Як паведамяецца на сайце пракрамлёўскай арганізацыі, 27 красавіка ў міжнародным байк-цэнтры ў Ніжніх Мнеўніках стартуе мотапрабег «Дарогі Перамогі — на Бэрлін».
Байкеры плянуюць праехаць наступным маршрутам: Масква, Смаленск, Менск, Берасьце, Варшава, Уроцлаў, Будапешт, Браціслава, Прага, Дрэздэн, Бэрлін.
«Падчас штогадовага маршу удзельнікі наведваюць магілы савецкіх салдатаў, што вызвалілі сьвет ад фашызму, і нагадваюць жыхарам эўрапейскіх краінаў пра сапраўдных герояў вайны, помнікі якіх актыўна зносяць на вызваленых імі землях. Да мотамаршу далучаецца ўсё больш эўрапейцаў, а таксама прадстаўнікі розных рэгіёнаў, у тым ліку Чачні. Такое рашэньне прынятае падчас майго нядаўняга візыту ў Грозны», — паведамляе лідэр «Начных ваўкоў» Аляксандар Залдастанаў.
Цяперашні мотапрабег — трэці запар. Папярэднія акцыі суправаджаліся скандаламі на беларуска-польскай мяжы, калі польскія памежнікі адмаўляліся прапускаць чальцоў клюбу на чале зь іхным кіраўніком Залдастанавым, які ў байкерскім асяродку мае мянушку «Хірург». Прарвацца ў Эўразьвяз абходнымі шляхамі ўдавалася адзінкавым матацыклістам.
Тым часам у Беларусі «ваўкам» Залдастанава арганізоўвалі прыём, іх суправаджаў эскорт ДАІ, актывісты БРСМ сустракалі хлебам-сольлю і сьпевамі. На Кургане Славы да расейцаў на сваім «харлеі» далучаўся Віктар Лукашэнка, старэйшы сын кіраўніка краіны і прэзыдэнцкі дарадца ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. У Беларусі дзейнічае філія расейскага мотаклюбу.
На сайце «Начных ваўкоў» паведамляецца, што марш падзелены на тры этапы — расейскі, беларускі і эўрапейскі. Агулам, як спадзяюцца арганізатары, у акцыі «Дарогі Перамогі — на Бэрлін» могуць узяць удзел 20 тысяч матацыклістаў.