Паўтара дзясятка жыхароў Гомеля, якія прысутнічалі на судзе па абвінавачваньні прадстаўніка незалежнага прафсаюзу РЭП Віктара Казлова ў дробным хуліганстве, накіравалі начальніку абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў Уладзімеру Захарчуку заяву пра зьдзяйсьненьне правапарушэньняў з боку супрацоўнікаў міліцыі.
Пра гэта Радыё Свабода распавёў праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка:
«У заяве я і іншыя падпісанты ўказалі, што 4 красавіка прысутнічалі ў судзе Гомельскага раёну і чулі, як супрацоўнікі АМАПу Аляксандар Сярдзюк, Раман Курбатаў і Аляксандар Саўчанка, папярэджаныя судом пад подпіс пра адказнасьць за даваньне непраўдзівых паказаньняў, ілжэсьведчылі супраць Віктара Казлова. Іншымі словамі, учынілі адміністрацыйнае правапарушэньне паводле артыкулу 24.4 КаАП».
У пацьвярджэньне заяўнікі ўказалі, пра што менавіта згаданыя амапаўцы сьведчылі ў судзе: уранку 25 сакавіка, едучы на службовай аўтамашыне па вуліцы ў вёсцы Цярэшкавічы, чулі, як Віктар Казлоў «гучна лаяўся матам, на заўвагі не рэагаваў, пры затрыманьні аказаў супраціў».
Ілжэсьведчаньні абвяргаюцца мэдычнымі заключэньнямі, якія прафсаюзны актывіст падаў суду: пасьля апэрацыі на выдаленьне часткі лёгкага 67-гадовы Віктар Казлоў размаўляе толькі шэптам.
Ад імя грамадзкасьці падпісанты заяўляюць, што амапаўцы Сярдзюк, Курбатаў і Саўчанка ўчынілі грамадзка-небясьпечнае адміністрацыйнае правапарушэньне і, паводле закону «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь», паводле сваіх маральна-псыхалягічных якасьцяў ня маюць права знаходзіцца на службе ў міліцыі.
Заяўнікі патрабуюць адхіліць згаданых супрацоўнікаў АМАПу ад выкананьня службовых абавязкаў з тым, каб яны не ўчынілі новых правапарушэньняў, а таксама правесьці ў дачыненьні да іх службовую праверку на дэтэктары хлусьні і такім чынам вызначыць іх маральна-псыхалягічныя якасьці. Па выніках праверкі вырашыць, ці мэтазгодна працягваць ім службу ў органах унутраных спраў.
Леанід Судаленка дадае, што Аляксандар Сярдзюк яшчэ ў 2014 годзе «засьвяціўся» ў лжэсьведчаньні ў дачыненьні да гомельскага маладафронтаўца Андруся Цянюты, які таксама быў абвінавачаны ў лаянцы і размахваньні рукамі на пустой вуліцы апоўначы, літаральна за сотню крокаў ад свайго дому.
Тым часам разгляд адміністрацыйнай справы супраць Віктара Казлова, абвінавачанага амапаўцамі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні, мае быць працягнуты ў Гомельскім раённым судзе 13 красавіка.