Паўла Севярынца, які адбывае арышт, зноў будуць судзіць 10 красавіка

  • БелаПАН

Суд над удзельнікамі акцыі недармаедаў і журналістамі ў Воршы. На фота - Павал Севярынец. Ворша, 13 сакавіка 2017 году

Сустаршыню «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Паўла Севярынца, які з 31 сакавіка адбывае 10-сутачны арышт за акцыю абароны Курапатаў, 10 красавіка будуць судзіць зноў — гэтым разам за акцыю ля будынку КДБ вечарам 31 сакавіка. Пра гэта паведаміла прэс-служба БХД са спасылкай на жонку палітыка Вольгу Севярынец.

Суд адбудзецца ў апошні дзень тэрміну зьняволеньня Севярынца. Калі суд не вынесе рашэньне аб чарговым арышце, то сустаршыню БХД павінны вызваліць 10 красавіка прыблізна ў 19.00.

Затрыманы ўвечары 31 сакавіка ў Менску на акцыі салідарнасьці ля будынку КДБ Севярынец знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна.

Раніцай 31 сакавіка Севярынец быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі абароны Курапатаў 24 лютага. Аднак пасьля абвяшчэньня прысуду палітык затрыманы ня быў, ён без перашкод пакінуў будынак суду.

Увечары таго ж дня Севярынец прыйшоў да КДБ, каб узяць удзел у акцыі салідарнасьці з затрыманымі ў справе аб так званай арганізацыі масавых беспарадкаў. Ён пасьпеў падняць два плякаты з партрэтамі затрыманых і выгукнуць «Свабоду палітвязьням!». Акрамя яго былі затрыманыя яшчэ некалькі чалавек. Севярынца даставілі ў Цэнтральнае РУУС, адкуль адвезьлі ў турму на Акрэсьціна.