На актывіста Кабанава склалі тры новыя пратаколы

Аляксандар Кабанаў

Адразу тры пратаколы міліцыя склала на сябра АГП зь Бярозы Аляксандра Кабанава.

Міліцыянты зь Бярозаўскага РАУС выклікалі актывіста яшчэ ў суботу 8 красавіка. Але Аляксандар Кабанаў зьявіўся ў пастарунку толькі 10-га, паколькі, зь яго слоў, у суботу меў сустрэчу ў Берасьці:

«Справы, паводле якіх я мусіў даць тлумачэньні, проста несур’ёзныя. Першая зь іх — нязначнае ДТЗ на аўто, якое нават мне не належыць. Там атрымалася зусім непрыкметная драпіна. Другая справа наагул вельмі дзіўная: аддзел прымусовага выкананьня чамусьці падаў мяне ў вышук. Я не разумею такой лёгікі. У РАУС тлумачыў, што не хаваюся ні ад кога. Сказаў міліцыянтам, у тым ліку і ўчастковаму, які быў у кабінэце, што калі мяне выклікаюць, то я заўсёды зьяўляюся ў РАУС. Ніхто мяне не прыводзіць гвалтам, але я сам прыходжу на патрабаваньне. Ды і наагул, я ж у турме сядзеў, адбываў адміністрацыйнае пакараньне зусім нядаўна. На якой падставе мяне шукаюць і чаму? Я не зразумеў. Што да трэцяга пратаколу, што быў складзены на мяне — то гэта тое, што я не зьявіўся ў суботу ў РАУС на позву. Я патлумачыў, што ў гэты дзень кантактаваў зь міліцыянтамі і паведамляў ім, што заключаю дамову з адвакатам, таму ня змог зьявіцца».

На думку Аляксандра Кабанава, гэта дробныя зачэпкі, непрыемныя, але міліцыянты відавочна выконваюць загад зьверху, перасьледуючы яго:

«Гэта зусім не ініцыятыва ўчастковага, як я зразумеў. Яны ведаюць, што я сустракаюся зь людзьмі, ежджу па розных гарадах вобласьці. Таму намагаюцца сарваць гэтыя сустрэчы. Але ж няма ў маіх дзеяньнях ніякага крыміналу. І раней праводзіў сустрэчы, а вось цяпер раптам яны сталі небясьпечныя чамусьці. А гэтыя зачэпкі — проста фармальнасьці. Хоць, шчыра скажу, сёньня ў РАУС зьявіўся з сабранымі рэчамі. МІліцыянты яшчэ запыталіся, маўляў, навошта яны табе. На што я адказаў, што калі мяне апошнім часам выклікаюць, то я апынаюся за кратамі. Яны пачалі апраўдвацца, казаць, што ў позьве ж напісана, што выклікаюць мяне для таго, каб правесьці размову, апытаньне скласьці. Таму мне не да жартаў цяпер».