Ва Ўкраіне вынесены прысуды па справе роты спэцпрызначэньня Міністэрства ўнутраных спраў «Тарнада». Яе байцоў абвінавачвалі ў катаваньнях, забойствах мірных жыхароў, згвалтаваньнях і марадзёрстве. Тройчы судзімы камандзір роты Руслан Анішчанка атрымаў 11 гадоў турмы, грамадзянін Беларусі Даніла Ляшук — 10, яшчэ шасьцёра вайскоўцаў — ад 8 да 9 гадоў.
Працэс па справе «Тарнада» доўжыўся ў Абалонскім судзе Кіева адзін год і чатыры месяцы. Суд ішоў у закрытым рэжыме, таму што ў некалькіх эпізодах, па якіх абвінавачвалі ваенных, гаворка ішла аб сэксуальным гвалце. Тым ня менш, відэа з працэсу рэгулярна траплялі ў СМІ. На іх абвінавачаныя абражалі пракурораў і судзьдзяў.
Пракуроры хадзілі на суд з аховай, а будынак суду ахоўвалі машыны спэцпрызначэньня Нацгвардыі, аўтобусы паліцыі і аўтамабілі патрульных. У тыя дні, калі выносілі прысуд, у Абалонскім судзе былі адмененыя ўсе іншыя пасяджэньні: слухалася толькі справа «тарнадаўцаў».
Падразьдзяленьне «Тарнада» было сфармаванае ў 2014 годзе з добраахвотнікаў. Пазьней іх прызналі афіцыйна: назвалі ротай спэцпрызначэньня МУС, далі зброю і пасьведчаньні. У той час мінулае добраахвотнікаў роты ніхто не правяраў, а належнага кантролю за іх дзеяньнямі ва ўкраінскай арміі таксама не было.
Улетку 2015 года года галоўны ваенны пракурор Украіны Анатоль Маціёс ўпершыню заявіў: байцы «Тарнада», разьмешчаныя на базе ў Луганскай вобласьці, забіваюць, гвалцяць, выкрадаюць людзей, катуюць іх, а таксама марадзёрствуюць.
Роту расфармавалі, на лаву падсудных трапілі 12 чалавек на чале з камандзірам, тройчы судзімым Русланам Анішчанкам. Адзінаццаць былых байцоў роты ў суд з аўтазака выводзілі пад прыкрыцьцём маскіровачнай сеткі. Дванаццаты, Юры Шаўчэнка, прыйшоў сам, у сонцаахоўных акулярах і з аховай. Ён адзіны часткова прызнаў сваю віну, і адзіны з абвінавачаных слухаў прысуд не ў так званым «акварыюме».
Астатнія абвінавачаныя зноў абражалі пракурораў і судзьдзяў і пагражалі журналістам. Беларускі грамадзянін Даніла Ляшук з пазыўным «Маджахед», атрыманым пасьля прыняцьця ісламу, нават пусьціўся ў скокі на лаве падсудных.
Арганізатарам злачыннай групоўкі сьледзтва называе былога камандзіра «Тарнада» Руслана Анішчанку. На суд ён надзеў футболку з цытатай з песьні расейскага гурту Любэ: «Комбат, ты сердце не прятал за спины ребят». У мінулым, яшчэ да вайны, Анішчанка быў тройчы судзімы — за выкраданьне чалавека, вымаганьне, незаконнае захоўваньне зброі, крадзяжы. Па тых жа артыкулах групоўку абвінавачваюць і за іх дзеяньні ў Луганскай вобласьці. Самі вайскоўцы абвінавачваньні адмаўляюць. Кажуць: ім помсьцяць за тое, што змагаліся ў зоне антытэрарыстычнай апэрацыі зь незаконным правозам тавараў на некантраляваную урадам тэрыторыю.
У выніку судзьдзі прызналі ўсіх вінаватымі і абвясьцілі прысуды, хоць яны былі і мякчэйшымі, чым прасіла пракуратура. Анішчанку далі 11 гадоў замест 15, якіх патрабавала абвінавачваньне, Ляшуку — 10, шасьцярым ваенным — ад 8 да 9 гадоў, яшчэ чацьвярым — умоўныя тэрміны.
Абодва бакі па заканчэньні пасяджэньня заявілі, што незадаволеныя прысудам і будуць аспрэчваць яго ў апэляцыйным судзе.
„Мы абсалютна ня згодныя з прысудам, — заявіў пасьля заканчэньня пасяджэньня адвакат“ тарнадаўцаў» Уладзімір Якімаў. — Усе паўтара года, пакуль ідзе слуханьне, абвінавачаньне будуецца выключна на паказаньнях пацярпелых«.
«Мы лічым, што суд вынес абвінавачаным занадта мяккае пакараньне», — падкрэсьліў у адказ на гэта вайсковы пракурор Руслан Краўчанка.