Памілаванаму карупцыянэру Дуплеўскаму далі працу «ў адпаведнасьці з кадравым рэестрам магілёўскага гарвыканкаму»

Магілёўскі настаўнік Міхась Булавацкі пратэстуе супраць прызначэньня на пасаду дырэктара мясцовай гімназіі № 4 былога кіраўніка ўпраўленьня адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму Яўгена Дуплеўскага, абвінавачанага ў карупцыі і памілаванага кіраўніком дзяржавы.

Ліст з тлумачэньнем сваёй пазыцыі Булавацкі зьмясьціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, а таксама даслаў у адміністрацыю Лукашэнкі і кіраўнікам аддзелаў адукацыі Магілёва.

«Няўжо прафэсійная прастора беларускай адукацыі настолькі зьбяднела, што на пасаду дырэктара навучальнай установы даводзіцца прызначаць чалавека з бруднай маральнасьцю?» — піша ў звароце Міхась Булавацкі.

На ягоную думку, ляяльнасьць кіраўніка дзяржавы да злачынцаў, якім даруюцца «правіннасьці», выклікае ў народзе непаразуменьне.

«Гэта кідае чорны цень на ўсё кіраўніцтва ў краіне і, у прыватнасьці, на Прэзыдэнта. Бо на каго будуць раўняцца школьнікі ў сваім чалавечым разьвіцьці?» — напісаў Булавацкі.

Міхась Булавацкі

Пра тое, што супраць Дуплеўскага распачатая крымінальная справа, стала вядома ў лютым 2014 году. Яму інкрымінаваўся крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.

Сьледзтва выявіла, што службовец на працягу чатырох навучальных гадоў, у 2010–2013 гадах, афармляўся ў школу на працу па сумяшчальніцтве настаўнікам факультатыўных заняткаў на ўмовах тэрміновай працоўнай дамовы, пры гэтым фактычна такіх заняткаў з навучэнцамі не праводзіў. За гэты час яму налічылі заробкаў на 22 мільёны (недэнамінаваных) рублёў.

Сваю віну Дуплеўскі прызнаў і зьвярнуўся да Лукашэнкі з прашэньнем аб памілаваньні. Пасьля кампэнсацыі стратаў дзяржаве абвінавачаны ў 2015 годзе быў вызвалены. Праз год яго паспрабавалі прызначыць дырэктарам трэцяй магілёўскай гімназіі, аднак бацькі выступілі супраць. Пры канцы 2016-га памілаванага чыноўніка прызначылі дырэктарам чацьвёртай гімназіі. 3 студзеня яго прадставілі калектыву.

«Тое, што Прэзыдэнт дараваў яму махінацыі, — на тое воля Прэзыдэнта, — напісаў у сваім звароце Міхась Булавацкі. — Але далей такога чалавека ня варта дапускаць да працы зь дзецьмі. Ёсьць процьма магчымасьцяў працаўладкаваць яго ў якой-небудзь іншай сфэры. Але ж, як ні дзіўна, ён вярнуўся на настаўніцкую працу, каб зноў пачаць караскацца па карʼернай лесьвіцы ў сыстэме адукацыі».

Першым адрэагаваў на ліст Магілёўскі гарвыканкам. Булавацкаму адпісала намесьніца старшыні Ала Галушка:

«Дуплеўскі прызначаны на пасаду дырэктара ў адпаведнасьці з кадравым рэестрам Магілёўскага гарвыканкаму», — працытаваў ліст чыноўніцы Булавацкі і дадаў:

«Хачу задаць спадарыні Галушцы два пытаньні. Ці шмат у тым кадравым рэестры фінансавых махінатараў? І чаму выбраны менавіта Дуплеўскі?»

Пагутарыць зь Яўгенам Дуплеўскім не ўдалося. Тэлефанаваньні на ягоны службовы нумар засталіся без адказу. На сайце навучальнай установы пазначана, што яе кіраўнік сапраўды Дуплеўскі Яўген Іванавіч, бакаляўр пэдагагічных навук, настаўнік ангельскай мовы вышэйшай катэгорыі, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Міхась Булавацкі не спадзяецца, што ягоны ліст стане падставай для таго, каб Дуплеўскага пазбавілі пасады, аднак кажа: «Пачакаем».

«Для мяне важна, каб гэты чалавек не пайшоў вышэй за пасаду, якую цяпер займае. Але я так разумею, што яго могуць вярнуць і на пасаду кіраўніка гарадзкой адукацыі. Зразумела, што не цяпер», — кажа Міхась Булавацкі.