Дакумэнты пра гэтую паездку, а таксама і многія іншыя яшчэ могуць захоўвацца ў архівах паўднёвачэскіх гарадоў Індржыхуў Градэц і Тршэбань. Такую думку выказаў гісторык Павел Котаў, які напярэдадні атрымаў з архіву Індржыхува Градца два раней невядомыя дакумэнты пра сына Францішка Скарыны — Сімяона Руса з Полацку.
Абламейка: Вось жа, у рукі да беларускіх гісторыкаў трапілі два дакумэнты, зьвязаныя зь імем сына Францішка Скарыны Сымона або Сімяона, які ў другой палове XVI стагодзьдзя працаваў пры двары паўднёвачэскага магната Адама з Градца садоўнікам і лекарам. Раней яны не былі вядомыя беларускай навуцы. Што гэта за дакумэнты?
Котаў: Так, гэта два дакумэнты. Першы — гэта ліст Сімяона Руса з Полацку Адаму з Градца, прадстаўніку чэскага роду з Градца, магнату, які валодаў тады Індржыхувым Градцам. У гэтым лісьце Сімяон Скарына дзякуе Адаму за дапамогу, за тое, што ён даў яму два талеры на тое, каб Сімяон мог зьезьдзіць і паправіць здароўе на курорт Добра Вода, дзе лячыліся мінэральнай вадой. Гэтае месца вядомае і сёньня пад той самай назвай, і ў крамах прадаецца пітная і мінэральная вада «Добра Вода». У сваім лісьце Сімяон піша, што яму двух талераў ня хопіць, бо, каб паправіць здароўе, яму там трэба прабыць даўжэй, і таму просіць яшчэ пра грашовую дапамогу. А другі дакумэнт — гэта кароткая расьпіска ў тым, што Сімяон атрымаў ад Адамавага пісара паводле даручэньня самога пана Адама з Градца чатыры капы майсэнскіх грошаў або, фактычна, чатыры талеры.
Але самі дакумэнты беларуская навука атрымала ў сваё распараджэньне ўпершыню
Гэты эпізод нам быў, у прынцыпе, вядомы з кнігі Францішка Тэплага, які быў архіварыюсам у Індржыхувым Градцы і ў 20- гады ХХ стагодзьдзя выдаў гісторыю гэтага гораду ў чатырох тамах, напісаную на падставе архіўных дакумэнтаў. Але самі дакумэнты беларуская навука атрымала ў сваё распараджэньне ўпершыню.
У Індржыхувым Градцы, як і ў суседнім горадзе Тршэбань, архівы чэскіх магнацкіх родаў захаваліся цалкам і неперапынна ад моманту іх заснаваньня якраз у другой палове XVI стагодзьдзя. І яны вельмі багатыя.
Кнігу Тэплага пасьля яе выхаду прачытаў дасьледчык Скарыны Флароўскі і заўважыў, што калі Тэплы пісаў пра разьвіцьцё садоў, ён згадаў і пра Сімяона Руса з Полацку, які працаваў у Адама з Градца садоўнікам і якога тады з прычыны дрэннага здароўя пасылалі на воды.
Але Флароўскі прачытаў кнігу Тэплага ня вельмі ўважліва. Сёньня дацэнт філязофскага факультэту Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе Ільля Лямешкін зьвярнуў увагу на тое, што Тэплы некалькі разоў згадвае Сімяона Руса з Полацку ў розных сытуацыях і пад датамі пачынаючы ад 1563 да 1593 году. З гэтага зразумела, што дакумэнтаў, дзе згадваецца Сімяон Скарына і якія бачыў Францішак Тэплы, было некалькі.
Абламейка: Наколькі я ведаю, вы атрымалі з архіву 10 красавіка сёлета чатыры дакумэнты. Пра якія яшчэ два дакумэнты ідзе мова?
Котаў: Я атрымаў два згаданыя гістарычныя дакумэнты і дзьве запіскі аўтарства самога Тэплага, які парадкаваў тады архіў. Гэта, фактычна, архіўныя карткі. Ён там сам алоўкам напісаў, што мова ідзе пра Сімяона Руса з Полацку. Супрацоўнікі архіву, каб адказаць на наш запыт, хутка перагледзелі тое, што было вядома ад Тэплага, і даслалі. Зразумела, што новыя дакумэнты пра сына Скарыны яшчэ там ёсьць і будуць знойдзеныя. Як я ўжо казаў, архіў вельмі добра захаваўся, адзінае, што ён цяпер знаходзіцца ў стане інвэнтарызацыі. Спадзяюся, што пасьля апісаньня і інвэнтарызацыі дакумэнты будуць даступныя нават праз інтэрнэт.
Абламейка: Гэта азначае, што беларускую навуку яшчэ чакаюць новыя адкрыцьці пра лёс сына Францішка Скарыны і, магчыма, пра яго самога. Дарэчы, у тым зборніку дакумэнтаў і матэрыялаў пра Скарыну, што выйшаў у Менску ў 1988 годзе, ёсьць згадка пра Сімяона, якая датуецца 1577 годам і дзе ён называецца лекарам.
Котаў: Так, гэтая згадка паходзіць з-пад пяра Вацлава з Бржэзан. Ён быў архіварыюсам роду Рожэмбэркаў, якія перавезьлі свой архіў у пачатку XVII стагодзьдзя ў горад Тршэбань, які купілі. Дагэтуль яны валодалі горадам Чэскі Крумлаў. Вацлаў з Бржэзанаў у пачатку XVII стагодзьдзя быў іх архіварыюсам і парадкаваў архіў. Ён напісаў Жыцьцё роду Рожэмбэркаў у пяці тамах. І там у адным месцы пад 1577 годам ён піша, што памёр дэкан Чэскакрумлаўскага касьцёла, які карыстаўся паслугамі доктара паляка Шымона па прозьвішчы Рус з Полацку. Вацлаў з Бржэзанаў мог пісаць гэта паводле дакумэнтаў, але мог і ведаць або чуць пра гэта, бо па часе гэта ня так далёка ад 1577 году.
Абламейка: Ну а калі паспрабаваць прааналізаваць атрыманыя вамі дакумэнты, то якія высновы ўжо можна зрабіць? Сын Скарыны прасіў грошы на лячэньне. Ці азначае гэта, што ён быў небагатым чалавекам?
Котаў: Калі ўважліва пачытаць Тэплага, і на гэта зьвярнулі ўвагу ўжо і іншыя дасьледчыкі, у тым ліку Ільля Лямешкін, то зразумела, што Скарына ў Тэплага згадваецца як служэбнік пры двары Адама з Градца. Іншы сын Скарыны, што загінуў пры пажары ў 1541 годзе і пра сьмерць якога згадвае Вацлаў Гаек зь Лібачан, таксама быў слугой знатнага чэскага саноўніка Яна з Пухава. Тут бачым, што іх, магчыма, уладкаваў сам Скарына, і яны мелі вось такія кар’еры.
Абламейка: Я думаю, што прыдворны магната можа прасіць у гаспадара грошы на лячэньне і ня будучы вельмі бедным... Зь іншага боку з тэксту Тэплага вынікае, што Сімяон Скарына вёў цяжкую канкурэнцыю з садоўнікамі-тоўфарамі, як тады ў Чэхіі называлі пратэстантаў. Так што ў яго быў лёс і клопат ня надта лёгкі, трэба было за сваё месца змагацца...
Котаў: Як будуць знойдзеныя іншыя дакумэнты, якія там ёсьць, тады мы будзем больш прадметна меркаваць пра лёс Сімяона Скарыны.
Абламейка: А калі яны будуць знойдзеныя? Вы зьбіраецеся там папрацаваць?
Котаў: Так, зьбіраюся. Але ўсё робіцца паступова.
Абламейка: Мне здаецца, што Сімяон не бедаваў. Вацлаў з Бржэзанаў называе яго лекарам, а лекараў тады было няшмат і паслугі іх былі дарагія. З гэтага вынікае і тое, што Скарына здолеў даць сыну добрую адукацыю... Але вернемся да інфармацыі Тэплага. Вы сказалі са спасылкай на дацэнта Лямешкіна, што згадак пра Сімяона Руса ў Тэплага было некалькі.
Котаў: Так. Па-першае, Тэплы ў некалькіх месцах згадвае пра Сімяона Руса, але ёсьць у ягонай кнізе і згадкі пра некалькіх Русаў, якія там жылі і езьдзілі на ўсход. Неўзабаве мае выйсьці артыкул Ільлі Лямешкіна.
Абламейка: Значыць, Сімяон там, на поўдні Чэхіі быў не адзіным выхадцам зь Вялікага Княства Літоўскага?
Сімяон Скарына мог езьдзіць у Полацак, калі ў сярэдзіне 1560-х гадоў ён быў захоплены маскоўскімі войскамі Івана Жахлівага, каб вырашыць нейкія свае справы
Котаў: Так, там ёсьць згадкі пра русаў, якія езьдзілі на Літву, напрыклад, да свайго бацькі або па навуку. Лямешкін робіць выснову, што Сімяон Скарына мог езьдзіць у Полацак, калі ў сярэдзіне 1560-х гадоў ён быў захоплены маскоўскімі войскамі Івана Жахлівага, каб вырашыць нейкія свае справы. У Чэхіі тады былі газэтныя паведамленьні пра захоп Полацку.
Абламейка: А дзе будуць апублікаваныя знойдзеныя дакумэнты?
Котаў: Цяпер у Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі рыхтуецца перавыданьне зборніку дакумэнтаў і матэрыялаў пра Скарыну, і там яны будуць зьмешчаныя ў арыгінале і ў перакладзе.
Абламейка: А маглі б вы працытаваць невялікі фрагмэнт аднаго са знойдзеных дакумэнтаў?
Котаў: Так, вось, напрыклад, фрагмэнт просьбы ўжо старога Сімяона Скарыны да магната аб дадатковай грашовай дапамозе для лячэньня на курорце:
«...Праз гэтую сваю важную прычыну зноў да Вашай міласьці зьвяртаюся і пакорна прашу, каб вы мне старому слузе ў старых гадах і недастатковым здароўі сваю міласьцівую дапамогу учыніць рачылі, бо я там некалькі тыдняў мушу быць каб да карысьці свайго здароўя прыйсьці...» (Пераклад П.Котава)