Паводле зьвестак Санкт-Пецярбурскага аддзяленьня беларускай амбасады, у выбуху ў піцерскім мэтро 3 красавіка пацярпеў адзін грамадзянін Беларусі.
Пагрозы жыцьцю пацярпелага няма. Яму зрабілі апэрацыю, стан сярэдняй ступені цяжкасьці. Сваякам пацярпелага паведамілі пра ягоны стан, іншых падрабязнасьцяў не прыводзіцца.
Усяго ў выбуху, які расейскія сьледчыя і прадстаўнікі ўладаў ужо называюць тэрактам, загінулі сама меней 11 чалавек, паўсотні людзей параненыя. У Санкт-Пецярбургу абвешчаная трохдзённая жалоба.
Беларуская сьпявачка ў Піцеры пра тэракт: Успомніла выбух у менскім мэтро
Выбух адбыўся на перагоне між станцыямі «Сянная плошча» і «Тэхналягічны інстытут». У час выбуху да сустрэчы ў Санкт-Пецярбурзе рыхтаваліся Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка. Сустрэчу не скасавалі, фармальная частка пачалася праз паўгадзіны пасьля выбуху.
Сустрэча цягнулася ад 15-й да 21 гадзіны. Кіраўнікі Беларусі і Расеі дамовіліся пра газ, стасункі з ЗША і ЭЗ, рэфінансаваньне даўгоў.