Валер Шчукін: Я сьпінай да ворагаў не паварочваюся, лепш атрымаю кулю ў грудзі

Праваабаронца Валер Шчукін у міліцыі. Фота «Наш дом»

Свабода датэлефанавалася да праваабаронцы, 75-гадовага Валера Шчукіна, якога пасьля затрыманьня на Дзень Волі і зьдзекаў у міліцэйскім пастарунку адвезьлі ў вайсковы шпіталь. Валер Шчукін у дэталях распавёў, як усё адбывалася.

«Разам з усімі ішоў па праспэкце ад мэтро Парк Чалюскінцаў. Там ніхто хадзіць не забараняў. На плошчы Калініна дарогу перакрылі амонаўцы ў шаломах, запатрабавалі разысьціся. Народ, натуральна, абураўся. Пачалі хапаць па адным, потым прыехала яшчэ некалькі аўтобусаў, нас атачылі, хапалі ўсіх запар, хто не пасьпеў уцячы. Запіхнулі ў звычайны гарадзкі аўтобус. Калі людзі спрабавалі абурацца, валілі на падлогу, надзявалі кайданкі. У тым ліку і малалетак хапалі, гадоў па 14 маладзёнаў.

У мяне прынцыповая пазыцыя — калі наканавана, я лепш атрымаю кулю ў грудзі, а ня ў сьпіну

Прывезьлі ў Заводзкае РУУС. Усіх паставілі тварам да сьцяны шэрагамі. Я, натуральна, адмовіўся, бо я сьпінай да ворага не паварочваюся. У мяне прынцыповая пазыцыя — калі наканавана, лепш атрымаю кулю ў грудзі, а ня ў сьпіну. Пачалі мяне ламаць, круціць, у выніку аказалася, што я сяджу на асфальце. Паставіць мяне тварам да сьцяны яны так і не змаглі. Я больш за дзьве гадзіны сядзеў на мокрым асфальце, натуральна, з мокрым азадкам, бо дождж ішоў. Мяне аж калаціла ад холаду. Потым мяне зацягнулі ў падвал. Палічыў, што на 30 прыступак уніз спускалі. А там цэмэнт.

Потым прыехала «хуткая». Я ня ведаю, хто выклікаў, бо я не зьвяртаўся па мэдычную дапамогу і не патрабаваў «хуткую», і ўвогуле зь міліцыяй не размаўляў. Спрабавалі скласьці на мяне пратакол, а я маўчаў. Рэчы забралі без усялякіх дакумэнтаў, потым вярнулі, праўда. Калі «хуткая» мяне забірала, ціск быў 210 на 100, гэта зашмат. Адвезьлі ў вайсковы шпіталь, там доўга раіліся па тэлефоне, але ўрэшце паклалі. Ціск зьбілі. Цяпер ляжу. Сёньня ніякіх абсьледаваньняў не праводзяць, паколькі нядзеля. У панядзелак будуць вырашаць, што са мной рабіць».


За тры дні да Дня Волі, 22 сакавіка, дэпутату Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, былому палітвязьню, праваабаронцу Валеру Шчукіну споўнілася 75 гадоў. Яго шмат разоў затрымлівала міліцыя, каралі штрафамі і арыштамі за ўдзел у апазыцыйных акцыях. У 2001 годзе адседзеў тры месяцы ў Жодзінскай турме за непадпарадкаваньне ахоўнікам і пабітае шкло ў будынку Міністэрства ўнутраных справаў.