«Улада і народ амаль ня чуюць і не разумеюць адно аднаго...»

Валянцін Жданко

Сёлета Дзень Волі ў Беларусі ня надта падобны да сьвята. Дзясяткі апазыцыйных актывістаў адмыслова да гэтай даты былі кінутыя ў турмы. Улада перапалохана грамадзкай актыўнасьцю і робіць усё магчымае, каб 25 сакавіка людзі ня выйшлі на вуліцы і плошчы.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Вушачаў піша:

«Гляджу онлайн-рэпартажы Радыё Свабода зь Пінску, Берасьця і Бабруйску: паўсюль — маршы „недармаедаў“. Вось у Пінску трое невядомых спрабуюць схапіць блогера Максіма Філіповіча. Невядомыя ня ў форме, не прадстаўляюцца, а значыцца, яны па сутнасьці злачынцы і хочуць скрасьці чалавека. Лягічна? На мой погляд — так.

Ідзём далей. Максіму ўдаецца вырвацца з рук злачынцаў, ён зьвяртаецца па дапамогу да людзей у міліцэйскай уніформе. А тыя адказваюць: „Тэлефануйце на 102“. Адсюль лягічна зрабіць выснову: людзі ў форме — таксама не міліцыянты. Пра гэта сьведчыць і іх вонкавы выгляд — паглядзіце, якія яны адкормленыя. Ці прабяжыць хоць адзін зь іх стомэтроўку хоць на другі юнацкі разрад? Ці здолее хоць адзін зь іх дагнаць злачынцу, калі давядзецца?

Няма сумневу, што ў Маладэчне апазыцыйных лідэраў, якія не зрабілі нічога супрацьзаконнага, таксама захапілі не міліцыянты. І кватэры апазыцыйна настроеных грамадзянаў блякуюць не яны. А калі так, то хто імі кіруе?

Калі вы сумняваецеся ў маіх высновах, спытайце любога грамадзяніна любой дэмакратычнай краіны, і ён пагодзіцца са мной. І яшчэ скажа: „Трэба быць ідыётам, каб мець урад, які давёў краіну да такога стану“. І будзе мець рацыю.

А што ж народ? А народ пратэстуе, але робіць гэта пераважна так, як герой фільму Эльдара Разанава „Гараж“ (актор Андрэй Мягкоў), які на знак пратэсту клаўся ды спаў на стале. У 140-тысячным Пінску на акцыю пратэсту выйшла ўсяго адна тысяча чалавек, або 0,7%. Прыблізна тое самае было і ў іншых гарадах. Калі 25 сакавіка ў Менску будзе такі ж „кворум“, ілбы беларусаў упрыгожыць яшчэ адзін гузак».

Перад 25 сакавіка многія ў Беларусі міжволі ўспаміналі падзеі сьнежня 2010 году. Такая ж гістэрыка ўлады, такія ж масавыя прэвэнтыўныя арышты актывістаў апазыцыі, тая ж ваяўнічая алярмісцкая рыторыка першых асобаў, яўна ахопленых страхам за ўласныя крэслы... І сапраўды, гісторыя можа паўтарыцца. Калі ўладзе чарговы раз удасца запалохаць грамадзтва, утаймаваць хвалю пратэстаў, загнаць унутр абурэньне і нянавісьць — краіна зноў на няпэўны тэрмін апынецца ў зьмярцьвеньні. Бяз грошай, без інвэстыцыяў, са стабільнай галечай і вельмі туманнымі пэрспэктывамі...

Аўтар наступнага ліста Дзьмiтры Аўчыньнiкаў з расейскага Новасыбiрску таксама выказваецца наконт прычынаў і наступстваў усплёску грамадзкіх пратэстаў у Беларусі. Слухач піша:

«Тут мы якраз маем справу зь неэфэктыўнасьцю беларускай дзяржаўнай сыстэмы. Дзяржаўны кіраўнічы апарат працуе ўсё горш, эканоміка, якая амаль спрэс складаецца зь дзяржаўных прадпрыемстваў, усё глыбей правальваецца ў яму крызісу, а прыватная ініцыятыва заціскаецца. Дажываюць апошнія дні парэшткі сацыяльнай дзяржавы — казённыя адукацыя ды ахова здароўя няспынна дэградуюць. І што, магчыма, найбольш важна — у краіне амаль цалкам адсутнічае мэханізм зваротнай сувязі паміж уладай ды насельніцтвам. Зносіны паміж імі носяць выключна аднабаковы характар — зьверху ўніз. У выніку гэтыя два суб’екты жывуць, па сутнасьці, у паралельных сусьветах, амаль ня чуюць і не разумеюць адзін аднаго.

Гісторыя з „дармаедзкім“ дэкрэтам як у кроплі вады адлюстравала заганы кіроўнага рэжыму і збудаванай за 20 год мадэлі кіраваньня. Апроч усяго іншага, яна сьведчыць пра тое, што сам Лукашэнка сёньня знаходзіцца ў разгубленасьці, ня надта ведае, што рабіць далей, як выходзіць з глыбокага крызісу, які ўсё больш ахоплівае краіну. А нешта рабіць трэба, бо ўзровень жыцьця насельніцтва падае, эканамічны рост застаўся ў далёкім мінулым і перадумоваў для яго аднаўленьня ня бачна. Усё гэта пагражае вялізным сацыяльным выбухам, які зрыне існы рэжым.

Зараз вялізнае пытаньне, што будзе далей. Скандальны дэкрэт, відаць, паціху згорнуць, але гэта ня вырашыць усіх праблемаў. Трэба пачынаць рэформы, істотна перабудоўваць усю сацыяльна-эканамічную і палітычную сыстэму краіны. Але на гэта Лукашэнка не гатовы, у выніку чаго мы бачым нейкія ваганьні, спробы і МВФ дагадзіць, і мясцовы электарат ня надта раздражняць. Але, як вядома, нельга быць напалову цяжарнай. Палавіністыя крокі сытуацыю не ўратуюць. Патрабуюцца больш рашучыя захады. І чым хутчэй улады гэта ўсьвядомяць, тым лепей».

Мяркуючы па беларускай гісторыі апошніх 23 год, адзінае, да чаго Лукашэнка безумоўна гатовы — гэта ўтрымліваць асабістую ўладу любым коштам і неабмежавана па часе. Прычым незалежна ад таго, якіх вынікаў ён дасягнуў за гэтыя 23 гады і як рэальна ацэньваюць плён ягонай палітыкі 9 мільёнаў суайчыньнікаў.
***

Сёньняшняя перадача «Паштовая скрынка 111» — апошняя ў эфіры Беларускай Свабоды. Сучасныя электронныя сродкі камунікацыі амаль канчаткова выціснулі старую традыцыйную пошту. Я, Валянцін Жданко, шчыра ўдзячны ўсім тым тысячам і тысячам слухачоў, з кім на працягу больш як сямнаццаці апошніх гадоў мы ліставаліся, дыскутавалі, вялі шчырую адкрытую размову ў эфіры Радыё Свабода. Бывайце здаровыя і заставайцеся са Свабодай у яе новым абліччы — на сайце і ў сацыяльных сетках.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by