Сёньня будзе агалошаны прысуд гімназісту, які параніў настаўніцу нажом

Менскі гарадзкі суд

Сёньня будзе пастаўленая кропка ў гучнай справе аб нападзе вучня на настаўніцу расейскай мовы і літаратуры. Прысуд навучэнцу сталічнай гімназіі № 74 абвесьцяць у Менскім гарадзкім судзе ў 14:30. Непаўналетняга падсуднага паўтара месяца судзілі паводле абвінавачаньня ў замаху на забойства.

Напад адбыўся раніцай 23 траўня 2016 году. Паводле ўправы Сьледчага камітэту па Менску, «настаўніца праз тэлефон паведаміла сваёй дачцэ, што адзін са старшаклясьнікаў некалькі разоў ударыў яе нявысьветленым вострым прадметам».

Выклікалі хуткую дапамогу, пацярпелую настаўніцу шпіталізавалі. Старшаклясьніка, які напаў на настаўніцу, затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА на Валадарскага. Пасьля сьледзтва ў лютым 2017 году юнак стаў перад судом. У мэдыі пратачыліся зьвесткі, што падсуднага завуць Данат С. Яму пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Вядома, што да інцыдэнту хлопец не стаяў на ўліку паводле псыхіятрычнага захворваньня. Фота- і відэаздымкі на судзе былі забароненыя.