Прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў у час паездкі на Бабруйскі завод трактарных дэталяў нагадаў абяцаньні ўладаў пра давядзеньне сярэдняга заробку да 500 даляраў да канца 2017 году, перадае БелТА.
«У кожнага прадпрыемства ёсьць свае арыентыры ў залежнасьці ад галіновай прыналежнасьці, але ўвогуле такія пэрспэктывы праглядаюцца. Нашая задача — рэалізаваць гэта на практыцы, — казаў Кабякоў пра сярэдні заробак у 1000 беларускіх рублёў. Ён падкрэсьліў, што «рост заробкаў мусіць быць прывязаны да прадукцыйнасьці працы, раздачы незаробленых грошай ня будзе».
Аляксандар Лукашэнка абяцае беларусам сярэдні заробак па 500 даляраў больш як 10 гадоў. У лютым 2017 году (апошнія на сёньня зьвесткі Белстату) сярэдні заробак склаў 716,5 рубля — столькі ж, колькі ў лютым 2016-га. Паводле сярэдняга курсу Нацбанку за люты, гэта 377,76 даляра (летась было 330,79 даляра). Тым часам 4 зь 10 беларусаў ня маюць нават 90 рублёў «на ўсялякі выпадак».
Таксама Кабякоў, як перадае БелТА, нагадаў, што сёлета ў Беларусі мае быць створана 70 тысяч працоўных месцаў:
«Самае галоўнае, каб гэтую працу не ператварылі ў прафанацыю, пагоню за паказьнікамі, справаздачы на паперы без рэальнага выкананьня задачы, — казаў Кабякоў. — Але ёсьць і іншае пытаньне: колькасьць прынятых на працу і тых, каго звальняюць, пакуль не на карысьць прыёму. Гэта значыць, колькасьць занятых пакуль памяншаецца. Але на тое могуць быць розныя прычыны, у тым ліку дэмаграфічнага пляну».
Сапраўды, за мінулы год, паводле афіцыйных зьвестак, звольнілі на 108,1 тысячы чалавек больш, чым прынялі на працу. У студзені і лютым звольненых было больш, чым прынятых на працу, на 6 тысяч чалавек.
Паводле афіцыйна агучаных лічбаў аб рэальным беспрацоўі, за 2016 год беспрацоўнымі сябе назвалі 5,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва — 258,6 тысячы чалавек.