«Хрыстос Васкрос!... Неўгамонна
Плыве па нівах, пушчах клік,
Плыве адна сьвятая думка
З канца ў канец, як сьвет вялік».
Янка Купала
Дарагія браты й сёстры ў Хрысьце!
Кожны год урачыста сьвяткуем галоўнае хрысьціянскае сьвята — Уваскрасеньне Хрыстова. Але далёка ня кожны хрысьціянін заглыбляецца ў тайну выкупленьня Сынам Божым усяго чалавецтва, у Ягоную перамогу над сьмерцю. Людзям, як зямным істотам, цяжка зразумець, а многім і паверыць у цуды, у якіх яны самі не былі ўдзельнікамі ці сьведкамі, не адчулі іх на сабе. Цяжка думкаю акунуцца ў той далёкі час, калі жыў на зямлі Ісус Хрыстос. Але можам і цяпер, у сваім жыцьці, убачыць людзей, падзеі і цуды, падобныя да тых, што адбываліся дзьве тысячы гадоў таму на Сьвятой зямлі.
Сёньня таксама навокал нас жывуць падобныя пэрсанажы. Маем цара Ірада, які паводзіцца як акупант, жаўнераў і чыноўнікаў, якія служаць яму, а не сваёй краіне і народу. Бачым, як справядлівых людзей засуджваюць за праўду, і як юды здраджваюць свайму народу. Ёсьць і «жанчыны-міраносіцы», якія нічога не баяцца, і ад іхняе малітвы нават расступаецца натоўп жаўнераў.
Атрымалі мы ў спадчыну ад дзядоў і сьцяг Хрыста — колеру пралітае крыві на чыстым беззаганным шляху, які цяпер перасьледуецца, як калісьці перасьледавалі саму Хрысьціянскую веру.
Можна ўбачыць і фарысэяў, што моляцца ў нашых старажытных храмах, але для якіх Хрысьціянскія каштоўнасьці не на першым месцы, таму сапраўднае любові да свае краіны і свайго народу яны ня маюць. Але бачым і Божую дапамогу і Ягоныя цуды. Бо інакш, як мог адрадзіцца народ амаль зь небыцьця?
На нашых вачох абрынулася Імпэрыя зла, аб чым шчыра маліліся ў сваіх храмах суайчыньнікі на выгнаньні. Пабожны народ наш заўсёды захоўваў веру, і тады, калі пакутаваў ад суседзяў, таму Ўсявышні дапамагаў яму сьцьвярджацца ў вечнасьці.
Няхай Бог пачуе нашу малітву і ў гэты лёсавызначальны час для нашае Бацькаўшчыны.
Хрыстос Уваскрос! Уваскрэсьне Беларусь!
Зь любасьцю й малітвамі,
+ Сьвятаслаў Логін, Архіяпіскап БАПЦ
Вялікдзень, 2017 л.Б.