Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ: Сярод затрыманых актывістаў «Белага легіёну» — прафэсійныя баевікі


Сьледчы ізалятар КДБ
Сьледчы ізалятар КДБ

У Камітэце дзяржаўнай бясьпекі пачалі крымінальную справу па факце навучаньня і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч.3 арт.293 КК РБ). У КДБ заяўляюць, што затрыманыя актывісты «Белага легіёну» на чале зь Міраславам Лазоўскім, а таксама «Маладога фронту» на чале зь Зьмітром Дашкевічам — усяго 26 чалавек.

Як паведамляе агенцтва БелТА, праведзена 29 ператрусаў на месцах «іх жыхарства, перабываньня і захоўваньня прадметаў і дакумэнтаў». Канфіскавалі, як сьцьвярджаюць, аўтамат Калашнікава, 3 карабіны, 2 пісталеты, патроны, гранаты, дубінкі, кідальныя нажы і сякеры, прадметы і рэчывы для вырабу самаробных выбуховых прыладаў, вайсковую форму, бронекамізэлькі, каскі, мэдычныя аптэчкі натаўскага ўзору, розную атрыбутыку батальёну «Азоў», «Тактычнай групы Беларусь», УНА-УНСО, а таксама дапаможнікі для вядзеньня баявых дзеяньняў у горадзе.

Апэратыўна-сьледчыя дзеяньні ў крымінальнай справе працягваюцца, у тым ліку з мэтай устанаўленьня і затрыманьня ўсіх датычных да супрацьпраўнай дзейнасьці.

«Пры гэтым у выпадку зь „Белым легіёнам“ мы маем справу з прафэсійна падрыхтаванымі баевікамі ўзростам ад 25 да 43 гадоў», — піша БелТА са спасылкай на КДБ.

Спэцслужбы не выключаюць, што канфіскаваную ў актывістаў «Белага легіёну» зброю плянавалася выкарыстоўваць падчас вулічных акцыяў 25 сакавіка. Паводле КДБ, лідэры «Белага легіёну» ў гэтых жа мэтах мелі намер прыцягнуць актывістаў «Маладога Фронту» на чале са Зьмітром Дашкевічам. Плянавалася таксама прыбыцьцё баевікоў з Украіны. Гаворка пра прыхільнікаў УНА-УНСО, зь якімі «Белы легіён» цесна супрацоўнічае яшчэ з 90-х, а таксама пра іншых асобаў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны ў складзе нацыяналістычных фармаваньняў, піша БелТА.

Акрамя таго, атрыманыя дадзеныя пра магчымы ўдзел у акцыях экстрэмісцка настроеных груп моладзі зь ліку замежных грамадзян у мэтах падтрымкі арганізатараў пратэстнага мерапрыемства ў Беларусі, — дадае КДБ.

Пры затрыманьні Міраслава Лазоўскага канфіскаваныя аўтамат, патроны і халодная зброя, паведамілі ў Камітэце дзяржбясьпекі. Лазоўскі затрыманы 21 сакавіка па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага арт.293 КК РБ (масавыя беспарадкі). Падчас ператрусу па месцы жыхарства Лазоўскага выяўленыя і сканфіскаваныя некалькі адзінак халоднай зброі (сякеры, нажы, мачэтэ), тэлескапічная дубінка, прыклад ад аўтамата, сымболіка нацыяналістычных беларускіх і ўкраінскіх арганізацыяў і структураў, галаўны ўбор з вышытым гербам «Белы легіён». Пры вобшуку аўтамабіля затрыманага выяўленыя аўтамат АК-74 без прыкладу і нумару, а таксама два магазыны з патронамі да яго. Лазоўскі зьмешчаны ў СІЗА КДБ Беларусі.

Адразу па двух дзяржаўных тэлеканалах — АНТ і БТ — у вечаровых выпусках навінаў паказалі вельмі падобныя сюжэты пра прадухіленьне масавых беспарадкаў, з аднымі і тымі ж «апэратыўнымі здымкамі».

Абодва тэлеканалы паказалі «схрон» у раёне вёскі Церабейнае Стаўпецкага раёна са зброяй і баепрыпасамі, якія быццам бы належылі арганізацыі «Белы рэгіён».

«Гэта гермэтычна ўпакаваныя з дапамогай паліэтылену кавалкі поліэтылену, а таксама дзьве плястыкавыя ёмістасьці. У адной знаходзілася таксама нарэзаная арматура, у другой ёмістасьці — выбуховыя прыстасаваньні, а менаіта 6 гранат і 6 запалаў да гэтых гранат», — ідзе закадравы тэкст.

Потым паказалі мужчыну ў акулярах, якога не назвалі, але паведамілі, што гэта «адзін з затрыманых, які падзяліўся плянамі на бліжэйшую суботу». Мужчына сказаў, што гэта ўсё — «для таго, каб адбівацца ад праваахоўных органаў ў выпадку масавых беспарадкаў». І распавёў, чым яны займаліся:

«Перасоўваньне групамі адпрацоўвалі ва ўмовах баявых дзеяньняў, практыкаваліся ў стральбе. У плянах было вывучаць тактыку боя ў гарадзкіх умовах. Кіраўнік нам заўсёды даводзіў задачы — Віця Данілаў [адзін з затрыманых актывістаў «Белага легіёну»]. І на месцах я бачыў што, магчыма, і Міраслаў Лазоўскі», — няўпэўнена сказаў мужчына ў акулярах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG