Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Патапаў пра «Жодзінскія ўнівэрсытэты»


Павал Патапаў
Павал Патапаў

Павал Патапаў, 22 гады, праграміст, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі. Прэвэнтыўна затрыманы напярэдадні Дня Волі.

— Я прыйшоў 24 сакавіка да офісу партыі «зялёных», каб перадаць рэчы затрыманым на «маршы недармаедаў». Нават у будынак, дзе месьціцца офіс, не зайшлі. Спыніліся, бо нам не спадабаўся выгляд людзей у цывільным.

Неўзабаве высьветлілася, што гэта міліцыянты. Яны сказалі, што зьдзейсьнена злачынства і што яны павінны нас праверыць. Прапанавалі праехаць зь імі. Мы апынуліся ў Маскоўскім РУУС.

А далей адносна хутка: суд — «лаяліся матам» — прысуд 12 сутак — Акрэсьціна. З Акрэсьціна трапілі ў Жодзінскую турму.

Я сам да палітычных арганізацый не належу, але ў цэлым за падзеямі сачу і стараюся ў некаторых падзеях паўдзельнічаць.

У Жодзіне ў турме я апынуўся ў адной камэры з, сярод іншых, Кастусём Ахроменкам, Паўлам Юхневічам, Уладзімерам Валодзіным — адным з тых «зялёных», якім мы несьлі рэчы для перадачы.

Усе гэтыя дні прайшлі досыць добра. Нягледзячы на тое, што ў камэры былі тараканы, смурод і давалі немагчымую для спажываньня ежу.

Усё было досыць весела, цікава. Апошнія дні быў «Лятучы ўнівэрсытэт». Кожны ў свабоднай форме распавядаў нейкую тэму.

Вова (Уладзімер Валодзін. — РС) распавёў пра пратэсты студэнтаў у СССР. Кастусь — як разьвіваецца акадэмічная музыка. Я каротка распавёў пра розныя аспэкты інтэрнэту, Саша — пра вэганства, а Глеб Вайкуль — пра кампанію «Студэнты супраць».

Дні ў гэтым пляне мінулі вельмі прадуктыўна.

Не шкадую, але вяртацца туды зноў не хачу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG