Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ два прысуды за мітынг у Ваўкавыску, якога не было


Ваўкавыск, ілюстрацыйнае фота
Ваўкавыск, ілюстрацыйнае фота

Браты Сяргей і Аляксандар Кур’яновічы аштрафаваныя на 12 базавых велічынь (276 рублёў) кожны за ўдзел у нібыта мітынгу 26 сакавіка на плошчы Леніна.

Паводле Аляксандра Кур’яновіча, ён сустрэўся на плошчы з братам Сяргеем з тым, каб потым ісьці ў краму. А іх, маўляў, абвінавацілі, што яны яшчэ зь 5 асобамі, якія стаялі побач, бралі ўдзел у мітынгу.

— Я прадэманстраваў у судзе аўдыёзапіс нашай размовы зь міліцыянтамі — мой брат запісаў яе на мабільны тэлефон. Там вельмі добра чуваць, як міліцыянт падышоў да нас і сказаў, што нам нельга абмяркоўваць тое, што мы абмяркоўвалі. Мы перапыталі, ці чуў ён тое, што мы абмяркоўвалі? Міліцыянт сказаў, што ня чуў. Тады мы запыталі, ці можам тут стаяць далей. Ён нам адказаў, што можам. Гэта было выдатна чуваць. А потым празь некалькі хвілінаў нас схапілі людзі ў цывільным, якія не назваліся, і пацягнулі ў машыну. І ўжо сёньня ў судзе сьведкі-міліцыянты казалі зусім іншае, маўляў, мы там вялі палітычныя размовы супраць улады і не адрэагавалі на іхныя патрабаваньні разысьціся. І нават наш аўдыёзапіс не пераканаў судзьдзю.

Паводле Аляксандра Кур’яновіча, судзьдзя таксама зразумела, што адбылося ў той дзень на плошчы Леніна, але вынесла рашэньне не на іх карысьць, а прызнала вінаватымі. Кур’яновіча абурыла тое, што ў судзе не разгледзелі іхную справу па сутнасьці.

— Бясчынства поўнае творыцца... Нават калі і гаварылі на палітычныя тэмы, крытыкавалі ўладу — у чым тут злачынства? У судзе не прадстаўлена ніякіх доказаў нашае віны, а нам выносяць вырак — штраф 256 рублёў. Гэта вялікія грошы. І каму што даказваць, хто нас выслухае?

Апроч Аляксандра і Сяргея Кур’яновічаў, Ваўкавыскі раённы суд аштрафаваў жыхара гораду Леаніда Прэдку на 12 базавых велічынь (276 рублёў) за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 26 сакавіка ў Ваўкавыску. Натальля Буданава аштрафаваная на 13 базавых (299 рублёў), пэнсіянэрка Галіна Здановіч — на 2 базавыя (46 рублёў). Ніхто зь іх сваёй віны не прызнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG