Ад «Маладняка» да «Легіёну» — Браніцкая, Лойка, Процька пра гучныя справы КДБ

Як пачынаюцца і чым завяршаюцца гучныя справы, заведзеныя спэцслужбамі ў розныя часы?


У перадачы «Толькі жанчыны» зь вядучай Ганнай Соўсь гэта абмяркоўваюць былая палітзьняволеная, а цяпер кансультант офісу АБСЭ ў справе дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Эніра Браніцкая, дасьледчыца гісторыі палітычных рэпрэсій і былая старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька і праваабаронца цэнтру «Вясна» Наста Лойка.

«Піяр спэцслужбаў»: розныя абвінавачваньні ў турме КДБ і па тэлевізару

Ганна Соўсь: Эніра, вы — фігурантка гучнай справы арганізацыі «Партнэрства», якія зьбіралася назіраць за хадой прэзыдэнцкіх выбараў у 2006 годзе. Напярэдадні выбараў вас арыштавалі і зьмясьцілі ў турму КДБ разам з паплечнікамі Цімафеем Дранчуком, Аляксандрам Шалайкам і Міколам Астрэйкам. Як заяўляў за некалькі тыдняў да выбараў тагачасны старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка, вас арыштавалі ў сувязі з датычнасьцю да падрыхтоўкі сілавога скіданьня ўлады. Паводле Сухарэнкі, сцэнар апазыцыі прадугледжваў правядзеньне ў Менску шматтысячнага мітынгу, падчас якога «у натоўпе плянавалася ўзарваць выбуховыя прыстасаваньні», гаворка тады ішла і пра знакамітых дохлых пацукоў. Але пазьней усе вы былі асуджаныя за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Ці можна параўноўваць дзеяньні спэцслужбаў у 2006 годзе і цяпер у так званай справе «Белага легіёну»? Ці ёсьць нешта агульнае?

Эніра Браніцкая: Ёсьць, але для мяне гэта перш за ўсё зьнешняе, і яно дастаткова фармальнае. Гэта найперш піяр, які выкарыстоўваюць спэцслужбы, заўсёды гэта стварэньне вобраза ворагу, нейкіх дэструктыўных сіл, якія нібыта спрабуюць паўзьдзейнічаць на сытуацыю ў краіне, і, канешне, КДБ ці спэцслужбы, якія заўсёды зважаюць і заўсёды гатовыя ўсё перапыніць. На дадзены момант гэта адзінае, што я бачу агульнага. І гэта заўсёды аднолькавыя мэтады — напужаць, схапіць, паказаць карцінку, яе зьлёгку ці ня зьлёгку перахлусіць. Тады былі паказаныя нашы кнігі, якімі мы зьбіраліся «зьдзейсьніць рэвалюцыю». Гэта проста чорны піяр, які выкарыстоўваюць спэцслужбы. Зараз ён такі ж самы.

Ганна Соўсь: Ці супадала тое, пра што з вамі гаварылі сьледчыя ў турме КДБ, і тое, што паказвалі ў той час па тэлебачаньні?

Першыя два месяцы допытаў зусім не было

Эніра Браніцкая: Мы з самага пачатку былі абвінавачаныя ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Тое, што паказвалася па тэлебачаньні, нам ніколі не прыводзілася. На самай справе пра тое, у чым нас маглі абвінаваціць, я ведала з тэлевізару. Я сядзела ў СІЗА КДБ і бачыла праграмы навінаў, дзе паказвалі, што мы рыхтавалі выбухі, расказвалі пра дохлых пацукоў, атручэньне і ўсё такое. Нам ні на водным допыце, ні на водным сьледчым мерапрыемстве ніхто гэтым не пагражаў. Першыя два месяцы допытаў зусім не было. Мы проста сядзелі, нас выкарыстоўвалі як страшылку. Сытуацыі ўсё роўна розныя, бо людзі, якія затрыманыя зараз, ужо абвінавачаныя па іншых артыкулах. На сёньняшні дзень канешне перакваліфікацыя з масавых беспарадкаў на стварэньне ўзброенай групоўкі мяняе сытуацыю, ужо набліжае яе да нас, бо ў выніку будзе (у абвінавачваньні — РС) незарэгістраваная структура. Але спачатку гэтыя людзі былі абвінавачаныя ў масавых беспарадках, і гэта крыху іншая сытуацыя.

«Белы легіён» і «справа нацдэмаў»: Падабенства з розьніцай у 80 гадоў

Ганна Соўсь: Спадарыня Тацяна, вы дасьледавалі гісторыю рэпрэсій у Беларусі, мелі магчымасьць працаваць у архівах КДБ некаторы час. Мы насамрэч мала што ведаем пра так званую справу «Белага легіёну» і ці справу патрыётаў, як яе часам называюць у сацсетках, удзельнікам якой нібыта выстаўляцца абвінавачваньні ў «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня», а таксама ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Давайце паспрабуем правесьці больш далёкія гістарычныя паралелі, якія гучныя гістарычныя працэсы можна згадаць у гэтай сувязі? Зянон Пазьняк казаў, што справа «Белага легіёна» вельмі нагадвае «сьледзтва» супраць «Саюзу вызваленьня Беларусі», калі ў 30-х гадах мінулага стагодзьдзя ГПУ сама выдумала арганізацыю, каб рэпрэсаваць беларускую эліту.

Тацяна Процька: Па-першае, справа «Саюза вызваленьня Беларусі» пачалася ў 26-м годзе пасьля знакамітай акадэмічнай канфэрэнцыі, і яна не так адпавядае тым сёньняшнім падзеям. Я прагледзела свае запісы з архіўных дакумэнтаў. Мне падаецца, што справа «Белага легіёну» больш падобная да справы «нацдэмаў», якая пачалася ў кастрычніку 1936-га і скончылася недзе ў лістападзе 37-га, калі была рэпрэсаваная беларуская эліта, студэнцкая моладзь, шмат журналістаў. Мяне ўразіла, наколькі сугучна тое, як там разьбіралася, і тое, што адбываецца сёньня.

Мне падаецца, што справа «Белага легіёну» больш падобная да справы «нацдэмаў»

Я хачу, каб нашыя слухачы ўсьвядомілі, як усё ж мы жывем у мінулым, а не ў будучым. Справа гэтых «нацдэмаў» пачалася 8 кастрычніка, калі чырвонаармеец 6-га палка 2-й дывізіі, сябра ВЛКСМ, зьявіўся ў асобае аддзяленьне дывізіі і сказаў, што ад свайго таварыша даведаўся, што тут ёсьць чалавек, які мае нейкія іншыя погляды. 9 кастрычніка на 2 студэнтаў літаратурнага факультэту Менскага пэдагагічнага інстытуту данёс настаўнік, які быў асьведаміцелем. 11-га арыштавалі двух студэнтаў і другога асьведаміцеля, які не данёс у час. І вось справа пачала круціцца, і ўжо ў лістападзе было арыштавана 70 чалавек. Знайшлі кіраўнікоў арганізацыі, потым устанавілі сувязь з украінскімі нацыяналістамі. Потым пачалі глядзець, за што ж людзей арыштавалі. Стварылі справу — нацыянал-фашысцкая тэрарыстычная шпіёнская дывэрсійная арганізацыя «Маладняк».

За што? Яны гаварылі, што ў Беларусі праводзіцца русыфікатарская палітыка. Даказвалі, што беларуская культура свой пачатак бярэ не з усходу, а з захаду, што ў разьвіцьці беларускай культуры трэба арыентавацца не на ўсход, а на захад. А таму ставілі пытаньне пра тое, што трэба арганізацыйным шляхам дабівацца разьвіцьця не расейскай культуры, а самабытнай беларускай нацыянальнай. Так разьвіваліся падзеі на тыя часы.

«Основными политическими практическими задачами в этот период были: вести борьбу за создание буржуазной демократической республики путём вовлечения новых участников в организацию, то есть создания нацдемовских кадров, на литературном фронте участники контрреволюционной организации договорились не писать ничего».

Прыглядаюцца паралелі, канешне, але ўсё ж маштабы былі большыя і суды былі закрытыя

І потым гэта ўсё скончылася судом. Напрыклад, мы ведаем Маю Кляшторную, яе бацька абвінавачваўся ў прыватнасьці ў тым, што «зьяўляўся актыўным удзельнікам контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай шпіёнскай дывэрсійнай арганізацыі ў БССР, якая ставіла вышэйшай мэтай адарваньне Беларусі ад СССР. Абвінавачвалі ў тым, што ён быў зьвязаны з кіраўніком гэтай арганізацыі, што праводзілі сярод студэнтаў актыўную контррэвалюцыйную працу, апрацоўваючы іх у нацыянал-фашысцкім духу. І быў зьвязаны з расстрэльнай трацкісцкай тэрарыстычнай арганізацыяй». Вось такое абвінавачваньне, і людзі былі расстраляныя. Прыглядаюцца паралелі, канешне, але ўсё ж маштабы былі большыя і суды былі закрытыя. І расстрэльныя прысуды былі невядомыя шырокім колам. Зараз сытуацыя крыху іншая. Мы пра ўсё ведаем, і я маю надзею, што ўсё ж такі такія прысуды больш ня будуць расстрэльныя.

Масавыя беспарадкі, якіх няма... ​

Ганна Соўсь: Наста, і зрабіць пэўныя паралелі я папрасіла бы і вас як праваабаронцу. Зь якімі гучнымі справамі найноўшай гісторыі Беларусі і найноўшай гісторыі постсавецкіх краінаў вы б маглі параўнаць справу пра легіён?

верагодна, што працэс можа быць таксама закрыты

Наста Лойка: На сёньняшні дзень, калі мы забудзем на артыкул «СБ. Беларусь сегодня», няма ніводнай інфармацыі, што было перакваліфікавана на іншы артыкул. На сёньня ўсе абвінавачаньні праходзяць па артыкуле 223 «Аб масавых беспарадках». Таму тут хутчэй хочацца параўнаць са справамі пра масавыя беспарадкі ў Беларусі ў 2011 годзе, і ў Расеі ў 2012 годзе. Сьмешна, бо гэта масавыя беспарадкі, якіх няма... Хоць мы ніякіх адзнак ня можам даць, таму што мы ня ведаем да канца, што там адбываецца. Усе пад падпіскай, больш за тое, да нейкага моманту нават з адвакатаў узялі падпіску, што яны ня маюць права сказаць, ці выставілі абвінавачаньне і якое. Так ці інакш, мы разумеем, што пасьля артыкулу «СБ» пакуль што нікому не вядома, каб зьмянілі абвінавачаньне.

Тут ёсьць некалькі падобных момантаў, агульных для ўсёй нашай прасторы. Ёсьць гучная справа нават не для піяру, а відавочна з прапагандысцкімі, палітычнымі мэтамі на гэтым этапе для таго, каб зьбіць пратэст і паказаць, што людзі, якія ў ім удзельнічаюць і арганізоўваюць, проста нейкія тэрарысты, якія маюць нейкія гвалтоўныя мэты... Як назіральніку ў Беларусі мне відавочна, што тут будзе шмат праблем з гэтай справай, яна можа мець абсалютна любыя вынікі. Да таго ж верагодна, што працэс можа быць таксама закрыты, і таму можна гістарычныя паралелі больш глыбінныя праводзіць.

Жанчына як інструмэнт спэцслужбаў

Ганна Соўсь: Мой калега Сяргей Навумчык падрыхтаваў для перадачы да стагодзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі падборку цытатаў, зьвязаных з фабрыкаванай КДБ справай лекараў. І пачалася яна як раз з ліста жанчыны, лекаркі Цімашук пра тое, што Жданава нібыта лечаць няправільна, у выніку ў турмах аказаліся дзясяткі людзей, пачалася маштабная антысэміцкая кампанія. Цяперашняя справа нібыта пачалася з ліста «Фраў А», беларускай бэрлінкі, якая паведаміла ў пасольства Беларусі пра тое, што нібыта ў Менску рыхтуюцца баі. Эніра, Тацяна, Наста, ці вы бачыце нейкую заканамернасьць, чаму менавіта жанчыны ў розных ролях фігуруюць у справах спэцслужбаў? І як скарыстоўваюць жанчын спэцслужбы і як караюць жанчын спэцслужбы?

Эніра Браніцкая: Я думаю, што мужчыны фігуруюць нашмат болей. Калі мы будзем параўноўваць, колькі спраў было пачата з лістоў розных мужчын... таму я не ўзялася б зараз казаць, што ёсьць нейкая роля жанчыны. Зразумела, канешне, тое, як гэта было прадстаўлена ў дадзеным выпадку, што яе хвалююць пытаньні яе маці, якая жыве ў цэнтры, але на самай справе ня думаю, што ёсьць нейкая асаблівая роля жанчыны ў такіх справах.

А жанчыны толькі ўпрыгожваюць сваімі асобамі, на думку спэцслужбаў, гэтыя ўсе пастаноўкі

Тацяна Процька: Я магу дадаць, што такія акцыі найперш піяр-акцыі зараз. І ў нас ужо складзены такі вобраз жанчыны, што гэта маці, яна беражэ сямейныя традыцыі і г. д. І вось тая заклапочанасьць, якую гэтая пяшчотная жанчына выказвае наконт усіх гэтых падзей, павінна даць такі арэол прыгажосьці гэтым дзеяньням. І толькі дзеля гэтага выкарыстоўваюцца жанчыны. Па справе «нацдэмаў» жанчын практычна няма, 98% мужчыны. І дзяржава ваюе з іншадумствам і з тэрарызмам мужчын, не жанчын. А жанчыны толькі ўпрыгожваюць сваімі асобамі, на думку спэцслужбаў, гэтыя ўсе пастаноўкі.

Наста Лойка: Калі прааналізаваць палітычна матываваны перасьлед, то, канешне, там роля жанчыны відавочна меншая. І нават калі яны праходзілі па крымінальных справах у 2011 годзе, то да іх было ўсё-такі трошкі лепшае стаўленьне. І такая жаночая дыскрымінацыі была недарэчная, але ў той жа час мне падаецца важным другі момант. У прынцыпе, жанчынам у Беларусі цяжэй рэалізоўваць сваю грамадзкую актыўнасьць, існуе вялікая частка стэрэатыпаў і абмежаваньняў, што жанчына менш актыўная. Гэта можа быць зьвязанае яшчэ і з гэтым. Калі мы кажам пра фармулёўку «узброенае фармаваньне», тут, відавочна, трэба стварыць малюнак небясьпечнага чалавека, а для звычайных людзей гэта мужчына. Таму на гэтых усіх стэрэатыпах дзяржаўнае тэлебачаньне і грае.

«За ўвесь час у турме КДБ мяне дапыталі два разы»

Ганна Соўсь: Эніра, вы сядзелі ў турме КДБ. У чым асаблівасьці гучных справаў, якія вядзе КДБ? Як бы вы ахарактарызавалі мэтады і сутнасьць працы гэтай арганізацыі падчас сьледзтва?

Эніра Браніцкая: Асаблівасьць гучных спраў у тым, што размова ідзе пра бясьпеку дзяржавы, гэта тое, што закладзена ў КДБ, у іх дакумэнтах, бо яны ня могуць весьці другія справы, якія ня тычыцца бясьпекі дзяржавы. Пра мэтады мне цяжка сказаць, таму што нягледзячы на тое, што справа была даволі доўгая, мы чакалі суду амаль паўгода, мне не давялося шмат зь імі сустракацца ці размаўляць, таму што за гэты час мяне дапыталі два разы. Але перш за ўсё само гэтае месца, дзе трымаюць людзей, якое сваёй атмасфэрай уплывае, бо гэта вельмі маленькая турма ўнутры КДБ, і ўсё гэта стварае атмасфэру. Некаторым цяжка ўявіць што, дзе і як. Было немагчыма мець нармалёвую камунікацыю з адвакатамі, таму што там літаральна два пакоі для спатканьняў, і проста няма часу, каб людзі маглі сустракацца з адвакатамі. І ты на самай справе губляесься ў некаторы момант.

У нашай справе яны проста пакідалі нас на некаторы час, і ў гэтым быў ціск, што ты ня ведаеш, што адбываецца

Я думаю, што гэта робіцца таксама мэтанакіравана, і людзі не маюць акрамя ліставаньня са сваякамі ніякай сувязі. Далей, канешне, пытаньне, ці гэтыя лісты будуць даходзіць... І гэта выкарыстоўваецца. Людзі ня ведаюць, ня маюць абароны, ня маюць сустрэчы з адвакатам, і яны адчуваюць ціск проста тым, што яны не могуць проста ні з кім камунікаваць і абмеркаваць тое, што адбываецца. Ці вядуцца допыты ў турме КДБ зараз? У нашай справе яны проста пакідалі нас на некаторы час, і ў гэтым быў ціск, што ты ня ведаеш, што адбываецца.

«Узровень асьведамленьня павінен быць 1:3 — тры сябры арганізацыі і адзін асьведаміцель»

Ганна Соўсь: Тацяна, у спэцслужбах любой краіны маюць працаваць адукаваныя, вельмі разумныя і падрыхтаваныя людзі. З вашых назіраньняў як мяняўся і мяняецца ўзровень кампэтэнтнасьці супрацоўнікаў КДБ у гісторыі БССР і незалежнай Беларусі?

Калі сапраўды існавала гэтая «тэрарыстычная» арганізацыя «Белы легіён», то чаму спэцслужбы дазволілі дарасьці да ўзброенага стану гэтай арганізацыі?

Тацяна Процька: Цяжка сказаць, як ён мяняецца, але ўскосна можна зрабіць пэўныя высновы. У спэцслужбаў ёсьць такое правіла, ва ўсялякім разе ў 30-я гады яно было. Калі ствараецца тэрарыстычная арганізацыя, якая небясьпечная для дзяржавы, то ўзровень асьведамленьня павінен быць 1:3 — тры сябры арганізацыі і адзін асьведаміцель. Інфармаваць спэцслужбы пра тое, што там адбываецца. Гэта адно. А другое, калі сапраўды існавала гэтая «тэрарыстычная» арганізацыя «Белы легіён», то чаму спэцслужбы дазволілі дарасьці да ўзброенага стану гэтай арганізацыі? Яны павінныя былі спыніць на корані гэтую дзейнасьць. А нам кажуць, што ён амаль 15 год існаваў.

Таму я думаю, што пра ўзровень ці саміх супрацоўнікаў, ці той схемы, якая пабудаваная зараз і дадзеная людзям, можна вельмі крытычна выказвацца. Раней гэтыя схемы былі невядомыя грамадзтву, і можна было як хочаш гэтую арганізацыю рабіць. А зараз, калі грамадзтва ўсё ведае і кантралюе, і сочыць, канешне, трэба працаваць ужо па-іншаму, і не пацукамі як у 2006 годзе труціць ваду, і не як зараз рабіць гэтыя муляжы, адзін і той жа нож, якія паказваюць па ўсіх праграмах. Так што ўзровень, мабыць, не такі, які быў бы пажаданы для таго, каб наша дзяржава была моцная і ў бясьпецы.

«КДБ — гэта сакрэтнасьць вялікага ўзроўню»

Ганна Соўсь: Наста, у чым асаблівасьці працы праваабаронцаў са справамі, якія вядзе КДБ? Які ціск спазнаюць праваабаронцы ў такой сытуацыі?

Наста Лойка: Канешне, праблемы вялікія, таму што КДБ — гэта насамрэч сакрэтнасьць вялікага ўзроўню, таму што там усе ўдзельнікі справы абавязкова пад падпіскай, немагчыма патрапіць адвакату да чалавека, часта цяжка нават даведацца пра стан чалавека, у якім ён настроі і здароўі, ужо не кажучы пра нейкія канкрэтныя справы. І вельмі часта мы ўжо даведваемся пра судовыя паседжаньні па факце альбо нават на стадыі абскарджаньня. Таму што інфармацыі вельмі мала, і таму цяжка рабіць папярэднія высновы адносна характару перасьледу і што там насамрэч. І таму часта мы зьвяртаемся да ўскосных нейкіх прыкметаў, аналізуем сытуацыю вакол...

у СІЗА-1 быў вызвалены цалкам цэлы паверх, людзі па адным знаходзіліся ў камэрах на 6-20 чалавек

Па праўдзе ў нас ёсьць вялікі сумнеў, што там была падрыхтоўка масавых беспарадкаў і нейкая арганізаваная група, таму што ўсё выглядае занадта наіўна і непраўдападобна, і мы проста зьбіраем інфармацыю шляхам апытаньня як людзей, якія былі вызваленыя, хто гатовы ісьці на кантакт. Зразумела, што шмат каго зь іх спазнае ціск. Асаблівасьць гэтай справы і ў тым, што там частка фігурантаў знаходзіцца ў турме КДБ, а частка ў СІЗА на Валадарцы. У маёй практыцы было першы раз такое, што ў СІЗА-1 быў вызвалены цалкам цэлы паверх, людзі па адным знаходзіліся ў камэрах на 6-20 чалавек.

Гэта быў дастаткова вялікі шок, і плюс самім затрыманым не казалі, хто зь іх сяброў затрыманы яшчэ. Казалі, што гэты затрыманы, а вось гэты — не. І потым чалавек чуў, як называлі прозьвішча гэтага чалавека на калідоры. Тут шмат гэтай прапаганды, гэтых малюнкаў, і часта знайсьці юрыдычныя факты амаль немагчыма проста... І таму з аднаго боку не сьпяшаемся з высновамі, зь іншага боку спрабуем правяраць нейкую інфармацыю, улічваючы, што ідзе вельмі вялікі ціск на адвакатаў, на родных, і спрабуем прадухіліць нейкую пагрозу ў дачыненьні да іх.


«Сваю піяр-функцыю гэтая справа ўжо адыграла»

Ганна Соўсь: Эніра, Тацяна, Наста. Складана даваць прагнозы ў так званай справе легіёну, але тым ня менш, як вы лічыце, чым скончыцца гэтая справа, ці дойдзе яна да суду, зь якімі абвінавачваньнямі, зь якімі тэрмінамі, зь якім сьледам у гісторыі?

я спадзяюся, што гэта ўсё скончыцца тым, што хлопцы будуць асуджаныя, але на тыя тэрміны, якія яны збольшага правядуць у СІЗА

Эніра Браніцкая: Ведаючы нашу сыстэму, я б сказала дакладна справа дойдзе да суду, таму што калі людзям ужо выставілі абвінавачаньне... Адзінкавыя выпадкі былі, калі людзі пасьля гэтага не былі асуджаныя і справа не даходзіла да суду. Таму дойдзе. Мне падаецца, што ў справе будзе тое, што агучыла «Савецкая Беларусь», і гэта скончыцца проста незаконным вайсковым фарміраваньнем, таму што на самай справе гэта вельмі падобна да справы пра незарэгістраваную арганізацыю. Яны зразумелі, што ў іх няма нічога на сёньняшні дзень па масавых беспарадках, і ім трэба ўсё роўна давесьці справу, таму што ўжо вялікі піяр быў, усё было заяўлена, і як жа, зараз сказаць, што нічога ўвогуле не было? Гэта немагчыма... І я думаю, што справа будзе таксама некалькі месяцаў, тут хутчэй я спадзяюся, што гэта ўсё скончыцца тым, што хлопцы будуць асуджаныя, але на тыя тэрміны, якія яны збольшага правядуць у СІЗА.

пройдзе час, і яны абавязкова будуць рэабілітаваныя нашай дзяржавай і нашым народам

Тацяна Процька: Сваю піяр-функцыю гэтая справа ўжо адыграла, а на большае яна і не разьлічаная была. Таму ў дзяржавы ці ў спэцслужбаў няма такой вялікай зацікаўленасьці ў жорсткіх пакараньнях. Правільна было сказана, што дадуць тыя тэрміны, якія яны рэальна адседзелі. Я хачу заўважыць, што ўсе тыя «нацдэмы», якія былі пакараныя ў 30-я гады і пазьней, былі рэабілітаваныя. Так і нашы хлопцы і дзяўчаты, якія зараз церпяць ад гэтай улады, хай вераць, што пройдзе час, і яны абавязкова будуць рэабілітаваныя нашай дзяржавай і нашым народам.

гэта такая часовая гістэрыка, якая проста праз некаторы час, праз месяц спыніцца

Наста Лойка: Я думаю, што тут можа шмат залежаць ад зьнешніх фактараў, таму што гэты прапагандысцкі тэкст быў якраз дзеля таго, каб спала грамадзкая актыўнасьць. Калі зараз яна спадзе, і будзе меншая колькасьць акцый, то, магчыма, яны вырашаць, што сваёй мэты яны цалкам дасягнулі, і таму будзе не такі жорсткі перасьлед гэтых людзей. Самым ідэальным варыянтам можна ўявіць, сыходзячы з таго, што паказваюць, гэта пакінуць некалькі ключавых асобаў, каб папужаць іншых (спадзяюся, што не на вельмі вялікія тэрміны), а ўсіх астатніх нейкім чынам павызваляюць, перавядуць у іншы статус і паменшаць сьпіс людзей, якія тэарэтычна могуць быць прызнаныя палітвязьнямі. Усё ж эканамічная сытуацыя пакідае чакаць лепшага, а, на жаль, беларускія ўлады вельмі часта якраз кіруюцца гэтым грамадзка-палітычным, эканамічным фактарам, таму што звычайна гэта — людзі дзеля гандлю. І вось ад гэтых абставінаў будзе залежыць, як будзе разьвівацца справа. У мяне ёсьць вялікая надзея, што гэта такая часовая гістэрыка, якая проста праз некаторы час, праз месяц спыніцца, і людзей пачнуць вызваляць, а частку ўсё ж асудзяць на невялікія тэрміны.