11 красавіка пачынаецца візыт у Беларусь парлямэнцкай дэлегацыі Польшчы. Яе ачольвае сустаршыня польска-беларускай групы Сэйму Адам Андрушкевіч.
Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе Палаты прадстаўнікоў, з польскімі дэпутатамі сустрэнуцца іх беларускія калегі, у прыватнасьці намесьнік старшыні Палаты Баляслаў Пірштук, кіраўнік працоўнай групы па супрацоўніцтве з парлямэнтам Польшчы Андрэй Навумовіч ды іншыя. Акрамя таго, у праграме візыту — наведваньне Наваградзкага і Лідзкага райвыканкамаў, некаторых рэгіянальных прадпрыемстваў, сустрэча з прадстаўнікамі Асацыяцыі польскага бізнэсу ў Беларусі.
Ніводная краіна ў сьвеце, бадай, акрамя Расеі, апошнім часам так актыўна не кантактуе зь беларускімі дэпутатамі, як Польшча. Напрыканцы студзеня Варшаву наведала дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў на чале зь Пірштуком. Летась у Беларусі пабывалі дзьве парлямэнцкія дэлегацыі з Польшчы: на чале са сьпікерам Сэнату Польшчы Станіславам Карчэўскім у сьнежні і на чале зь віцэ-сьпікерам Сэйму Рышардам Тэрлецкім у жніўні. І вось ужо чацьвёртыя перамовы.
«Мабыць, дагэтуль польскае кіраўніцтва канчаткова для сябе ня вырашыла: сышла Беларусь са шляху нейкай, няхай і адноснай, дэмакратызацыі альбо не — кажа Свабодзе беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў. — Падобна, у Варшаве яшчэ спадзяюцца, што вяртаньне магчымае. Пра гэта яны і хочуць паразмаўляць са сваімі калегамі з Нацыянальнага Сходу Беларусі.
І тут польскія парлямэнтары робяць вялікую памылку. Яны думаюць, што Нацыянальны Сход, як і парлямэнты цывілізаваных краінаў, уплывае на зьнешнюю палітыку. Насамрэч цяпер гэта ня так. Таму я параіў бы польскім дэпутатам не марнаваць часу. Калі яны хочуць нешта даведацца, то няхай зьвяртаюцца ў прэзыдэнцкую адміністрацыю альбо ў Міністэрства замежных спраў».
Магчыма, дэпутаты абедзьвюх краін на перамовах закрануць і марш у памяць «праклятых салдат», які адбыўся 26 лютага 2017 году ў Гайнаўцы.
На наступны дзень пасьля гэтай акцыі Андрэй Навумовіч назваў яе «цынічнай правакацыяй». Ён заявіў, што ў Нацыянальным Сходзе зь вялікім жалем успрынялі навіну аб паўторным правядзеньні ў польскім горадзе Гайнаўцы праварадыкальнага маршу з мэтай гераізацыі асобных дзеячоў польскага падпольля 1940–1950-х гадоў, вядомых як «праклятыя салдаты»:
«Нельга ігнараваць гістарычную праўду аб тым, што на сумленьні некаторых з гэтых дзеячоў — дзясяткі мірных жыхароў Падляшша, якія былі зьнішчаныя толькі таму, што належалі да беларускага этнасу. У прыватнасьці, лічу нялішнім нагадаць, што адзін з такіх „палявых камандзіраў“ — Рамуальд Райс па мянушцы Буры — аддаў загад аб зьнішчэньні 60 беларускіх вёсак, у тым ліку аб спальваньні жывымі жыхароў вёскі Заляшаны. Хачу нагадаць, што органамі судовай улады Рэспублікі Польшча дзеяньні Райса былі афіцыйна прызнаныя генацыдам.
Правядзеньне маршу, які ўсхваляе падобных ваенных злачынцаў, у Гайнаўцы — горадзе зь беларускай этнічнай большасьцю — зьяўляецца, на маю думку, цынічнай правакацыяй, накіраванай на штучнае распальваньне варожасьці паміж беларусамі і палякамі, нагнятаньне напружанасьці на нацыянальнай і канфэсіянальнай падставе».
Кіраўнік беларускай групы заклікаў польскіх калегаў-парлямэнтароў катэгарычна асудзіць падобныя правакацыі і процідзейнічаць ім у далейшым.
Паводле Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы, Райс адказны за забойствы беларусаў на Падляшшы ў 1944–1946 гадах. Зьнішчэньне ягоным атрадам беларускіх вёсак і праваслаўных беларусаў Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы прызнаў злачынствам з прыкметамі генацыду.
Польска-беларускія стасункі доўгі час былі замарожаныя — ад разгону Плошчы ў Менску ў 2010-м да 2016 году, калі ў сакавіку Беларусь наведаў міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі.
Некаторыя экспэрты мяркуюць, што праз запрашэньне беларускай дэлегацыі ў студзені 2017 году наведаць Польшчу польскія дэпутаты дэ-факта прызналі Палату прадстаўнікоў.
Ня ўсім у Сэйме гэта падабаецца. Так, пасьля наведваньня Варшавы беларускай дэлегацыяй у студзені дэпутат Робэрт Тышкевіч заявіў:
«Ствараецца ўражаньне, што цяперашняе кіраўніцтва Сэйму робіць крок у напрамку легітымізацыі недэмакратычнага беларускага парлямэнту. Урад і выканаўчая ўлада дзеля прагматыкі павінны часам сустракацца і размаўляць. Але няма такой патрэбы, каб весьці прагматычны дыялёг з уладамі Беларусі на парлямэнцкім форуме. Хай ідзе размова на ўзроўні міністэрстваў аб канкрэтных справах, але з інаўгурацыяй міжпарлямэнцкіх адносін мы павінны пачакаць. Прынамсі да таго часу, пакуль беларускі парлямэнт ня будзе абраны шляхам дэмакратычных выбараў».