Заяўнікі прапануюць збор 26 красавіка а 18.30 каля Тэатру опэры і балету, ад 19.00 шэсьце вуліцаю Максіма Багдановіча да Чарнобыльскай капліцы, што на скрыжаваньні Арлоўскай і Карастаянавай. Каля Чарнобыльскай капліцы а 20-й гадзіне плянуецца ўскладаньне кветак і запальваньне зьнічоў.
Пад заяўкай стаяць подпісы прадстаўнікоў партыі БНФ, аргкамітэту партыі «БХД», кампаніі «Гавары праўду», руху «За свабоду» і партыі «Зялёныя». На акцыі маюць гучаць лёзунгі супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС і лёзунг «„Не“ — Чарнобылю экалягічнаму і палітычнаму».
Your browser doesn’t support HTML5
«Мы спадзяёмся, што такі фармат акцыі будзе дазволены, — кажа Свабодзе адзін зь сяброў аргкамітэту, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі. — Па-першае, маршрут новы, ня той, якім за шмат гадоў людзі стаміліся хадзіць. Па-другое, ён не канфрантацыйны. Зразумела, пасьля падзеяў 25 сакавіка разьлічваць на тое, што шэсьце ў цэнтар будзе дазволенае, не выпадае, а праводзіць недазволеную акцыю ў гэтых умовах немэтазгодна. На такое шэсьце, я спадзяюся, ва ўладаў хопіць розуму і мужнасьці даць дазвол, каб адзначыць гэтую жалобную дату без эксцэсаў і рэпрэсіяў».
Чарнобыльскі шлях Беларусі: як адзначалі гадавіну трагедыі
Але дазволенасьць акцыі не абараняе ад затрыманьняў: менскі «Марш недармаедаў» 15 сакавіка быў санкцыянаваны ўладамі і прайшоў дазволеным маршрутам, але і перад ім, і пасьля яго былі жорсткія затрыманьні, шмат людзей было аштрафавана і пасаджана на суткі. Ці гатовыя арганізатары да затрыманьняў нават на санкцыянаваным «Чарнобыльскім шляху»?
«Безумоўна, улады страцілі галаву і забылі пра ўсялякую законнасьць, раз на дазволенай акцыі былі затрыманьні, — кажа Садоўскі. — Але трэба зазначыць, што асноўная частка затрыманьняў тычылася анархістаў, якія закрывалі свае твары. Зразумела, мы гэта ацэньваем як незаконныя дзеяньні, а ўжываньне сілы — неправамерным. Ды на акцыю 26 красавіка мы заклікаем прыходзіць, не закрываючы твараў. Нам няма чаго і ад каго хаваць.
Я спадзяюся, у гэтым выпадку затрыманьняў ня будзе. Мы як арганізатары зробім усё, што ад нас залежыць, каб не было нават мінімальных фармальных падстаў для затрыманьняў».