Судзьдзя Віцебскага абласнога суду Сьвятлана Іванова пакінула ў сіле рашэньне аршанскага суду. Працэс доўжыўся 20 хвілін, спачатку выступіла Галіна Абакунчык, якая сказала, што ня згодная з рашэньнем суду, бо на мітынгу 12 сакавіка выконвала журналісцкія абавязкі і мела з сабой акрэдытацыю МЗС Беларусі.
Судзьдзя паведаміла, што бачыла апэратыўнае відэа зь мітынгу ад аршанскай міліцыі і, на яе погляд, тое, як Абакунчык стаяла на ганку Аршанскага райвыканкаму, пакінула ўражаньне, што яна таксама ўдзельнічае ў мітынгу.
«Судзьдзя пацьвердзіла ранейшае незаконнае рашэньне, падтрымала незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі і суду першай інстанцыі. Было бачна, што судзьдзя шукае, які з аргумэнтаў узяць за асноўны, каб пакінуць першае рашэньне ў сіле. Яна перапытвала, дзе знаходзілася маё пасьведчаньне, брала яго ў рукі і разглядала. Раптам казала, што я мусіла як журналістка высьветліць, ці была акцыя санкцыянаваная, мусіла абавязкова цікавіцца гэтай акцыяй. Пасьля бралася за тое, што я здымала на відэа падзею, а выглядала так жа, як удзельнікі мітынгу. Калі я здымала відэа, то стаяла побач з выступоўцамі на прыступках адміністрацыі Аршанскага райвыканкаму, і мая прысутнасьць на гэтым ганку, паводле яе словаў, азначае ўдзел у мітынгу. Судзьдзя не адрэагавала на тое, што ў матэрыялах справы былі нічым не пацьверджаныя, галаслоўныя заявы, і на тое, што суд першай інстанцыі адмовіўся выклікаць сьведкаў. Было відавочна, што судзьдзя не зацікаўленая разглядаць сутнасьць справы — так жа, як было і ў першым судзе. Я гэта магу патлумачыць хіба тым, што ня суд вырашыў гэтую справу, а вырашыла нейкая іншая інстанцыя, што дае каманду судам. Ня ведаю, адкуль могуць быць такія рашэньні, але прымае іх ня суд. І тое адназначна, што гэта акцыя супраць незалежных журналістаў»,— пакамэнтавала рашэньне Віцебскага абласнога суду Галіна Абакунчык.
13 сакавіка адміністрацыйную справу, распачатую супраць журналісткі Свабоды паводле часткі 1 артыкулу 23.34 КоАП, разьбіралі ў судзе Воршы і Аршанскага раёну.
Судзьдзя Мікалай Драгуноў пакараў журналістку Свабоды штрафам памерам 575 рублёў (25 базавых велічынь). У часе разбору справы судзьдзя зачытаў міліцэйскі пратакол, зь якога вынікае, што Галіна Абакунчык была затрыманая і адмовілася назваць сябе. Але журналістка сьцьвярджае, што ў яе нават не спыталі прозьвішча, проста гвалтам схапілі і пацягнулі.
У аршанскім судзе Галіна Абакунчык не прызнала сваёй віны: яна тлумачыла, што мела рэдакцыйнае заданьне асьвятляць мітынг у Воршы і яго выконвала — вяла фота-, аўдыё- і відэаздымкі. Што была там толькі з гэтай мэтай і нічога іншага не рабіла, таму ня згодная, што яе абвінавачваюць ва ўдзеле. І абураная самой хадой затрыманьня, калі міліцыянты гвалтам пацягнулі яе ў машыну, потым завялі ў пастарунак, нават не патлумачыўшы, ці затрыманая яна, ці не. Абакунчык кажа, што ў міліцыі ў яе забралі тэлефон, запіхнулі ў кабінэт, прычым супрацоўнікі, якія рабілі гэта, нават адмаўляліся назвацца. Усё адбывалася ў такой грубай форме, што журналістка нават ня мела шанцаў і магчымасьці паказаць сваё пасьведчаньне.
Апрача Галіны Абакунчык, пасьля аршанскага «Маршу недармаедаў» было затрымана яшчэ некалькі журналістаў. Спадарыня Абакунчык прыгадвала, як гэта адбывалася:
«Гэта было плянавае затрыманьне, за намі сачылі. Дзеяньні — як у баявіках, калі нас затрымлівалі. Цягнулі, як мяхі з бульбай. Вырвалі тэхніку. Потым 3 гадзіны „тупа“ сядзелі — нас не дапытвалі, тэлефанаваць не дазвалялі, казалі, што мы не затрыманыя. Відавочна было, што проста шукаюць артыкул, якім апраўдаць наша затрыманьне. Прывезьлі ў іншы аддзел — зноў чаканьне 3 гадзіны. Хоць да гэтага абшукалі, усё забралі. Думаю, прычына — высяканьне журналістаў, што працуюць у кадры. Уразіла яшчэ, што без усялякіх аргумэнтаў суд прымаў рашэньне. Не было падстаў, не было сьведак».
Да суду Галіну Абакунчык на ноч зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, што сталася дадатковым беспадстаўным пакараньнем і зьдзекам з асобы, лічыць журналістка.
Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Томас Кент назваў арышт карэспандэнткі Свабоды Галіны Абакунчык «відавочнай спробай перашкодзіць журналістцы ў выкананьні сваёй працы».
Сёньня ж у Віцебскім абласным судзе разьбіралі скаргу журналісткі Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), якую таксама затрымалі ў Воршы 12 сакавіка. Аршанскі суд прызнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і аштрафаваў на 30 базавых велічынь.
Абскардзіць судовую пастанову не ўдалося. Кацярына Бахвалава ў Віцебскі абласны суд не прыехала, разбор скаргі адбываўся безь яе. Судзьдзя Ірына Смалякова пакінула рашэньне Аршанскага суду бязь зьменаў, не задаволіўшы скаргу журналісткі.