Электрычка і цягнік «Масква — Берасьце» сутыкнуліся на захадзе Масквы недалёка ад Беларускага вакзала.
Сутыкненне справакаваў мужчына, які пераходзіў пуці ў неналежным месцы. Машыніст электрычкі экстрана затармазіў на ўздыме, састаў скаціўся назад і зачапіў цягнік Масква — Берасьце, у якім знаходзіліся 450 пасажыраў.
У выніку здарэньня два вагоны сышлі з рэек. Аварыя паралізавала чыгуначныя зносіны на Беларускім кірунку, пашкодзіла высакавольтныя лініі электраперадачы.
Паводле інфармацыі Беларускай чыгункі, адразу пасля аварыі былі шпіталізаваныя 8 чалавек.
Паводле паведамленьня з афіцыйнага твітэра МЗС Беларусі, сярод пацярпелых — два грамадзяніны Беларусі.
Адзін зь іх — музыка Раман Волазьнеў, пераможца конкурсу кавэраў на песьню «Радыё Свабода» ў 2014 годзе.
Пасьля здарэньня яго даставілі ў Навукова-дасьледчы інстытут хуткай дапамогі імя Скліфасоўскага. Там Свабодзе па тэлефоне паведамілі, што ў выніку сутыкненьня Раман атрымаў рану на правай скроні, яму аказалі неабходную мэдыцынскую дапамогу і раніцай 9 красавіка выпісалі.
У электрычцы ехалі каля 20 пасажыраў, ніхто зь іх не пацярпеў.
Усяго да мэдыкаў зьвярнуліся каля 50 чалавек, у асноўным — з ударамі і парэзамі шклом, паведамляе «Інтэрфакс».