Акцыя, за якую судзьдзя Бярозаўскага суду Натальля Мінчанка прызнала Аляксандра Кабанава вінаватым, адбылася ў Берасьці 5 сакавіка.
На пачатку паседжаньня адвакат Аляксандра Кабанава заявіў, што справа ўвогуле не павінна разглядацца, бо ў пратаколе выяўленыя шматлікія парушэньні пры яго складаньні і запаўненьні. Аднак судзьдзя хадайніцтва аб накіраваньні пратаколу на дапрацоўку не задаволіла.
На судзе сьведчылі два міліцыянты зь Берасьця. Маёр Ленінскага РАУС Берасьця Сяргей Шчаперка, які раней сьведчыў на судах супраць іншых удзельнікаў той акцыі, заявіў, што 5 сакавіка Аляксандар Кабанаў праз мэгафон казаў, што «трэба зьбірацца, выказваць сваю думку, не згаджацца, бо так мы нічога не даб’емся».
У часе паседжаньня былі прагледжаныя відэакадры апэратыўнай здымкі акцыі, якую вялі міліцыянты.
Аляксандар Кабанаў сваёй віны не прызнаў. Сказаў, што прыехаў у Берасьце на сустрэчу з старшынём Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандрам Рагачуком, якая адбывалася ў той дзень. Спадар Кабанаў сказаў, што пікету ён не праводзіў, а праз мэгафон зьвяртаўся да прысутных, каб тыя праходзілі на сустрэчу з старшынём гарвыканкаму. Таксама, сказаў актывіст, ён зьвярнуўся праз гукаўзмацняльнік да міліцыянтаў, каб тыя кантралявалі правакатараў, якія былі ў натоўпе.
Хоць і перакананы ў сваёй невінаватасьці, на суд Аляксандар Кабанаў прыйшоў з торбамі, у якія склаў прадукты і кнігі, каб узяць з сабой у ізалятар часовага ўтрыманьня.
Перад судом ён сказаў карэспандэнту Свабоды, што, на яго думку, прысудзяць яму менавіта зьняволеньне:
«Дадуць суткі. Адназначна, 25 і 26 я буду сядзець, таму што будзе адбывацца Дзень Волі і „Марш недармаедаў“, які мы ў Бярозе арганізоўваем. Таму мяне не дапусьцяць на іх».
Спадар Кабанаў сказаў, што ён апавясьціў мясцовыя ўлады, што 26 сакавіка ў Бярозе будзе акцыя пратэсту:
«Я заяўку на акцыю не падаваў, я іх проста апавясьціў, што будзе сход. І мне на іх меркаваньне і дазволы абсалютна „фіялетава“. Таму што паводле Канстытуцыі мы маем права сабрацца, выказаць сваё незадавальненьне і гэтак далей. Я проста запрасіў чыноўнікаў, каб яны прыйшлі і адказалі на пытаньні народу».
Як і меркаваў актывіст, на акцыі 25 і 26 сакавіка ён ня трапіць. З залі суду яго забраў канвой адседжваць 10 сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня.