Ламай шаблёны

Алег Дашкевіч

Бываюць розныя Дні Волі — радасныя й сумныя, напружаныя й расслабленыя, з чыстым небам альбо як учора. Але распавяду выпадак, які надта засеў у памяці.

Недзе на мяжы тысячагодзьдзяў 25 сакавіка пасьля шэсьця мы невялікай кампаніяй апынуліся ў нейкім бары на Траецкім прадмесьці.

Замовілі па сто з бутэрбродамі, гукнулі — Жыве Беларусь! — і пачалі абмяркоўваць бягучыя падзеі ў краіне й па-за ёй.

Побач, за суседнім столікам нешта сьвяткавала кампанія маладзёнаў, якая таксама гучна абмяркоўвала ўнутраную й міжнародную сытуацыю. Размовы нашы часам перасякаліся й было заўважна, што мы трымаемся розных поглядаў амаль па ўсіх пытаньнях.

Высьветлілася, што моладзь за суседнім столікам ёсьць курсантамі школы міліцыі. Цягам невялікага часу размова дзьвюх нашых кампаній стала агульнай. Размаўлялі пра гісторыю Беларусі, Пагоню, БЧБ-сьцяг і бягучыя падзеі.

Градус нашае размовы, якая паступова перацякла ў спрэчку, відавочна падвышаўся. Шукаючы пераканаўчыя аргумэнты, твары з абодвух бакоў наліваліся чырвоным колерам, на лбах выразна крэсьліліся жылы, сьціскаліся кулакі.

Гутарка скакала з тэмы на тэму, але мы ўсё болей разыходзіліся ў ацэнках рэчаіснасьці. Карацей, надышоў час, калі мы падняліся са сваіх зэдлікаў, каб канчаткова высьветліць, хто мае рацыю.

Бармэнка, адчуваючы, як паветра набрыняла электрычнасьцю, пачала выстаўляць нас за дзьверы, але было позна.

Геаграфія нашае спрэчкі «ад родных ніў, ад роднай хаты» імкліва пашыралася й дасягнула былой Югаславіі, дзе разгараўся Косаўскі канфлікт.

Канфлікт мусіў успыхнуць і ў нашым бары. Мы стаялі твар да твару, нас было меней, разысьціся не было ўжо ніякае магчымасьці.

Як кажуць — кропка незвароту прамінула. Вось-вось мусіла пачацца так званая гарачая фаза.

Але сярод нас быў мой прыяцель Сева.

Круглы твар, акуляры з тоўстымі шкельцамі, зусім не атлетычная пастава. Такі батан-батаном з выгляду, калі б не адмысловыя хітраватыя вочы за тымі тоўстымі шкельцамі.

Вочы ў Севы былі такімі хуткімі, учэпістымі, часам пантовымі, нават нахабнымі. То бок, было відаць, што гэтыя вочы належалі галаве, што ацэньвала сытуацыю і шукала нестандартных хадоў.

Раней здаралася, калі справа пачынала патыхаць газай, Сева аўтаматычна здымаў свае акуляры і хаваў іх у кішэню. Вядома, каб не пабілі, бо часам было даставаў па носе.

І зараз, у гэты напружаны момант, Сева таксама пачаў акуратна здымаць акуляры, бліскаючы сваімі няпростымі блізарукімі вачыма.

Шчыра сказаць, шанцаў у нас было мала. Людзей насупраць было болей і маладзёны-курсанты былі ў лепшай спартовай форме.

Але што рабіць... Я гатовы быў ужо счапіцца з вышэйшым на паўгалавы парабкам насупраць, які ўжо сьціскаў кулак, калі Сева, што стаяў трошкі збоку, нанёс свой дакладны й імклівы ўдар.

На паўтону цішэй, але так, каб ягоныя словы былі чуваць парабку-курсанту, Сева запытаў:

— Скажыце, вось вы ў гэтым канфлікце балканскім, за Сэрбію?

Курсант крута разьвярнуўся да Севы і, гатовы кінуцца ўжо на яго, прароў:

— Так, я за Сэрбію! Сэрбы нашы браты!

— А я вось за касавараў, — працягваў Сева амаль раўнадушна.

Зрэнкі парабка пашырыліся, я быў схапіў ужо курсанта за пінжак, але Сева, паказваючы на мяне, дадаў:

— А вось мой сябар таксама за сэрбаў.

Курсант з чырвонымі, вырачанымі ад напругі вачыма, зноў імкліва павярнуўся да мяне і... здранцьвеў. Застыў і я з лацканам ягонага пінжака ў руцэ.

Мы стаялі, глядзелі адно на аднаго, ня ў стане пачаць бойку.

Курсант моршчыў лоб, ня могучы зразумець і асэнсаваць, як бы сказалі на курсанцкай мове, уводную.

У ягоную звыклую схему паводзінаў ніяк не ўкладалася гэтая новая формула.

— Як гэта, — пэўна, думаў ён, — «сябар» і за сэрбаў? Такога ня можа быць.

Я й насамрэч быў у тым канфлікце за сэрбаў, бо мне страшна не падабалася, што ў іх, ня гледзячы на ўсе іхныя памылкі, адбіраюць калыску іхнае гісторыі, спадчыну сэрбскага каралеўскага двара, матрыцу сэрбскай самаідэнтыфікацыі — Косава.

Ясна, што ідэолягі й зампаліты ўвесь час цьвердзілі гэтаму сыну глыбіннае палескае сэльвы, які прыехаў у горад-герой чалавекам стаць, што «сябры» могуць быць толькі за амэрыкосаў, касавараў, хартватаў, за чорта лысага, толькі не за сэрбаў.

За сэрбаў мусілі быць толькі «друзья».

Гэткая акалічнасьць паразіла розум дзецюка, як кажуць, сыстэмнай памылкай.

Я глядзеў, як ён пыхцеў, сіліўся нешта асэнсаваць, неяк выйсьці з такога стану, але ў яго так нічога й не атрымалася.

Ён моршчыў лоб, ягоны позірк відавочна губляў агністасьць і напругу, і ўрэшце ўвесь ягоны запал згас, асыпаўся попелам і нашыя кампаніі разышліся.

Далібог, момант з тым хлопцам нагадаў мне эпізод з савецкага фантастычнага дзіцячага фільма «Масква — Касіяпея», калі робат-выканаўца ня здолеў знайсьці слушны адказ на простую дзіцячую загадку пра тое, як А і Б сядзелі на трубе, і згарэў ад напругі.

Сева зламаў шаблён паводзінаў у крытычнай сытуацыі.

Дзякуючы яму, той Дзень Волі закончыўся для нас і для іх ня так, як мусіў бы закончыцца.

Мне здаецца, што й тыя дзецюкі-курсанты атрымалі добрую нагоду для роздуму, што жыцьцё можа цячы ня толькі просталінейна й галавой лепш ламаць шаблёны, але ня цэглу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.