што гэта ўзважаныя словы, і пагадзіўся.

Месца на скрыжаваньні вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага, дзе плянуецца ўсталяваць помнік

Гарадзкі ляндшафт — рэч вельмі далікатная, я б нават сказаў — крохкая. Тая частка, дзе захавалася гістарычная забудова. Мне думалася, што нават калі сама па сабе праца камісіі спадабалася, месцу прывязкі яна бадай адпавядае ня вельмі. Ва ўсякім разе, не ідэальна. Але калі я ўбачыў на свае вочы макет, пляншэт з выявай, маё меркаваньне стала зьмяняцца.

Праект Аганава, што для мяне стала відавочным, напраўду прыцягнуў увагу тым, што быў нестандартны. Іншыя аўтары трымаліся чым мацней тэксту ўмоваў конкурсу. Аганаў зважаў толькі на сутнасьць патрабаваньняў і прыдумаў крэатыўны крок.

Мне сказалі ў гарвыканкаме, што ў астатніх праектах была проста фігура князя, што не выклікала вялікай цікавасьці. Я запытаўся: можа ўлічвалася яшчэ, што адліўка з бронзы абыдзецца даражэй, чым каменны помнік? Не, адказалі мне. Вялікая праца з граніту, наадварот, можа каштаваць даражэй. Але грошы будуць не зь бюджэту, ёсьць спонсар, таму камісію цікавілі менавіта мастацкія якасьці.

Сяргей Аганаў стварыў адпаведны вобраз, у скульптуры ёсьць дух, гэта сапраўды ваяр-сьцяна. І ў горадзе паявіцца сапраўдны манумэнт, таму камісія спыніла выбар на яго працы. І зараз трэба дапрацаваць свой праект. Перш яму дадуць мясцовага архітэктара, паколькі гарадзкое асяродзьдзе ў Менску і ў Горадні мае розны маштаб. І гэта трэба адчуваць. На пляншэце якраз заўважна, што сталічны скульптар зрабіў памер помніка такім, што ён выглядае на скрыжаваньні вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага занадта вялікім.

Будуць яшчэ таксама «вывярацца вобразы», адлюстраваныя аўтарам, але сам падыход — што гэта будзе гранітны манумэнт, не выклікае сумневу ў Горадні. Аднак эскізны праект будзе яшчэ ўзгадняцца з рэспубліканскай экспэртна-мастацкай радай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.