БНФ апублікавала заяву сойму партыі пра рашучы пратэст у сувязі з масавымі затрыманьнямі супрацоўнікамі КДБ 21-22 сакавіка 2017 году грамадзянаў Беларусі, зьвязаных з працай бабруйскага вайскова-спартовага клюбу «Патрыёт».
Партыя БНФ патрабуе неадкладнага вызваленьня ўсіх затрыманых у справе і «правядзеньня тэрміновага публічнага расьсьледаваньня ў дачыненьні да асобаў, якія прычыніліся да гэтай ганебнай антыбеларускай акцыі».
Клюб, адзначае партыя, зарэгістраваны пры Цэнтры творчасьці дзяцей і моладзі, а «Белы легіён» спыніў актыўную дзейнасьць больш за 10 гадоў таму.
«Мы расцэньваем гэтыя затрыманьні як інсьпіраваную прарасейскімі сіламі ў кіраўніцтве краіны акцыю па нэўтралізацыі сапраўдных патрыётаў Беларусі, найбольш адданых абаронцаў незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці нашай дзяржавы, — заяўляе БНФ. — Падкрэсьленая антыбеларускасьць гэтай акцыі асабліва яскрава выглядае на фоне ляяльнага стаўленьня цяперашніх уладаў да дзейнасьці прарасейскіх парамілітарных груповак кшталту „Беларускага казацтва“, „Казацкага спасу“ і т.п., якія па ўсёй Беларусі бесьперашкодна праводзяць вайсковую і ідэалягічную падрыхтоўку „салдатаў „русского мира““, у тым ліку зь непаўналетніх грамадзянаў нашай краіны».