Сябра гарадзенскай арганізацыі БХД Антон Войцехаў быў асуджаны за ўдзел у двух «маршах недармаедаў». На першы раз яго аштрафавалі, а другім разам прысудзілі 10 сутак арышту. Свабодзе Войцехаў сказаў, што ўпершыню сядзеў на сутках.
Найперш дзякаваў усім, хто яму дапамагаў у гэтыя дні пераадолець гэтыя суткі:
— Мне пастаянна перадавалі перадачы, незнаёмыя людзі з усяе Беларусі дасылалі лісты, паштоўкі — гэта вельмі дапамагала, а таму ўдзячны ўсім гэтым людзям за падтрымку.
— У якіх ўмовах даводзілася адбываць пакараньне?
— Умовы часам былі зусім жудасныя: кіпень не прыносілі, прыбіральня не працавала, на шпацыр не выпускалі. Я ўпершыню трапіў у такія ўмовы. Але я зразумеў: тое, што яны нас садзяць на суткі, гэта ўжо на людзей не паўплывае. На маю думку, людзі ўжо ня спыняцца перад тым, каб набліжаць зьмены ў нашай краіне.
— Ці даходзіла нейкая інфармацыя?
— Так, перадавалі «Народную волю», «Свободные новости». Вось усе ў камэры і даведваліся пра тое, што робіцца на волі.
— Вашыя сукамернікі цікавіліся, за што вы сядзіце?
— Так, вядома. Праўда, кантынгент быў своеасаблівы — як правіла, людзі, якія трапілі за побытавыя альбо крымінальныя злачынствы. Праўда, іх чамусьці многае цікавіла з таго, за што я сюды трапіў. Шмат ім расказваў, як я бачу тое, што адбываецца ў краіне. Для некаторых мае погляды былі адкрыцьцём, і мае сукамернікі казалі, што абавязкова наступным разам прыйдуць на Плошчу, каб прыняць удзел у акцыі апазыцыі.
— Першы глыток паветра на волі ня моцна ўскружыў галаву?
— Так, сапраўды, гэты першы глыток вольнага паветра на поўныя лёгкія — гэта нешта асаблівае. Цяжка нават пераказаць словамі, што гэта значыць. Усё ж свабода — гэта не пустое слова. У мяне зь першым глытком свабоднага паветра нават затрэсьліся рукі.