Статкевіч просіць Мэркель прыняць удзел у лёсе арыштаваных і знайсьці «фраў А.»

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч зьвярнуўся зь лістом да фэдэральнай канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель

У лісьце, поўны тэкст якога Статкевіч апублікаваў у сваім фэйсбуку, палітык зьвяртацца да кіраўніцы нямецкага ўраду з просьбай «прыняць удзел у лёсе больш чым 20 чалавек, якія сталі закладнікамі з прычыны паклёпніцкага даносу грамадзянкі ФРГ» (маецца на ўвазе ліст жыхаркі Нямеччыны, якая, паводле вэрсіі газэты «Советская Белоруссия», зьвярнулася ў беларускую амбасаду зь лістом на імя Лукашэнкі, у якім паведамляла пра нібыта маючы адбыцца 25 сакавіка дзяржаўны пераварот).


«Улічваючы, што гаворка ідзе пра лёс дзесяткаў беларускіх грамадзянаў, а таксама членаў іх семʼяў, прашу Вас даць распараджэньне органам правапарадку Вашай краіны запытаць зьвесткі пра грамадзянку ФРГ, якая напісала ліст Лукашэнку. Кантактнымі дадзенымі гэтай грамадзянкі валодаюць беларускія спэцслужбы, а фотакопія яе ліста сёньня была апублікаваная дзяржаўнымі СМІ».

Мікола Статкевіч нагадвае, што «Міжнародная грамадзкасьць і кіраўніцтва Нямеччыны, у прыватнасьці, неаднаразова выказвалі шкадаваньне ў сувязі з адсутнасьцю ў Рэспубліцы Беларусь незалежных сьледчых і судовых органаў... Ваша дапамогу ў правядзеньні сумленнага расьсьледаваньня і вызваленьні беларускіх грамадзянаў, якія незаконна ўтрымліваюцца ў засьценках КДБ, будзе неацэнным унёскам у прасоўваньне дэмакратычных каштоўнасьцяў і ўстанаўленьні законнасьці і парадку на эўрапейскім кантынэнце» — піша Статкевіч у лісьце да Ангелы Мэркель.

Паводле афіцыйнай газэты «Советская Белоруссия», у справе «Белага легіёну» 20 людзям выстаўленае абвінавачаньне ў «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня і ўдзелу ў ім» (арт. 287 КК).

У ранейшай справе аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» (ч. 3 арт. 293 КК) праходзяць, паводле выданьня, 35 чалавек, зь якіх 17 арыштаваныя і ім выстаўленае абвінавачаньне. Свабодзе вядома пра 21 зьняволенага.

Новы крымінальны артыкул дае магчымасьць больш жорсткага пакараньня: паводле артыкулу 287 пакараць можна абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў, а ранейшы артыкул 293-3 прадугледжваў максымум 3 гады пазбаўленьня волі.

У артыкуле «Імя ім — легіён», які падпісаны «Аддзел расьсьледаваньняў», «СБ. Беларусь сегодня» сьцьвярджае, што на самой справе «Белы легіён» не самараспускаўся. Выданьне расказвае пра падрыхтоўку членаў «Белага легіёна», якая доўжылася ўвесь гэты час, іх кансьпірацыю, а таксама пра тое, як спэцслужбам стала вядома аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, якія плянаваліся 25 сакавіка ў Менску.

«Востры сыгнал паступіў ад грамадзянкі Нямеччыны зь беларускімі каранямі, — піша газэта. — Назавем яе фрау А. Цалкам яе прозьвішча кампэтэнтным асобам вядомае. Дама была блізка знаёмая з французам па імені Мішэль (аматары кансьпіралёгіі разумеюць, што ў мэтах бясьпекі і гэтае імя адкрыта называць нельга), які, у сваю чаргу, кантактуе з Саньнікавым і Бандарэнкам, што пражываюць у Польшчы... Француз падзяліўся „сакрэтамі“ з сяброўкай А. Так яна даведалася, што на 25–26 сакавіка ў Менску рыхтуюцца ня проста беспарадкі, а сапраўдныя баі. Прычым ня толькі з міліцыяй. Сьцьвярджалася, што ў Менск едуць баевікі, вось іх і будуць біць мясцовыя „патрыёты“... Тым не менш шакаваная беларуская бэрлінка пасьпяшалася ў пасольства і ўласнаручна напісала заяву на імя прэзыдэнта, молячы прыняць „неадкладныя меры“, паколькі баялася, што „пагромы могуць пагражаць яе хворай маці“, якая жыве ў цэнтры Менску».