Перад 25 Сакавіка з Вадзімам Лявонам з Наваградку адбылася цэлая эпапэя затрыманьня міліцыяй. Ён распавядае, што яшчэ 22 сакавіка да яго ў вёску ў Наваградзкі раён прыехалі міліцыянты шукаць самагонку, бо, маўляў, паступіў сыгнал.
— У мяне на працягу пяці гадоў, калі адбываюцца чарговыя мітынгі ці яшчэ нейкія палітычныя мерапрыемствы, прыяжджаюць шукаць самагонку. Але ніводнага разу мяне не прыцягвалі да адказнасьці за тое, што я ганю самагонку і прадаю яе, бо ніколі не знайшлі ў мяне той самагонкі. Зрэшты, я яе проста не ганю. Аднак гэтым разам раённая газэта паведаміла, што мяне забралі ў міліцыю менавіта за тое, што я займаюся самагонаварэньнем.
Лявон распавядае, што падчас ператрусу міліцыянты знайшлі ў яго цэлы архіў самых розных апазыцыйных выданьняў, буклетаў, газэтаў, іншай друкаванай законнай прадукцыі, якую ён зьбіраў зь 2006-га па 2016 год. На ўсіх гэтых друкаваных выданьнях былі выходныя зьвесткі.
— Гэта была друкаваная прадукцыя яшчэ з часоў выбараў Мілінкевіча, іншых выбараў і кампаніяў і да 2016 году. Я проста зьбіраў архіў, і там, як правіла, усіх гэтых папераў было па некалькі аднолькавых экзэмпляраў. Нешта проста заставалася пасьля выбарчых ці іншых кампаніяў, рэфэрэндумаў, і я далучаў усе гэтыя паперы ў архіў. Дарэчы, міліцыянты загрузілі ёю цэлую «газэль». Яны калі гэта пабачылі, паехалі і выпісалі новую пастанову на мой арышт за нібыта распаўсюд незарэгістраванай друкаванай прадукцыі.
Паводле Лявона, у Наваградку ў пастарунку ягоную друкаваную прадукцыю разьбіралі больш сямі гадзінаў. У сьпісе міліцыянтаў, паводле яго, налічвалася больш ста пунктаў, пад якімі былі запісаныя ягоныя архіўныя паперы.
— Так яны ўсяго цалкам пры мне і не пералічылі. Склалі пратакол за распаўсюд незарэгістраванай друкаванай прадукцыі і ў дзьве гадзіны ночы адпусьцілі. Я паехаў дадому, бо раніцай трэба было на працу.
А на наступны дзень, паводле Лявона, пачалося самае цікавае. Ужо ў абед 23 сакавіка да яго на працу зноў прыехалі міліцыянты і сказалі, што ён павінен ехаць зь імі ў суд, паколькі на яго складзены пратакол за дробнае хуліганства.
— А ў судзе мяне зьдзівілі яшчэ больш, бо там абвінавацілі ў тым, што падчас майго знаходжаньня ў РАУС я пабіў міліцыянта, лаяўся там нецэнзурна і ўрэшце самавольна ўцёк з РАУСу ў дзьве гадзіны ночы. Я быў у шоку, казаў суду, каб паказалі здымкі зь відэакамэраў, якія ёсьць у РАУСе. Мне сказалі, што відэакамэры не зьяўляюцца доказамі, адмовіліся таксама запрасіць сьведак, якія знаходзіліся ў міліцыі ў якасьці панятых, бо гэта, маўляў, немэтазгодна. Праўда, у якасьці сьведак яны прадставілі двух чалавек, якіх у той вечар затрымалі за распаўсюд наркотыкаў і якія тады таксама знаходзіліся ў РАУС. Супраць мяне сьведчылі два наркаманы. Карацей, мне далі 4 сутак за тое, што пабіў міліцыянта і ўцёк, і 3 сутак — за непавагу да суду, бо, маўляў, не зьявіўся на працэс, а недзе хаваўся. Хоць міліцыя мяне забрала проста на працы.
Гісторыя на гэтым не сканчаецца, паколькі на наступны дзень у Наваградак прыехаў сябар Лявона Вадзім Бабін і прывёз яму ў вязьніцу перадачу. Ужо калі ён хацеў вяртацца дадому, на вакзале яго затрымалі міліцыянты.
— На яго склалі пратакол за лаянку ў грамадзкім месцы і таксама асудзілі. Мы адбывалі пакараньне ў Карэліцкім ІЧУ. Ставіліся да нас нармальна, праблемаў не было, адзінае, не давалі магчымасьці патэлефанаваць дадому.
Пасьля выхаду зь вязьніцы Лявон зьвярнуўся да юрыстаў «Вясны» і рыхтуе дакумэнты, каб падаць у суд на міліцыянта, які напісаў заяву на тое, што Лявон нібыта зьбіў яго ў пастарунку, а таксама на лжэсьведкаў, якія давалі паказаньні супраць яго ў судзе.
— Калі я дамагаўся ад міліцыянтаў адказу, за што супраць мяне сфальсіфікавалі справу, мне адказвалі: «Ты сам ведаеш, адкуль ногі растуць...»