Гомельскіх блогераў Мікалая Пяшко і Арцёма Шарапава выклікаюць 23 сакавіка ў Чыгуначны райаддзел міліцыі.
«Патэлефанаваў з Чыгуначнага райаддзелу міліцыі супрацоўнік, які назваўся Віктарам Сьцепаненкам, і запатрабаваў, каб я прыйшоў 23 сакавіка ў аддзел — за тое, што заклікаў гамельчукоў сабрацца 25 сакавіка на плошчы Паўстаньня. Інфармацыю я разьмяшчаў у „Аднаклясьніках“ і Фэйсбуку. Паводле міліцыянта, дазволу на мітынг няма, таму маё паведамленьне расцэньваецца як заклік прыходзіць на несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Выглядае, будуць складаць пратакол на падставе артыкула 23.34 КаАП», — кажа Мікалай.
СМС-паведамленьнем і тэлефонным званком выкліканы ў той жа Чыгуначны РАУС і моладзевы актывіст, блогер Арцём Шарапаў.
«Я таксама пісаў у сваім Фэйсбуку пра сход у Гомелі на Дзень Волі. Відаць, гэта й паслужыла падставай для выкліку», — мяркуе Арцём.
Стала вядома і пра выклік у Цэнтральны РАУС інваліда Андрэя Макарава, які таксама расказваў у сацыяльнай сетцы пра сьвяткаваньне Дня Волі ў Гомелі. Макараў мае наведаць міліцыю сёньня.
Гомельскі грамадзкі камітэт за адмену дэкрэту № 3 прапанаваў абласному і гарадзкому выканаўчым камітэтам правесьці сумесную масавую акцыю 25 сакавіка, у Дзень Волі, пад двума галоўнымі лёзунгамі: «Так» — эканамічным рэформам, «Не» — замаху на незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі«.
У заяве-звароце з гэтай нагоды адзначаецца, што праз адсутнасьць эканамічных рэформаў, дыялёгу, праз валюнтарысцкія мэтады прыняцьця важных для краіны рашэньняў у грамадзтве расьце сацыяльная і палітычная напружанасьць. Апрача таго, грамадзкі камітэт выказаў занепакоенасьць пашырэньнем пагрозы сувэрэнітэту Беларусі, бо ўсё мацней гучаць галасы адэптаў так званага «русского мира» пра мажлівасьць далучэньня рэспублікі да ўсходняй суседкі.
Ня меншая пагроза незалежнасьці Беларусі, сказана ў звароце, — зьбядненьне людзей з прычыны нерашучасьці ўладаў у правядзеньні эканамічных рэформаў. Таму й прапанавана Гомельскаму аблвыканкаму і гарвыканкаму правесьці сумесную масавую акцыю 25 сакавіка, у дзень, калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка.
Падпісалі заяву-зварот гомельскія палітыкі Ўладзімер Кацора і Васіль Палякоў. Уладзімер Кацора адбывае 12-суткавы адміністрацыйны арышт за арганізацыю лютаўскага «Маршу недармаедаў». Васіль Палякоў цяпер па-за межамі Беларусі.