Судзьдзя Мазырскага раённага суду Сяргей Алёхін 11 красавіка аштрафаваў інваліда Рыгора Крывіцкага на 20 базавых велічыняў (460 рублёў) за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства — паводле артыкула 23.34 КаАП.
Пэнсіянэр Рыгор Крывіцкі падаваў заяўку ў райвыканкам на правядзеньне 26 сакавіка пікету гараджанаў на плошчы, каб выказаць стаўленьне да дэкрэту № 3, да пэнсійнага і выбарчага заканадаўства.
Рыгора Крывіцкага выклікалі ў райвыканкам, дзе старшыня выканкаму Алена Паўлечка і яе намесьнік па ідэалёгіі Фэлікс Галюк сказалі, што пікет на цэнтральнай плошчы не дазволены. Чыноўнікі раілі прыходзіць да іх і вырашаць пытаньні.
26 сакавіка ўлады Мазыра арганізавалі на цэнтральнай плошчы Леніна велагонкі. Аднак некалькі дзясяткаў жыхароў стыхійна выйшлі на плошчу на сход, на якім прамаўляў і Крывіцкі. Да пратэстоўцаў на плошчу выйшлі старшыня раённага савету дэпутатаў Сяргей Гвозьдзь і намесьнік старшыні райвыканкаму па ідэалёгіі Фелікс Галюк. Яны запрасілі ўдзельнікаў сходу на гутарку ў райвыканкам, але ніхто туды не пайшоў.
Пасьля сходу на прыпынку грамадзкага транспарту Рыгора Крывіцкага затрымалі людзі ў цывільным. У пастарунку, паводле спадара Рыгора, невядомы малады чалавек пагражаў зьмясьціць яго ў камэру з арыштантамі нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, прыніжаў годнасьць, нацягваў на вочы кепку.
«За ўсе мае 73 гады яшчэ ніхто, ніколі і нідзе са мною так не паступаў. І гэта не на вуліцы, не ў падваротні, а ў міліцыі! І гэта нягледзячы на тое, што я інвалід другой групы з прычыны хваробы сэрца», — кажа пэнсіянэр Крывіцкі.
У пратаколе міліцыянты напісалі, што Крывіцкі «выкрыкваў на плошчы антыдзяржаўныя лёзунгі», парушаў грамадзкі парадак.
Маёр міліцыі Аляксандар Пагодзін у судзе сьведчыў іншае і адмовіўся ад ранейшых пісьмовых паказаньняў. Яшчэ адзін сьведка, намесьнік начальніка РАУС Аляксандар Навумік, у суд не зьявіўся.