Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч атрымаў па пошце запрашэньне зьявіцца да судовых выканаўцаў. Разам з паперай — пратакол аб правапарушэньні і пастанова суду аб штрафе ў 1050 рублёў.
«Выклікаюць, каб узяць ад мяне тлумачэньні, чаму не сплаціў штраф. Магчыма, што будуць палохаць канфіскацыяй. Аказваецца, 30 сьнежня ў Сьвіслацкім райсудзе мяне аштрафавалі за ўдзел у акцыі памяці Кастуся Каліноўскага, але толькі зараз пра гэта паведамілі. У тым ліку і пратакол толькі што ўбачыў», — сказаў палітык карэспандэнту Свабоды.
Аляксей Янукевіч зьбіраецца вывучыць з адвакатам магчымасьць аспрэчыць судовую пастанову, хоць разумее, што зрабіць гэта будзе складана, бо прайшло больш за паўгода.
30 кастрычніка 2016 году ў Сьвіслачы і пасёлку Якушоўка прайшлі акцыі памяці паўстанцаў Каліноўскага. Арганізатарамі выступілі Партыя БНФ і сьвіслацкія актывісты партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада». У акцыях бралі ўдзел каля ста чалавек. Пазьней некалькім дзясяткам актывістаў прысудзілі штрафы ад 10 да 40 базавых велічынь. Сярод аштрафаваных былі Павал Севярынец, Віктар Сазонаў, Эдвард Дзьмухоўскі, Віктар Марчык, Віктар Гуляк, Вітольд Ашурак, Уладзімер Хільмановіч, Сяргей Верамеенка ды іншыя.
«Па-першае, улада па-ранейшаму ставіцца варожа да такіх мерапрыемстваў, як Дзень памяці паўстанцаў Каліноўскага. А па-другое, на маім прыкладзе бачна стаўленьне прадстаўнікоў міліцыі і судоў да палітычных спраў. Яны дазваляюць сабе цалкам неахайна выконваць абавязкі, парушаюць правы людзей, не вытрымліваюць свае ж правілы па інфармаваньні людзей. Бо ведаюць, што ім усё сьпішацца, бо справа палітычная», — пракамэнтаваў сытуацыю Аляксей Янукевіч.