Ганна Соўсь: Найперш скажыце, калі ласка, колькі дзён, гадзінаў вашы блізкія людзі ўжо за кратамі, хто ў турме КДБ, хто ў турме на Валадарскага, і ці атрымалі вы хаця б якую вестачку ад іх і пра іх?
Ніна Шыдлоўская: Міраслаў Лазоўскі, як і большасьць затрыманых, якіх абвінавачваюць у гэтай фальсыфікаванай справе, быў затрыманы 21-га ўвечары, дзесьці паміж 7-й і 8-й гадзінай вечара, і з таго самага часу ён арыштаваны. Мы ведаем, што адзін раз быў дапушчаны да яго адвакат. Фізычна ён у нармальным стане, відавочна ён не адчувае і не ёсьць вінаватым, і мы спадзяемся, што ўсё ж такі абвінавачаньні ня будуць выстаўленыя.
Наста Дашкевіч: Зьмітра затрымалі крыху пазьней за астатніх сяброў, у сераду 23-га. Нам таксама вядома, што яго аднойчы бачыў адвакат падчас гэтак званых сьледчых дзеяньняў. Зьміцер безумоўна абураны тым, што яму выдумляюць. Як ужо адзначыў Мікалай Статкевіч, гэтыя масавыя беспарадкі рыхтаваліся нібыта з 2011 году — нагадаю, што ў 2011 годзе Зьміцер Дашкевіч быў у турме. Але вядомы ягоны бадзёры дух. Ён сьмяецца, жартуе, чакае, што будзе далей.
Юлія Бурштановіч: Апошні раз мы з Віктарам бачыліся ў аўторак, і ён перастаў выходзіць на сувязь увечары 21 сакавіка. Потым мы ўжо даведаліся, што ён затрыманы. З таго часу мы ня бачыліся, зьвестак пра яго няма, адзін раз дапусьцілі адвакатку, яна сказала, што ён трымаецца добра, у вельмі стабільным фізычным стане, зьнешне ніякіх пашкоджаньняў няма на целе, размаўляць зь ім адно задавальненьне, так сказалі маме...
Альпініст, інструктар «Чырвонага крыжа», неабыякавы чалавек
Соўсь: А як даўно вы знаёмыя?
Бурштановіч: Ужо чатыры гады. І два гады жывем разам.
Соўсь: Ці не маглі б вы расказаць больш пра Віктара? Зьміцер Дашкевіч добра вядомы аўдыторыі Свабоды, Міраслаў Лазоўскі ў меншай ступені, але таксама вядомы. А пра Віктара зусім мала вядома. Чым вы ганарыцеся ў ім? Чаму, на ваш погляд, улады палічылі яго небясьпечным?
Ён падаўся мне вельмі адукаваным, выхаваным, вельмі арыстакратычным мужчынам, і з таго часу мы ўжо не расставаліся
Бурштановіч: Мы пазнаёміліся зь ім чатыры гады таму, калі мне патрэбная была дапамога. Я зьбіралася паказваць казку ў дзіцячых дамах і шукала, хто зможа дапамагчы арганізаваць паказы, падарункі дзецям і знайсьці адрасы дзіцячых дамоў. Я шукала кантактную асобу, каб мне дапамаглі, шукала, куды зьвярнуцца, як гэта ўсё наладзіць. З першага тэлефоннага званку я вырашыла, што гэта мой будучы муж. Яму я яшчэ пра гэта не казала. Ён падаўся мне вельмі адукаваным, выхаваным, вельмі арыстакратычным мужчынам, і з таго часу мы ўжо не расставаліся. Мы абое беларускамоўныя, магчыма таму ім і зацікавіліся. Гэта чалавек, які ўмее думаць самастойна, на меркаваньне яго цяжка паўплываць, ён шмат чытае, цікавіцца шмат чым, ня так даўно скончыў курсы прамысловага альпінізму. Таксама ён інструктар «Чырвонага крыжа». Віктар не спыняецца ў сваёй адукацыі. Я як чалавек не абыякавы да тых, хто побач, ведаю, што ён дапамагае жанчынам, жывёлам, дзецям... На вуліцы, калі нешта здараецца, дапамагае вырашаць канфлікты. Гэта вялікі дыплямат і наогул цудоўны чалавек.
Соўсь: Юля, а вы чым займаецеся, ці патрэбная вам цяпер дапамога? Ці ёсьць у вас падтрымка?
Бурштановіч: На шчасьце, я адчуваю падтрымку сяброў, сваякоў, на працы таксама. Я працую перакладчыкам у тэатральнай сфэры, а таксама выкладчыцай францускай мовы для дзяцей. Галоўнае для мяне — пабачыцца ці проста займець нейкія зьвесткі пра яго, таму я вельмі спадзяюся на хуткія навіны ад адваката. На шчасьце, я адчуваю маральную падтрымку, бо я ўпершыню сутыкнулася з такім ціскам, я крышачку разгубленая пакуль што.
Падзяка ад Янкі Запрудніка
Соўсь: Ніна, ці маглі б вы болей расказаць пра Міраслава Лазоўскага?
Цяжка ўвогуле знайсьці чалавека, які прачытаў бы столькі гістарычнай літаратуры, колькі прачытаў ён
Шыдлоўская: Міраслаў мае вышэйшую інжынэрную адукацыю. Ён вельмі цікавіцца з самага дзяцінства вайсковай гісторыяй, пры тым яго найбольш цікавіць напалеонаўскі пэрыяд, ён можа даваць кансультацыі па дробязях ад вайсковых дзеяньняў Напалеона да рыштунку. Цяжка ўвогуле знайсьці чалавека, які прачытаў бы столькі гістарычнай літаратуры, колькі прачытаў ён. Ён цудоўна малюе. У свой час у газэце «Свабода», якая ў 90-я гады пачала выходзіць, ён маляваў шаржы. У яго цудоўны аналітычны розум, пачуцьцё гумару. І калі зьявілася арганізацыя «Белы легіён», тады яшчэ ён быў студэнтам, ён ня мог не далучыцца да супольнасьці патрыётаў, якія ня толькі вучылі беларускую праўдзівую гісторыю і мову, хоць ён валодае ёй вельмі добра, дзякуючы бацькам найперш. Ён разумеў, што ў здаровым целе здаровы дух, таму далучыўся да людзей, якія акрамя тэарэтычных ведаў займаліся яшчэ ўласным самаразьвіцьцём, у тым ліку і фізычным.
Ён чалавек з шырокімі плячыма...
З таго часу, гэта быў канец 90-х гадоў, калі «Белы легіён» існаваў як структура, яны ўдзельнічалі ва ўсіх буйных мерапрыемствах, якія ладзіла дэмакратычная апазыцыя, як ахова парадку. Гэта было і забесьпячэньне парадку падчас правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сіл за незалежнасьць, і дапамога аховы падчас правядзеньня Зьезду беларусаў сьвету. Напрыклад, Янка Запруднік і іншыя слынныя вядомыя асобы былі ў захапленьні, наколькі яны дыпляматычна, карэктна, дакладна яна працавалі. Калі зьнікла патрэба ў існаваньні такой структуры як «Белы легіён», яна дзесьці з сярэдзіны 2000-х гадоў ужо не існуе, кантакты паміж людзьмі, якія пасябравалі, засталіся. І большасьць тых, хто зараз затрыманы, ужо даўно падтрымліваюць выключна сяброўскія стасункі, таму што гэта і кола інтарэсаў супольнае, і перакрыжаваньні, калі дзяцей адзін у аднаго хрысьцяць. Засталася супольнасьць добрых сяброў, якія ведаюць адзін аднаго добра і давяраюць адзін аднаму. Міраслаў акрамя гэтага апошнія гады працаваў у сетцы беларускага кніжнага распаўсюду, ня толькі ў гандлі, але яшчэ і ў папулярызацыі беларускай кнігі, асабліва ў рэгіёнах. Ён вельмі шмат езьдзіць па рэгіёнах. Сустракаецца з бібліятэкарамі, пераконвае нашых беларускіх бібліятэкараў, чаму важна і варта прадстаўляць чытачу і рэкамэндаваць беларускамоўную кнігу, і гэта яго асноўны занятак апошнія гады.
Ён чалавек з шырокімі плячыма... Як ён казаў, бабулі чамусьці мяне заўсёды просяць перавесьці пра дарогу. Гэта добрай натуры чалавек, звышадукаваны, надзейны як сябра, на якога можа пакласьціся ў любых побытавых, жыцьцёвых сытуацыях. Дарэчы, такімі зьяўляюцца большасьць тых людзей, якія сталі сябрамі Міраслава і зараз хутчэй за ўсё што па гэтай прыкмеце іх трымаюць у КДБ і шыюць гэтую, відавочна, фальсыфікаваную справу.
Соўсь: Выглядае, што хоць зараз вы ўжо ня муж і жонка, але вы захавалі добрыя адносіны.
Шыдлоўская: Больш за тое, мы ня проста добрыя адносіны захавалі, мы і працуем у адной сфэры і разам шмат якія мерапрыемствы ладзім. Але з чалавечага пункту гледжаньня скажу абсалютна шчыра, што мы і тады былі ня проста муж з жонкаю. І зараз мы застаёмся нават не сябрамі, мы вельмі блізкія адзін аднаму людзі, нават гэта глыбей чым сваяцтва, гэта пэўная роднасьць душаў.
Арышт і аўтарытэт
Соўсь: Пра Зьмітра Дашкевіча расказваць можна шмат, але гэта і ня трэба, бо ён дастаткова вядомы. Лідэр «Маладога Фронту», чалавек, які неаднойчы зазнаў зьняволеньне з палітычных матываў, бацька двух дзяцей... Чым вы найбольш ганарыцеся? Чаму ўлады лічаць яго небясьпечным?
І ён вельмі незалежны, ён не залежыць ад меркаваньняў нават аўтарытэтных для яго людзей
Дашкевіч: Я ганаруся тым, што Зьміцер вельмі прынцыповы паводле сваіх каштоўнасьцяў чалавек, паводле сваіх прынцыпаў, сваёй працы. І ён вельмі незалежны, ён не залежыць ад меркаваньняў нават аўтарытэтных для яго людзей. Многія людзі, якія аўтарытэтныя для яго ў палітыцы і прыемныя яму як асобы... Але ён заўсёды меў сваё меркаваньне, як трэба дзейнічаць у той ці іншай сытуацыі. Мне здаецца, што праз вось гэты аўтарытэт, які мае Зьміцер, ён зараз і арыштаваны, а таксама праз тое, што ён можа і ўмее выбудоўваць якасныя каманды, людзей, якія ня толькі паплечнікі, але і сябры і і роднымі духам. Мы можам бачыць, што арыштаваныя шэсьць маладафронтаўцаў. Гэта каманда, сябры, аднадумцы, якія дзейнічаюць разам у многіх акцыя, кампаніях, гэта тыя шэсьць чалавек, якія пачыналі абарону Курапатаў. Гэта такі неразлучны кулак, які спрабуюць разьбіць у тым ліку з дапамогай гэтай крымінальнай справы. Я магу сказаць, што ганаруся Зьміцерам як мужам, як татам, што ён цудоўны бацька, і безумоўна, дзецям яго вельмі не хапае.
Мова як падмурак
Соўсь: Ніна, Юлія, Наста, як вы мяркуеце, акрамя гэтай справы аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, што абʼядноўвае Зьмітра Дашкевіча, Міраслава Лазоўскага і Віктара Данілава, як і астатніх 24 фігурантаў гэтай справы? Сяргей Дубавец у сваім Фэйсбуку напісаў, напрыклад, што ўсіх затрыманых напярэдадні Дня Волі (а гэта каля 300 чалавек) абʼядноўвае тое, што яны беларускамоўныя. Ці толькі гэта?
эта годныя асобы. Гэта лідэры па сваёй сутнасьці, якія здольныя, маючы сваё меркаваньне, запальваць годнай думкай, бачаньнем разьвіцьця краіны сэрцы іншым
Шыдлоўская: Відавочна, ня толькі гэта. Мова — гэта падмурак. Тут ужо няма падзелу, маеш прыналежнасьць да «Маладога фронту» ці да былога «Белага легіёну» — гэта ўсе нашы, шчырыя беларусы, патрыёты, якія ёсьць сэрцам нацыі. Вось гэта іх аб’ядноўвае. Гэта годныя асобы. Гэта лідэры па сваёй сутнасьці, якія здольныя, маючы сваё меркаваньне, запальваць годнай думкай, бачаньнем разьвіцьця краіны сэрцы іншым. Яны дзейсныя, вельмі адказныя людзі, неабыякавыя і ў побыце, і ў грамадзянскай пазыцыі. Гэта тыя, хто павінны быць апірышчам для любой дзяржавы, каб захоўваць незалежнасьць краіны. На жаль, яны сёньня сталі нават пэўнай разьменнай манэтай у гульні, якую ўлада праводзіць, і якую, мне хочацца верыць, яны своечасова зразумеюць і спыняць.
Бурштановіч: Я далучаюся да словаў спадарыні Ніны і таксама лічу, што гэта адны з самых надзейных асобаў, сапраўдных патрыётаў нашай краіны, і захоўваю надзею, што гэта ўсё хутка скончыцца і яны выйдуць і змогуць і надалей прасоўваць беларускую мову і культуру. Хацелася б, каб усе мы зьліліся думкамі, каб патрымаць іх, бо ім гэта зараз вельмі неабходна.
«Амэрыканка»
Соўсь: Наста, вы давялося сядзець у турме КДБ у 2011 годзе. З вашага асабістага досьведу, што бы вы маглі сказаць цяпер Ніне, Юліі, у чым супакоіць, а ў чым параіць трымацца?
Дашкевіч: Магу супакоіць, што побытавыя ўмовы ў гэтай турме лепшыя, чым дзе-небудзь у Менску, а можа і ў краіне. Побытавы ўзровень там высокі, там добрае харчаваньне, а ўсё астатняе залежыць ад таго падыходу, які будзе абраны да кожнага зь іх. СІЗА КДБ і ўвогуле справы, якія вядуць камітэтчыкі, заўсёды адрозьніваюцца ад тых справаў, якія вядуць звычайныя прадстаўнікі МУС, паколькі існуюць пэрсанальныя падыходы да кожнага, з кожным па-рознаму размаўляюць, СІЗА КДБ вядомае тым, што туды складана прабіцца адвакатам, асабліва па палітычных справах. Але туды як да сябе дахаты ходзяць апэратыўныя супрацоўнікі КДБ, адбываецца вельмі многа розных размоваў, але не як допыты без прысутнасьці адвакатаў і сьледчых. Але мы будзем спадзявацца, што гэта таксама дапаможа хутчэй разабрацца... Скляпаць нейкую выдуманую гісторыю на гэтых годных асобаў не атрымаецца. Я вельмі спадзяюся, што ўсе гэтыя людзі хутка выйдуць і абвінавачаньні не будуць выстаўленыя напрыканцы тыдня.
Калі прыходзіць КДБ
Соўсь: Юлія, Наста мае вялікі досьвед і барацьбы, зьведала рэпрэсіі, несправядлівасьць, ведае як чакаць і як сустракаць. А наколькі зьмянілася ваша жыцьцё, вашы погляды, прыярытэты, пасьля таго як уначы ў вашу кватэру прайшлі супрацоўнікі КДБ?
Я разьлічваю свае сілы і проста яго чакаю
Бурштановіч: Для мяне гэта быў шок, спачатку я напужалася. Сам факт, што ўначы да дзьвюх жанчын уламаліся 7 мужчынаў у масках і з аўтаматамі... Цяпер для мяне прыярытэтнай задачай зьяўляецца расказваць пра Віктара, што гэта годны чалавек, і абвяргаць тое, што кажуць па БТ і іншых тэлеканалах, а таксама пакрокава рабіць усё, што трэба — зрабіць перадачу, перадаць, каб усё было па сьпісе. Я гэта раблю. Трэба чакаць — я чакаю. Трэба пачакаць тры дні — я чакаю тры дні. Проста без панікі, без такіх эмоцый. Я разьлічваю свае сілы і проста яго чакаю. Мне лягчэй робіцца ад таго, што я цяпер ведаю, што трэба чакаць пятніцы вечара, калі што, то яшчэ 10 дзён... Дапамагае, што ёсьць такія дзяўчаты, як Наста, якія мне распавядаюць, у якіх умовах яны жывуць, гэта мяне супакойвае. Шмат чытаю зараз літаратуры, і пра КДБ, і наогул пра зьняволеных.
Соўсь: А якія кнігі вы чытаеце?
Бурштановіч: Я чытала артыкулы ў інтэрнэце ад тых людзей, хто ўжо пабываў там. А так, на шчасьце, на працы ўсё добра, і канцэрты, і заняткі. Проста чакаю.
«Зброі ў Міраслава не было ніколі»
Соўсь: Ніна, вы ў гэтыя сталі такім маторам салідарнасьці, аб’ядналі блізкіх людзей, якія цяпер за кратамі. «Бацькаўшчына», Саюз беларускіх пісьменьнікаў выступілі з заявай у справе «Белага легіёну». Цяпер шмат гучыць заклікаў і зваротаў да ўладаў Беларусі спыніць рэпрэсіі. Але калі ўлічваць падыходы такіх арганізацый, як напрыклад «Міжнародная амністыя», то вельмі часта яна не прызнае палітвязьнямі зьняволеных, калі была хаця б якая прыкмета гвалту. Так не прызнавалі палітвязьнямі анархістаў, арыштаваных у 2010 годзе, не прызнавалі Сяргея Каваленку, не прызнаюць цяпер Андрэя Бандарэнку. У выпадку з так званай справай «Белага легіёну» фігуруе зброя, ёсьць спробы з боку ўладаў патлумачыць эўрапейцам барацьбой з тэрарызмам, што для тых вельмі балючае пытаньне. Ці можа тут узьнікнуць праблема з боку міжнародных праваабарончых арганізацый?
у Міраслава ніколі не было зброі
Шыдлоўская: Відавочна, што насамрэч улады спрабуюць гэтай манэтай згуляць, але я хацела адзначыць: зброя, якая знойдзеная ў Міраслава, на 100% была падкінутая яму. Таму што ў Міраслава ніколі не было зброі. А ўсе ўлёткі, нашыўкі — дык гэта ў большасьці беларусаў можна штосьці падобнае знайсьці. Зброі ў Міраслава не было ніколі. І тое, што паказвалі, быццам бы, знойдзенае ў яго машыне, — чысьцейшая хлусьня. Тое, што паказвалі адносна Віктара — тая паляўнічая зброя, якая ў яго была, была зарэгістраваная легальна. І не дасьць мне схлусіць Юля, што калі да іх прыйшлі, яны адразу сказалі, заявілі, што ёсьць зарэгістраваная зброя ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам. Гэта паляўнічая зброя. Усё астатняе — гэта муляжы для навучальнай ваеннай падрыхтоўкі, бо чым займаецца Віктар, Юля таксама распавяла. А таму наша задача, і міжнароднай супольнасьці, пры тым розных абсалютна структурных арганізацый, у тым ліку і прадстаўнікам амбасадаў, давесьці, што тая карцінка, жахлівейшая, якую спрабуюць стварыць нашы ўлады, што гэта фальсыфікацыя. Ні зброі, ні схронаў, тым больш, што і «Легіёну» таго як структуры не існуе.
кадры, паказаныя на БТ, гэта проста паклёп і мантаж
Бурштановіч: Захоўвалася паляўнічая зброя, участковы ведае, у Віктара ёсьць дазвол. На жаль, яго забралі падчас ператрусу. То бок гэта ўсё было зарэгістравана афіцыяльна. Астатнія макеты, каўчукавыя нажы ці драўляныя пісталеты — гэта ўсё выкарыстоўвалася выключна для заняткаў у школе, дзе выкладаў Віктар даваенную падрыхтоўку. Таму я спадзяюся, што журналісты разьбяруцца, будуць ведаць, што гэта была хлусьня, і кадры, паказаныя на БТ, гэта проста паклёп і мантаж.
Калі мужчыны ў турме
Соўсь: Як вы мяркуеце, а што могуць жанчыны, калі мужчыны за кратамі?
на гэтыя жаночыя плечы кладзецца велізарнейшая нагрузка
Дашкевіч: Яны могуць амаль што ўсё. Яны могуць па-першае абараняць сваіх мужоў, братоў альбо татаў, бо часта падключаюцца ня толькі жонкі, але сёстры, маці да гэтай абароны. Яны могуць на сябе браць ролю публічнага адваката, яны могуць у гэты час станавіцца палітычнымі, грамадзкімі дзеячамі, каторыя не толькі прадстаўляюць інтарэсы сваіх любімых людзей, але пры гэты абараняюць супольнасьць, у тым ліку краіну, прадстаўляючы рэальную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў нас. Таксама наўпроставы і самы важны абавязак — гэта падтрымка канкрэтна гэтых людзей ці максымальнае ліставаньне, падтрымка чым заўгодна: паштоўкамі, перадачамі, ежай, нейкімі асаблівымі рэчамі, якія пра нешта нагадаюць альбо тым, што зробіць ягоны дзень больш прыемным. Можна арганізоўваць кампаніі салідарнасьці. На вялікі жаль, на гэтыя жаночыя плечы кладзецца велізарнейшая нагрузка і, магчыма, ня ўсе адчуваюць, што гэта іх, ня ўсе становяцца на такі шлях кругласуткавай варты, але самае важнае, самае асноўнае — гэта маральная падтрымка хлапцоў. І ад гэтага фактычна будзе залежыць усё. Ад таго наколькі вы будзеце трымацца будзе залежыць наколькі яны будуць трымацца, наколькі яны будуць упэўнена адчуваць сябе.
Найбольш важна падтрымліваць іх, перадаваць праз адвакатаў асабістую інфармацыю
Іх ламаюць у тым ліку праз стан невядомасьці, што з тваёй жонкай, што з тваімі дзецьмі, ім кепска, яны плачуць, яны просяць, каб ты ўсё прызнаў і выйшаў хутчэй да іх. Не, так не павінна быць. Мы павінны паказваць, што вы трымайцеся, у нас усё добра, усё ў парадку, мы робім усё, каб вам дапамагчы, каб яны не маглі маніпуляваць намі і прадстаўляць ілжывую інфармацыю пра тое, што нібы мы іх не падтрымліваем. Найбольш важна падтрымліваць іх, перадаваць праз адвакатаў асабістую інфармацыю. Яны перажывуць без таго, што адбываецца ў краіне, але сказаць, што мы зрабілі сабе новую фрызуру ці набылі сабе новую сукенку — гэта значыць сказаць, што вы добра трымаецеся, і гэтай інфармацыі будзе дастаткова, каб зразумець, што ўсё ў парадку дома.
Салідарнасьць
Соўсь: Ніна, ведаю, што вы ў сталым кантакце з блізкімі ўсіх затрыманых па гэтай справе. Як шмат могуць жанчыны зрабіць?
Асабліва, канешне, цяжка мамам
Шыдлоўская: Наста практычна ўсё распавяла. Галоўная і салідарнасьць паміж семʼямі, падтрымліваць адзін аднаго і трымацца для таго, каб нашым шаноўным, дарагім і самым лепшым хлопцам там было лягчэй. Адносна зьнешняй камунікацыі падтрымліваю цалкам Насту. Ва ўсім ёсьць добрае. І я рада, што хай з такой кепскай-кепскай нагоды, але з Настай мы яшчэ шчыльней пачалі камунікаваць і працаваць. Нам самім, тым, хто перажывае за нашых хлопцаў, важна знаходзіць пазытыў ва ўсёй гэтай сытуацыі, радавацца, колькі добрых людзей вакол, як яны падтрымліваюць нават ня ведаючы нашых хлопцаў, і перадаваць гэта вестачкай туды праз адвакатаў, каб яны адчувалі, што мы імі ганарымся, таму што яны цудоўныя людзі, грамадзяне, мужы, бацькі. А тут максымальна інфармаваць і міжнародную супольнасьць, і разьбіваць вось гэты вобраз нейкіх незразумелых бандытаў, які спрабуюць стварыць і разыграць як нейкую разьменную манэту. І каб наша грамадзтва ведала, што яны, насамрэч, гонар нацыі спрабуюць ачарніць. Людзі мусяць ведаць, што адбываецца. Чалавечая, грамадзкая праца кладзецца на нашы плечы. Падтрымка адна адной. Асабліва, канешне, цяжка мамам. Каб яны разумелі, што іхнае здароўе гэта зараз самая вялікая каштоўнасьць для іх сыноў.
Роднасьць душаў
Соўсь: Юля, вы сказалі, што калі вы пазнаёміліся, то адразу адчулі, што Віктар — гэта блізкі вам чалавек. Ці ёсьць у вас адчуваньне, што хоць вы і ў розных месцах знаходзіцеся, што захоўваецца духоўная сувязь паміж вамі? Ці адчуваеце вы, як ён там?
Гэтая каштоўная сувязь не разарвалася і цяпер
Бурштановіч: Гэтая роднасьць душаў адразу адчулася і даходзіла да таго, што мы маглі думаць адзін пра аднаго і правяралі потым. Гэтая каштоўная сувязь не разарвалася і цяпер. Я ганаруся, што мы разам трымаемся гэтыя чатыры гады, адносіны застаюцца ў такім жа ўзвышаным настроі, як у першы дзень знаёмства. Таму зараз я таксама адчуваю яго, і гэта ня жарт. Я інтуітыўна гэта ўсё адчуваю, я спадзяюся, што ён таксама. Я аб ім шмат думаю, і праз адваката таксама буду перадаваць, што ў нас усё добра, што я добра сябе адчуваю. Я павінна добра выглядаць, добра сябе адчуваць проста каб гэтым яму маральна дапамагаць.