У Беларусь пад Дзень Волі прыбываюць расейскія дэсантнікі. Алесін: яны не для разгонаў ці акупацыі

«Зялёныя чалавечыкі» ў Крыме, ілюстрацыйнае фота

Вайскоўцы Іванаўскага злучэньня паветрана-дэсантных войскаў Расеі возьмуць удзел у беларуска-расейскіх тактычных вучэньнях «на адным з вайсковых палігонаў Беларусі» з 28 сакавіка па 6 красавіка. Прынамсі ад учорашняга дня адно з падразьдзяленьняў перакідваецца ў раён вучэньняў.

Прыбыцьцё расейскіх дэсантнікаў супала з масавымі затрыманьнямі і адбываецца напярэдадні Дня Волі. Але расейскі бок кажа, што вучэньні плянавыя.

Ці так гэта і ці зьвязанае прыбыцьцё расейскіх дэсантнікаў з Днём Волі, Свабода пытае вайсковага экспэрта і аглядальніка Аляксандра Алесіна.

Аляксандар Алесін

«Гэта насамрэч плянавыя ўзаемадзеяньні. Ледзь не штомесяц яны адбываюцца з расейцамі. Іх „прыдумаў“ былы камандзер расейскіх ПДВ генэрал Шаманаў. Мне здаецца, што кожны год вучэньні ідуць па нарастальнай: летась было 28, сёлета 30-32, цягам гадоў 5-7 ідзе шэраг такіх вучэньняў. І Шаманаў быў высокіх думак пра нашы сілы спэцыяльных апэрацыяў, якасьць нашага пэрсаналу яму падабалася. Таму ён разглядаў, і яго пераемнік мо таксама разглядае беларускіх дэсантнікаў як сур’ёзны рэсурс у якасьці дапамогі расейскім паветрана-дэсантным войскам.

Звычайная колькасьць для такіх вучэньняў — гэта рота... ну, батальён рэдка калі быў. Да нас, дарэчы, і кітайскія дэсантнікі са зброяй прыяжджалі на вучэньні, дзеля чаго нават заканадаўства зьмянілі.

Уся справа ў тым, што, каб захапіць такую краіну, як Беларусь, патрэбныя хіба ня ўсе паветрана-дэсантныя дывізіі Расейскай Фэдэрацыі. Не брыгады, ня роты, не батальёны, а дывізіі. І тое гэта толькі для імгненнага захопу, а ўтрымаць будзе немагчыма. Каб акупаваць такую краіну, як Беларусь, трэба будзе 300-400 тысяч вайскоўцаў, з траціну ўсіх войскаў Расеі.

І нас можна акупаваць, толькі калі мы на тое пагодзімся, з пагалоўнай згоды ўсіх грамадзянаў і кіраўніцтва краіны. Я такой гатоўнасьці ня бачу ні ў грамадзянаў, ні ў кіраўніцтва. Гэты варыянт Расеі пакуль проста не патрэбен, яна мае шмат непрыемнасьцяў ва Ўкраіне».

Гэтыя дэсантнікі — не спэцыялісты ў разгонах дэманстрацыяў, у адрозьненьне ад той да Расгвардыі, кажа Алесін. А ўнутраныя войскі Беларусі, што падпарадкоўваюцца МУС, колькасьцю і ўзбраеньнем мала саступаюць узброеным сілам, да таго ж праходзяць спэцыяльную падрыхтоўку, «каб разганяць людзей, а не забіваць іх», і псыхалягічную падрыхтоўку, «каб суайчыньніка малаціць дубінкай, выкручваць яму рукі, зносіць вадамётам». Унутраных войскаў у Беларусі дастаткова, лічыць экспэрт:

«Для гэтага ня толькі расейскія дэсантнікі не патрэбныя, але нават беларускія дэсантнікі і вайскоўцы. Для гэтага дастаткова сілаў унутраных войскаў і спэцназу МУС, якія спэцыяльна засвойваюць навыкі і маюць спэцыяльную тэхніку».