Павал Хадзінскі, тэкст і фота
З суботы на нядзелю ў менскім катэдральным касьцёле адбывалася начное чуваньне.
Чуваньне — ад слова чуваць, ня спаць, быць падрыхтаваным. Такія чуваньні адбываюцца два разы на год — перад Вялікаднем і Раством. Вы заходзіце ў касьцёл, ідзе набажэнства, а пасьля касьцёл замыкаюць, і людзі ўнутры застаюцца ў ім да ранку.
Перадвелікоднае чуваньне ў менскім катэдральным касьцёле сабрала тры сотні вернікаў. Яны занялі месцы на лавах, уздоўж сьценак ля спавядальняў, проста на падлозе. Некаторыя былі падрыхтаваныя — узялі з сабою плед і тэрмас.
Набажэнства вялі кіраўнікі касьцёлу — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і апостальскі нунцый (амбасадар Папы) арцыбіскуп Габар Пінтэр.
Начны час і манатонныя малітвы хілілі некаторых маладых у сон. Да таго ж падчас пэўнай практыкі — Адарацыі — трэба гадзіну маўкліва сядзяць, альбо стаяць укленчанымі. Гэта ня так і проста.
Эрык, 24 гады. Чуваньне— гэта час, калі ты можаш сканцэнтравацца на Божых справах. Бо магчымасьць патусіць ёсьць заўжды, а хаця б гэты час трэба скарыстаць, каб правесьці яго з Богам, паразважаць над жыцьцём. Тут шмат моладзі, ты адчуваеш касьцельную еднасьць.
Эдзік, 20 гадоў. Я тут таму, што гэта перад Вялікаднем. І я шмат накасячыў. На чуваньні ўжо чацьверты раз. Ёсьць жаданьне абнавіцца, ачысьціцца. На працы шмат хто ведае, што я каталік — амаль усе «паралельна» ставяцца, хтосьці атэіст, хтосьці агностык. Мне і сёньня прапаноўвалі адпачыць паехаць за горад, але я тут. А ўвогуле я працую бармэнам.
Вераніка, 24 гады. Я люблю Бога — і я тут. Я па сэрцы прыйшла, адчула што трэба быць. На чуваньні хаджу апошнія гады два-тры. Я вучуся ў магістратуры. Магу і ва ўнівэр Біблію прынесьці. Я не запрашаю з сабою, гэта асабістая справа. Але першы крок каб пазнаёміць іншых з Богам — гэта падараваць Біблію. Яе могуць, вядома, паставіць на паліцу, але ж і я магу спытаць у гэтых сяброў: «Ну як вам?» І мы паразмаўляем.
Марыя, 21 год. Другі раз тут. Перад Вялікаднем жадаецца нешта асаблівае адчуць. Больш успрымаеш у гэты час. Інакш, чым на нядзельным набажэнстве, але складана растлумачыць. Зь дзяцінства ў касьцёле, раней бабуля вадзіла, потым сама. Некаторыя знаёмыя захапляюцца гэтым, некаторыя выказваюць сваё незадавальненьне. Я спрабавала час ад часу з сабою ўзяць кагосьці, але галоўнае, каб чалавек сам жадаў. Што я магу?
Ліза, 20 гадоў. Мяне сяброўка паклікала, першы раз тут. Усё спадабалася, асабліва крыжовы шлях, калі ўсе паўтаралі рухі, якія паказвалі акторы.
Ганна, 20 гадоў. Я тут сьпяваю ў хоры. Некалькі гадоў таму пабывала на чуваньні. Яно мяне так уразіла. Гэта як іншы сусьвет. Мне нават складана падабраць словы. Усё, што тут адбываецца, мяне асьвятляе. На працы людзі ведаюць пра маю веру. А нядаўна я ў працоўным рэзюмэ напісала: «я веру». Дзяўчына, якая прымала мяне на працу, паглядзела так дзіўна і спытала: «Ува што?» Я адказала: «У Бога». Яна спытала, у якога Бога, а я адказала, што ён у нас адзіны. На працу мяне ўзялі.