«На трэці дзень затрыманьня новага толькі тое, што дакладна вядома, дзе Міраслава трымаюць — у „амэрыканцы“, гэта СІЗА КДБ,— заявіла Сьвятлана Свабодзе. — Але адвакату, зь якім заключаная дамова на абарону Яраслава, учора так і не ўдалося зь ім пабачыцца. Адвакат прыехаў у КДБ, яго туды прапусьцілі, але сустрэча не адбылася. Кажа, што проста ігнаруюць. Людзі, якія ведаюць сытуацыю, параўноўваюць яе з падзеямі пасьля 19 сьнежня 2010 году, калі гэтак жа нахапалі актывістаў, зьбілі, зьмясьцілі ў КДБ і потым шмат дзён пра іх нічога не было вядома. Я нават ня ведаю, паводле якога артыкулу падазраюць Міраслава. Сваякі некаторых затрыманых кажуць, што ім падчас вобшуку называлі артыкул аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, але мне і гэтага не казалі».
Арышты пасьля заявы Лукашэнкі пра «лягеры баевікоў»: да 11 затрыманых. Абнаўляецца
Сёньня адвакат, які абараняе Міраслава Лазоўскага, будзе зноў спрабаваць зь ім сустрэцца. Сьвятлана мяркуе, што праваахоўнікі яшчэ і самі ня ведаюць, што можна будзе выставіць затрыманым, у тым ліку Міраславу Лазоўскаму.
«Калі прыгадваю ператрус у нас у кватэры, дык скажу, што ён быў дастаткова фармальным. Уражаньне, што дакладна ведалі, што ніякай зброі ня знойдуць. На кухні дык увогуле нічога не шукалі, паглядзелі і пайшлі. Затое вельмі ўзрадаваліся, калі знайшлі некалькі шаўронаў „Белага легіёну“. Радаваліся, як дзеці!», — распавяла Сьвятлана.
Паводле зьвестак ад аднаго з адвакатаў, за цэлы дзень 22 сакавіка толькі аднаму з затрыманых ў «справе арганізацыі масавых беспарадкаў» удалося пабачыцца і паразмаўляць з абаронцам, але гэта быў дзяжурны адвакат.
«Перадаў сваякам толькі тое, якія яму патрэбныя рэчы. Больш зьвестак ніякіх», — сказала крыніца пра вынік гэтай сустрэчы.
Марыя Абрамава, жонка затрыманага Аляксея Абрамава, падзяліся сваімі клопатамі:
«Учора наш адвакат прыехаў у КДБ, аформіў пропуск, як мае быць, яго прапусьцілі, сказалі, каб чакаў, пазвоняць, але так ніхто і не патэлефанаваў. Так і іншыя. Сёньня, сказаў адвакат, ня пойдзе, бо няма сэнсу. А заўтра паспрабую перадаць мужу перадачу. Чаму не сёньня? Бо чацьвер — непрыёмны дзень. Перадам рэчы, зьмену бялізны, дазволеныя прадукты. На гэтым пакуль усе навіны. Цяпер трэба думаць, куды дзіця падзець: пачынаюцца канікулы, а тут трэба бегаць па турмах. Відаць, аддам на некалькі дзён бабулі», — сказала Марыя Абрамава, жонка затрыманага мэнэджара па продажах зь Менску Аляксея Абрамава, які, паводле яе слоў, у канцы 90-х сябраваў з актывістамі «Белага легіёну», а потым ад арганізацыі аддаліўся.
Іншая крыніца на ўмовах ананімнасьці пракамэнтавала відэаздымкі, зьнятыя АНТ падчас вобшуку і затрыманьня былога спэцназаўца Віктара Данілава:
«Гранаты, якія там ляжаць на століку, — гэта вучэбныя муляжы. Гэта добра відаць, бо няма запалаў, а адна граната нават пафарбаваная ў белы колер. Што да зброі, дык у Данілава яна была зарэгістраваная. Праваахоўнікі гэта добра ведалі, таму да Данілава аднаго з усіх пайшлі разам з групай з тэлебачаньня, каб стварыць карцінку», — мяркуе крыніца.